«У Купалаўскім я адчувала атмасферу вялікай фабрыкі, дзе акторы — найменшыя вінцікі ў сістэме»

Паліна Дабравольская — акторка і тэатральная рэжысёрка, якая яшчэ і спявае пад псеўданімам CHORNABROVA. Паліна з тых творцаў, якія заўсёды даследавалі розныя спосабы ўзаемадзеяння ў творчасці. У 2020 годзе яна разам са сваёй сям'ёй эмігравала ў Польшчу. «Новы Час» паразмаўляў з Палінай пра краўдфандынг на новы альбом, сінергію розных відаў мастацтва і праблемы беларускага тэатру.

Паліна Дабравольская. Фота з асабістага архіва гераіні

Паліна Дабравольская. Фота з асабістага архіва гераіні

— У цябе столькі шмат іпастасяў, як ты ідэнтыфікуеш сябе, як бы ты прадставіла сябе ў незнаёмай кампаніі?

— Я звычайна кажу: Паліна Дабравольская, рэжысёрка і артыстка. Часам дадаю, што спяваю як CHORNABROVA. Я не люблю сябе прадстаўляць камусьці, я заўжды крынжую з гэтага, часам не бачу ў гэтым сэнсу, бо думаю, што людзі забудуцца ўсё роўна. Мне падаецца, што іншыя людзі прадстаўляюць мяне лепей, чым я сама сябе. 

— У мяне ўзнікае дысананс: ты як акторка і спявачка — публічная асоба, і ты як чалавек, які губляецца пры прадстаўленні сябе?..

— Мая прафесія — працаваць на сцэне, я раблю гэта добра. Але гэта не значыць, што мая асабістасць такая ж самая. Калі б можна было, я б увогуле не размаўляла ні з кім. Але самапрэзентацыя вельмі важная, мяне не вучылі, як яе рабіць, і ў мяне ўсё яшчэ ёсць моцны бар’ер, які мне даводзіцца пераадольваць кожны раз у розных сітуацыях. Увогуле, было б добра, каб усе, як на трэнінгах, хадзілі з налепкамі, дзе напісана іх імя, было б нашмат прасцей.

— Як ты вырашылася на тое, каб запісаць свой першы трэк, першы альбом?

— Я заўжды пісала вершы, але думала, што я не вельмі таленавітая ў тым, каб пісаць музыку. Я скончыла музычную школу ў дзяцінстве. У мяне былі сумневы, ці дастаткова добра я спяваю, а раней музычны свет мне падаваўся вельмі далёкім, да якога мне — як да Марса. Ці нават да Плутона. Хаця і дагэтуль праскокваюць думкі, што ёсць жа людзі, якія спяваюць лепш за мяне, навошта я ўсё гэта раблю. Але раблю, бо для мяне само выказванне з’яўляецца вельмі важным. Я не магу маўчаць, мне хочацца выражаць свае думкі праз музыку. І праз тэатр таксама.

— Ці паўплываў на цябе хтосьці з музыкаў, магчыма, тыя, каго ты слухала ў дзяцінстве. Ці хтосьці з сучасных? 

— Я слухаю вельмі розную музыку, мне шмат што падабаецца. Я ў дзяцінстве слухала Queen, The Beatles, Radiohead, Muse. Я вельмі люблю Muse, у мяне былі папкі з нотамі з усіх іх песень, якія я толькі магла знайсці. Я вучылася іх граць на гітары, басу і на фартэпіяна. А пра маю ўласную музыку цяжка сказаць, што гэта за жанр, там шмат усяго…

— І тэатру там шмат.

— Так, таму што я — гэта шмат усяго. Мне падаецца, яна можа быць падобнай на розныя рэчы, але адначасова і не быць падобнай ні на што. 

Крыніца: CHORNABROVA [ youtube ]

— Беларускія падзеі 2020 года падштурхоўвалі цябе ствараць альбо, наадварот, ты замерла ў моманце і ствараць было цяжка?

