Як беларускі і ўкраінкі мяняюць рынак б'юці-паслуг у Польшчы

З пачаткам вайны і фарсіраваннем рэпрэсій у Польшчу пераехалі шмат украінак і беларусак, якія займаюцца манікюрам, робяць стрыжкі ці аказваюць касметычныя паслугі. Як гэта адбілася на коштах на б'юці-паслугі? Што адбываецца з гэтай сферай цяпер? MOST сабраў меркаванні майстрынь і кліентак.

Фота Adobe Stock

Фота Adobe Stock

Апошняя хваля эміграцыі змяніла польскі рынак прыгажосці. За некалькі гадоў у Польшчы з'явілася шмат новых цырульнікаў, манікюрыстак, касметолагаў з Беларусі і Украіны. Яны прывезлі ў Польшчу новыя тэхнікі і стандарты. Канкурэнцыя ў гэтай сферы вырасла, але насуперак чаканням, лішак кадраў не толькі не знізіў, але і павялічыў цэны на б'юці-паслугі.

За пяць гадоў цэны выраслі ў два-тры разы

З пачаткам вайны ва Украіне польскія салоны чакалі наплыву ўкраінскіх б'юці-спецыялістаў, вядомых сваім майстэрствам і невысокімі зарплатнымі патрабаваннямі. Але гэтыя чаканні апраўдаліся не ў поўнай меры. Калі да 2022 года ўкраінцы, якія прыязджалі ў Польшчу на заробкі, аддавалі перавагу жыць сціпла і заробленыя сродкі перасылаць на радзіму, то цяпер шматлікім уцекачам вяртацца няма куды. У такім жа становішчы знаходзіцца і частка беларускіх эмігрантаў. Такія работнікі звязваюць будучыню з Польшчай і разлічваюць на заробак, які забяспечыць ім прымальны ўзровень жыцця ў гэтай краіне. Іх кваліфікацыя звычайна гэта дазваляе.

— Ва ўкраінскіх і беларускіх майстроў часцяком кошты на парадак вышэйшыя, але і ўзровень абслугоўвання таксама высокі. Яны трымаюць марку якаснага сэрвісу. Калі майстар годны, ён бярэ за паслугі высокі кошт, — тлумачыць беларуска Алена, уладальніца салона прыгажосці ў Варшаве.

Акрамя таго, у апошнія гады ў Польшчы павышаўся мінімальны заробак, даражэлі камунальныя паслугі і арэнда, а таксама касметыка, расходныя матэрыялы і абсталяванне. Усё гэта прымушала салоны прыгажосці павышаць прайсы.

Глядзіце таксама

Калі ў 2019 годзе гібрыдны манікюр каштаваў ад 30 злотых у маленькіх гарадах да 100 злотых у Варшаве, то цяпер за гэтую паслугу ў невялікім горадзе давядзецца аддаць 70-100 злотых, а ў буйных гарадах — 120-180 злотых. За складанае афарбоўванне валасоў у дакавідныя часы полькі аддавалі ад 100 да 300 злотых. Цяпер за такога кшталту тэхнікі можна заплаціць ад 250 да 1000 злотых.

Праблема дэмпінгу з боку эмігрантаў усё ж існуе. На радзіме ў іх засталася напрацаваная база кліентаў, а ў новай краіне яе даводзіцца фармаваць з нуля. Майстар манікюру Юлія адзначае, што многія прыезджыя майстры, асабліва беларускія, працуюць сабе ў страту. Але такая тактыка рэдка прыносіць добрыя вынікі.

— Яны лічаць, нібыта тут усім абавязаныя. Я спрабавала распавесці такім майстрам, што калі яны не будуць зарабляць, то хутка выгараць. Заніжэнне коштаў — гэта няправільна ў адносінах і да самой сябе, і да канкурэнтаў. Калі ты хочаш развіваць свой сэрвіс, трэба зарабляць, бо майстар манікюру павінен купляць новыя матэрыялы, праходзіць курсы раз у паўгода. А каштуюць яны нямала. Дзяўчыны не разумеюць, што калі выставіць занадта нізкія цэны, да іх прыйдуць кліенты, якім будзе дорага ўсё, што не бясплатна. Такія кліенты заўсёды ўсім незадаволеныя.

Полькі — спакайней, беларускі — ярчэй

Новая хваля міграцыі — гэта яшчэ і ўзаемапранікненне стыляў і трэндаў. Тое, што папулярна ў Беларусі і Украіне, прыцягвае і полек.