— Ведаеш, яшчэ да затрымання Бабарыкі мы разам з іншымі культурнымі дзеячамі і дзяячкамі пачалі ствараць ініцыятыву «Культпратэст», мы рабілі відэазвароты, пісалі песні, рабілі перфомансы. І мы рабілі гэта з іншымі творцамі, нон-стоп і да, і пасля выбараў. І напачатку восені я была зусім спустошаная, я не магла нічога рабіць, я не разумела, як увогуле ў кагосьці ёсць сілы, каб нешта ствараць і працаваць. Я памятаю, што мы ўвосень сабраліся і змаглі паказаць спектакль «Пакой памірае» на фестывалі TEART. Дарэчы, вельмі хачу яго тут паказаць, бо бачу, што нашае жыццё ідзе быццам па тым сцэнары. Калі яно так і будзе, то трымайцеся, мы амаль дайшлі да перадапошняй сцэны гэтага спектакля. Хаця п’есу Мікіта Ільінчык напісаў яшчэ ў 2019 годзе. 

Калі распавядаць пра музыку, то я ўвосень 2020 года была ў Вільні, усталявала сабе Ableton (камп’ютарная праграма для стварэння музыкі — заўв. рэд.) і пачала пісаць музыку да «Сарматыі» (альбом Паліны на аднайменную паэму Марыі Мартысевіч — заўв. рэд.).

— За мяжой вярнулася здольнасць ствараць?

— Так, за мяжой было спакайней, і тады я была ў адным праекце, падчас якога першы тыдзень жыла ў пакоі адна. Са сваім ноўтбукам. А яшчэ быў прадуктыўны перыяд на Новы год, я захварэла на кавід і ўпершыню ў жыцці не прымала ўдзел у бясконцых навагодніх спектаклях, гэта быў суперскі час! Я два тыдні сядзела і пісала музыку.

Глядзіце таксама

— Што яшчэ падштурхоўвала цябе да стварэння музыкі?

— Калісьці я пабачыла конкурс «Заспявай», дзе трэба было зрабіць песню на верш сучаснага паэта альбо паэткі. Я пачытала вершы Марыі Мартысевіч, знайшла «Фрынас». Верш вельмі складаны, я падумала, што акрамя мяне песню з ім ніхто не зробіць. У гэтым мая фішка — я вельмі люблю складаныя рэчы, мне цікава займацца імі, заблытваць і разблытваць. 

— Твой альбом «Сарматыя», калі ўвогуле можна акрэсліць ягоны жанр, гэта — «драма хіп-хоп». Альбом «COMA», на які вы разам з музыкамі вядзеце краўдфандынг, будзе падобным ці гэта будзе штосьці зусім іншае?

— Па-першае, гэта наш першы паўнавартасны рэліз на англійскай мове. Для мяне як беларускай выканаўцы, гэта вельмі важна, бо я хачу дзяліцца сваёй музыкай з яшчэ большай колькасцю людзей.

Па-другое, яго жанр. Першапачаткова мы пазіцыянавалі альбом як альтэрнатыўны хіп-хоп. Але маю музыку складана аднесці да аднаго жанру, вызначыць выразныя рамкі, таму я вырашыла развіваць новы кірунак — B-pop (бі-поп). Беларускі, бісексуальны, бескампрамісны (на англійскай badass) поп. Пры чым пад гэтае «В» кожны можа падставіць тое вызначэнне, што яму блізка. Гэта пра разнастайнасць, ідэнтычнасць і даніну павагі K-popy. Беларусам даўно час стварыць нешта аналагічнае.

Па-трэцяе, гэта не толькі музыка, а і аўдыяперфоманс. Драматургія трэкаў складаецца ад першага да апошняга, калі слухаць па парадку, можна назіраць як мяняецца Coma і свет вакол яе.

Сцэна са спектаклю "Сарматыя".  Фота з асабістага архіва Паліны Дабравольскай

Сцэна са спектаклю "Сарматыя".  Фота з асабістага архіва Паліны Дабравольскай

— Які сюжэт у альбома?

— Драматургія альбома складаецца з гісторый ад імя штучнага інтэлекту COMA, якая існуе за межамі традыцыйнай цялеснасці і досведу. Яна занураецца ў тэмы чалавека і чалавечнасці, палітыкі, капіталізму, міграцыі, Зямлі, экалогіі і сутнасці быцця. Таму кожны трэк — гэта гісторыя пра стаўленне гераіні COMA да нашага свету. Ствараючы гэты праект, мы хочам пераадолець межы і пабудаваць дыялог з людзьмі на больш глыбокім узроўні.

Крыніца: CHORNABROVA [ youtube ]

— Колькі грошай вы збіраеце? Калі і як можна падтрымаць альбом CHORNABROVA?

— Каб стварыць фізічную версію альбома «COMA», мы шукаем фінансаванне ў памеры 2000 еўра. Гэтыя грошы пакрыюць выдаткі на вытворчасць, мастэрынг, аплату працы каманды і стварэнне візуальных эфектаў для кліпаў. Збор сродкаў ідзе на платформе Indiegogo. Падтрымаць нас можна да 13 сакавіка: на сайце можна зрабіць папярэдні заказ ад 10 да 1000 еўра альбо данат на любую суму, гэта вельмі дапаможа нашай творчасці.

Кожны, хто зробіць папярэдні заказ ад 10 еўра, наўзамен атрымае падарункі і зможа паслухаць альбом раней афіцыйнага рэлізу. 

Фота з асабістага архіва Паліны Дабравольскай

Фота з асабістага архіва Паліны Дабравольскай

— Я ведаю, што разам з альбомам ты робіш аднайменны спектакль. Як ён звязаны з музыкай?

— Я люблю змешваць віды мастацтва: мы адразу разумелі, што працуем над спектаклем, які будзе стварацца з песень, і пасля будзе альбомам. Прэм’ера спектакля «COMA» была ў снежні, і я планую паказаць яго ў Варшаве 19-20 красавіка. Прэзентацыя альбома таксама будзе ў красавіку.

— Як ты ацэньваеш беларускі музычны рынак? Ці хапае табе артыстаў у розных нішах? Хто для цябе зараз у топе з беларусаў?

— Я вельмі даўняя прыхільніца «Петли пристрастия», раней любіла слухаць «ДетиДетей». Зараз я ўвогуле мала музыкі слухаю. У плэйлісце цяпер, напрыклад, Little Simz і Childish Gambino. Мне вельмі не хапае адкрытай, якаснай, моцнай музыкі сярод беларускай. Каб яна ўрывалася, пераварочвала ўсё ўнутры і сцішвалася. І ты такі — ваў! Мне падаецца, што я раблю такое, і мне хочацца, каб такой музыкі было болей. Я не люблю мілую музыку, настальгічную, ці калі песня ні аб чым. Маё ўспрыманне сусвету — вельмі яскравае, вострае, і таму я не люблю музыку, якая не бударажыць, не пераварочвае ўсё ўва мне. І гэта неабавязкова павінна быць трагічна ці драматычна, гэта можа быць штосьці светлае і натхняльнае.

CHORNABROVA&Band, альбом COMA. Фота з асабістага архіва Паліны Дабравольскай

CHORNABROVA&Band, альбом COMA. Фота з асабістага архіва Паліны Дабравольскай

— То-бок, песні «на фон» ты не ставіш, раз любіш такую музыку?

— Не, я не магу, я вельмі падключаюся да музыкі, я не магу штосьці яшчэ дадатковае рабіць.

— Давай гіпатэтычна ўявім, што праз пару год у Беларусі будзе дэмакратычная ўлада, усё зменіцца да лепшага і нашую краіну зноў дапусцяць да ўдзелу ў конкурсе «Еўрабачанне». Ці хацела б ты прыняць у ім удзел? Ці ад нейкай іншай краіны?