Напрыклад, па словах Юліі, польскія кліенткі аддаюць перавагу нейтральнаму, спакойнаму, непрыкметнаму манікюру. Любяць нюд, часцей ружовы або бежавы. Украінкі і беларускі аддаюць перавагу стразам, малюнкам, бліскаўкам, налепкам. Яны часцей ідуць на эксперыменты і спрабуюць новае.

— Беларускія і ўкраінскія майстры прызвычайваюць палякаў да таго, што праз пазногці можна выдзяляцца: рабіць дызайны, новыя тэхнікі, — кажа Юлія.

Па словах касметолага-эстэтыста Ксеніі, якая працуе ў Польшчы каля паўгода, тут больш папулярная ін'екцыйная касметалогія, чым безын'екцыйная, якой яна займаецца.

— Знайсці кліентаў на безын'екцыйную працэдуру ў Беларусі было лягчэй, чым тут. Але ў інтэрнэце шмат польскіх блогераў, якія транслююць і прасоўваюць тэму безын'екцыйнай касметалогіі. Гэтыя тэндэнцыі мяне радуюць.

У зносінах польскія кліенткі таксама адрозніваюцца ад беларусак і ўкраінак.

— Яны больш разважныя, нікуды не спяшаюцца. Нават калі нешта пайшло не так, ад іх можна пачуць: «Spoko, no spoko». Ад украінак я не аднойчы чула, што я толькі абслугоўваючы персанал, i гэта было вельмі крыўдна. Зразумела, што ў хамства няма нацыянальнасці, але часцей я такое чула менавіта ад украінскіх жанчын.

Ксенія таксама адзначае розніцу паміж польскімі кліенткамі і дзяўчатамі-эмігранткамі.

— Я заўважыла, што полькі больш жыццярадасныя і больш прымаюць сябе такімі, якія яны ёсць, у адрозненне ад беларускіх і ўкраінскіх жанчын. Гэтаму трэба ў іх павучыцца. Полькі часта прыходзяць да касметолага на прыём не за прыгажосцю, а дзеля задавальнення. Гэта адначасова і плюс, і мінус, паколькі, калі казаць аб доглядзе за скурай, то тут важны рэгулярны, сістэмны падыход.

Паводле Алены, беларускія і ўкраінскія жанчыны распешчаныя добрым абслугоўваннем і патрабуюць высокага ўзроўню сэрвісу. Польскія кліенткі ў гэтых адносінах паводзяць сябе прасцей.

Глядзіце таксама

Узровень рынку вырас

Усе суразмоўніцы most упэўненыя, што з прыездам беларускіх і ўкраінскіх спецыялістаў у Польшчы значна вырас узровень б'юці-сферы. Польскія майстры, адчуўшы канкурэнцыю, пачалі падцягвацца да прыезджых спецыялістаў.

Юлія кажа, што беларускія і ўкраінскія майстры прывезлі ў Польшчу новыя тэхналогіі і спосабы манікюру.

— Яны адрозніваюцца ад [папулярнай тут] азіяцкай тэхналогіі, дзе дагэтуль працуюць акрылам, які знішчае пазногцевую пласціну. Полькі крыўдзіліся, што мы перабілі ім рынак працы. Нашы пазногці трывалі тры-чатыры тыдні, а то і больш, у адрозненне ад прац польскіх майстроў, якія трывалі тыдзень. Полькі раней не ўмелі так абрабляць куцікулу, тут таксама ўсё змянілася.

Да таго ж беларускі і ўкраінкі гоняцца за матэрыяламі больш высокай якасці.

Глядзіце таксама

Беларусам таксама даводзіцца шмат чаму вучыцца. Ксенія кажа, што валодае шырокім пералікам тэхнік, але ў Польшчы ёсць попыт на працэдуры, якіх раней у яе арсенале не было.

— Тут я навучылася масажу Кабіда, які вельмі папулярны ў Польшчы. Цяпер гэта ў мяне самы запатрабаваны масаж. Я працую над тым, каб укараняць класныя і эфектыўныя працэдуры, якіх няма ў канкурэнтаў і якія тут пакуль непапулярныя. Гэта складаней, чым прапаноўваць запатрабаваныя паслугі, але я веру, што ўсё вырашальна.

З прыездам вялікай колькасці беларускіх і ўкраінскіх спецыялістаў канкурэнцыя вырасла, сталі важныя не толькі б'юці-паслугі, але і добрае абслугоўванне. Суразмоўніцы кажуць, што проста прапанаваць кліентам каву і гарбату ўжо недастаткова — патрэбныя дадатковыя «плюшкі». Юлія, напрыклад, пасля працэдуры робіць кліентам масаж рук з крэмам і воскам для куцікулы.