— Не хацела, я і зараз не ўдзельнічала б. Конкурс вельмі палітызаваны. Арганізатары выключылі Расію і Беларусь, а Ізраіль не выключылі. Для мяне гэта падвоеныя стандарты. Я лічу, што ўлады Ізраіля зараз праводзяць палітыку генацыду, і я не хачу ўдзельнічаць у конкурсе, дзе ёсць краіны-агрэсары. Я максімальна стараюся не ўдзельнічаць у фестывалях, не супрацоўнічаць з людзьмі, якія падтрымліваюць вайну ў любых праявах.

— Давай яшчэ пагаворым пра тваю тэатральную дзейнасць. Як ты вырашыла стаць акторкай?

— Я заўсёды думала, што я буду спартсменкай, я добра гуляла ў баскетбол, нават была ў юнацкай зборнай Беларусі. А потым у мяне пачаліся праблемы са спінай у тым узросце, калі трэба вырашаць, куды паступаць. І я не ведала, што рабіць. У мяне як у асобы з ADHD атрымліваецца ўсё — я магу ўзяцца за любую рэч і па выніку яна выйдзе плюс-мінус добра. У школе ў мяне былі высокія адзнакі, але мяне нічога не цікавіла з прадметаў. І ў гэтым была праблема. Я вельмі пакутвала з-за таго, што не магла гуляць у баскетбол і ўвогуле займацца прафесійна хоць якім спортам. І мама мяне аддала ў дзіцячы тэатр мюзікла. 

— А чаму менавіта ў тэатр, а не ў нейкі іншы гурток?

— У мяне быў любімы дыск з фільмамі — дванаццаць найлепшых мюзіклаў, якія я вельмі часта пераглядала. І вось я аказалася ў гэтым тэатры: мне было 14-15, а дзецям па 11 гадоў. І канешне, калі мы гралі «Ваўка і сямёра казлянят», мне даставалася роля мамы гэтых самых казлянят.

Калі ва ўсіх школьнікаў былі канікулы, у нас быў тыдзень да Дню тэатра: то-бок, гэта шмат заняткаў і майстар-класы кожны дзень зранку да вечара. Я была вельмі стомленая, але я памятаю той момант, калі быў перапынак і я сядзела ў пераапранальні і падумала: «Я такая стомленая, я хачу адчуваць гэта ўсё жыццё». Для мяне гэта было адкрыццём — факт, што я стамілася ад тэатру, і мне гэта падабаецца. І ўвогуле факт, што мне нарэшце нешта спадабалася.

Фота з асабістага архіва Паліны Дабравольскай

Фота з асабістага архіва Паліны Дабравольскай

— Ты далей паступіла ў Акадэмію мастацтваў, як табе вучылася? Ці параўновала ты, жывучы цяпер за мяжой, адукацыйную базу і падрыхтоўку замежных актораў?

— Так, мы часта абмярковаем гэта са знаёмымі. Беларуская адукацыя — кепская. Што я магу сказаць пра акторскую — яна моцна залежыць ад выкладчыкаў. Майму курсу пашчасціла, у мяне былі добрыя выкладчыкі і выкладчыцы, якія далі мне тую базу, якую я патрабавала. Я атрымала «школу». І я бачу, што яна адрозніваецца ад іншых — нават ад калег і каляжанак, якія вучыліся ў Акадэміі, але на іншых курсах, у іх былі іншыя педагогі. А цяпер многіх павыганялі з працы, амаль усе, хто засталіся, — лаяльныя да рэжыму людзі. 

— Ведаю, што ты і сама выкладала акторскае майстэрства для дзяцей на прыватных курсах. Ці падабалася гэта табе, ці знаходзіла ты ў гэтым натхненне?

— Спачатку знаходзіла, але пасля гэта ператваралася ў руціну, таму я сышла. Але зараз я думаю, што гатовая аднавіць свае заняткі, але не для таго, каб зарабіць, а для таго, каб падзяліцца ведамі і досведам. 

— Ты ўдзельнічала ў шматлікіх тэатральных праектах, на твой погляд, які з іх найбольш паўплываў на цябе? Альбо прасунуў тваю кар’еру?