Беларускі партызан: беларускі прывыклі, што санстанцыя дручыць

Беларускія прадстаўнікі сферы б'юці-паслуг салідарныя ў меркаванні, што эмігранты прывезлі з сабой больш высокі ўзровень санітарнага кантролю і стэрыльнасці ў працы.

— Яшчэ нядаўна пры ўваходзе ў азіяцкі салон можна было пабачыць шматразовыя ручнікі, а нажніцы і фрэзы ўвогуле не стэрылізаваліся, — кажа Юлія.

Алена таксама адзначае, што беларускі прывыклі да больш высокіх санітарных стандартаў.

— У Беларусі майстроў і ўладальнікаў салонаў санстанцыя дручыць так, што ноччу падымі і спытай пра адсоткавыя суадносіны дэзраствора, час і спосабы дэзінфекцыі інструментаў — устанеш і распавядзеш! Кантроль і штрафы ў Беларусі былі вялізнымі. Тут такога няма.

Што кажуць кліенткі

Беларускія і ўкраінскія дзяўчаты, асабліва тыя, хто прыехаў нядаўна, аддаюць перавагу звяртацца да «сваіх» майстроў. Справа не толькі ў разліку на высокую якасць паслуг. Вялікую ролю адыгрывае адсутнасць моўнага бар'ера і салідарнасць — прыемна падтрымаць фінансава сваіх суайчыннікаў.

Таццяна прыехала ў Польшчу з Мінска. Досвед праходжання б'юці-працэдур у эміграцыі ў дзяўчыны пакуль невялікі, стрыгчы валасы яна хадзіла да польскіх майстроў, на манікюр — да беларускіх.

— На стрыжку я хадзіла ў салон у цэнтры Варшавы. Аддала кучу грошай, але засталася задаволеная. У Беларусі я стрыглася ў VIP-майстра, але тут, у Варшаве, узровень быў нават вышэйшы. Майстар робіць стрыжку не як у каталогу, а падыходзіць як мастак. У іншы раз я наведала польскі салон у звычайным спальніку, там ужо ўзровень абслугоўвання быў прыкладна як у Мінску.

Юлія прыехала ў Польшчу з памежнай вобласці Украіны. За б'юці-працэдурамі дзяўчына па магчымасці ездзіць на радзіму. Але калі не атрымліваецца, звяртаецца да майстроў па рэкамендацыі знаёмых. Юлія лічыць, што на такіх паслугах лепш не эканоміць, таму на кошт арыентуецца ў апошнюю чаргу. Для яе важней вопыт і кваліфікацыя спецыяліста.

— На маю думку, Польшча трохі адстае ў развіцці ад украінскай б'юці-індустрыі. Але ўсё ж якасць абслугоўвання можа быць аднолькава высокай і ў польскіх, і ў беларускіх або ўкраінскіх спецыялістаў, калі яны прафесіяналы сваёй справы.

Беларуска Алена жыве ў Варшаве тры гады. На манікюр, афарбоўку валасоў, электраэпіляцыю і іншыя касметычныя працэдуры яна ходзіць да беларускіх і ўкраінскіх майстроў. Дзяўчына наведвала польскага касметолага, але падыход ёй не спадабаўся — спецыяліст навязвала шмат дадатковых дарагіх паслуг.

Глядзіце таксама

— Я сябе адчувала дурніцай, якую спрабавалі апрацаваць, — кажа яна.

На думку Алены, паслугі беларускіх і ўкраінскіх б'юці-майстроў таннейшыя, чым польскіх.

— Сярод палякаў, напэўна, шмат выдатных спецыялістаў, але іх прайс будзе вышэйшы, чым у нашых. У цэнавай катэгорыі, якая мне даступная, паслугі нашых спецыялістаў якасней, чым паслугі польскіх майстроў.

Раз на тры месяцы Алена стрыжэ кончыкі, мяліруе карані і робіць таніроўку ў беларускага майстра, аддаючы за ўсе 400 злотых, і якасць яе цалкам задавальняе. Па словах дзяўчыны, у сталічным польскім салоне такая паслуга абышлася б у 2-3 разы даражэй.

Нядаўна знаёмы сказаў Алене, што яна не інтэгруецца ў польскае грамадства, выбіраючы выключна «сваіх» майстроў.

— Збольшага гэта так, але я наўмысна падтрымліваю беларускі бізнес тут. Хочацца дапамагаць сваім. Пры роўных даных паміж беларускім, украінскім і польскім майстрам я абяру беларуса.