— Я лічу, што кожны мой праект штосьці мне даў: добрае ці дрэннае, але ён так ці інакш паўплываў на мяне і на тое, як я раблю наступны праект. 

— Ты працавала ў Купалаўскім тэатры. Як ты адчувала сябе там, ці падабаўся табе тэатр?

— Гэта было вельмі даўно, калі я яшчэ вучылася, звычайна найлепшых студэнтаў бяруць на ролі з двума словамі ці ў масоўку. Я ўдзельнічала ў спектаклях «Чорная панна Нясвіжа» і «Дзве душы». Мне там падабалася, там была добрая атмасфера, але самі спектаклі мне не падабаліся, і я заўсёды пра гэта казала. У Купалаўскім былі толькі два спектаклі, якія былі мне даспадобы, іх ужо знялі з рэпертуару — «Офіс» і «Translations». Такі быў мой досвед працы ў дзяржаўным тэатры, я зразумела, як там усё пабудавана і наколькі ў прынцыпе на цябе напляваць — на актораў і акторак — хто там грае, што робіць… Я адчувала атмасферу вялікай фабрыкі, дзе акторы — найменшыя вінцікі ў тэатральнай сістэме.

Глядзіце таксама

— Ты таму абіраеш для працы монаспектаклі ці пастаноўкі з невялікай колькасцю ўдзельнікаў, каб пазбавіцца ад пачуцця «тэатральнай фабрыкі»?

— Насамрэч, не таму. Калі б у мяне былі грошы, то я б магла ставіць спектаклі на дваццаць чалавек, я б задавальненнем працавала з вялікай колькасцю людзей. Мне падаецца, гэта тэндэнцыя эміграцыйных спектакляў. У мяне ёсць спектаклі, напрыклад, «Пакой памірае», там было задзейнічана дзесяць чалавек. Я не так даўно паставіла спектакль «Я выйду з лесу…», там таксама дзесяць удзельнікаў у камандзе. Я не хачу не плаціць сваім акторам і акторкам. Калі разглядаць падачу спектакля на фестываль, то арганізатарам лягчэй запрасіць танныя спектаклі альбо монаспектаклі, альбо тыя, якія без дэкарацый — іх можна скласці ў валізу і прывезці. То-бок, камернасць павялічвае шанцы на паказы на міжнародных фестывалях.

— Калі параўнаць беларускі тэатр з іншымі відамі мастацтва, то ў якім стане ён цяпер знаходзіцца?

— Мяркую, што тэатр знаходзіцца ў найгоршым становішчы ў параўнанні з іншымі культурнымі сферамі. Напрыклад, літаратура і музыка — больш шырокія віды мастацтва, больш даступныя. А тэатр быў і ёсць для невялікага кола людзей, нават калі мы кажам пра тэатр для мас з «лёгкімі» пастаноўкамі. А калі ты ў сваім праекце хочаш падняць нейкія цяжкія тэмы, то звычайна на такія спектаклі ходзіць мала людзей, бо яны і так стомленыя ад усяго, што адбываецца. Але без гэтага ніяк. Яшчэ нюанс, што ў той жа музыкі і літаратуры ёсць адкладзены попыт — то-бок надрукаваную кнігу ці запісаную песню могуць знайсці пазней і купіць, каб пачытаць ці паслухаць, то з тэатрам так не працуе. Калі сёння на твой спектакль не прыдуць людзі, то ты нават не зможаш аплаціць арэнду той самай залі, у якой запланаваны спектакль.

Паліна Дабравольская. Фота са старонкі Facebook Новага тэатру ў Варшаве

Паліна Дабравольская. Фота са старонкі Facebook Новага тэатру ў Варшаве

— Па тваіх назіраннях, ці вялікая цікавасць да спектакляў на актуальныя тэмы, на нашыя вярэды ў тых беларусаў, якія эмігравалі?

— Была тэндэнцыя, што першыя два гады эміграцыі пасля 2020 года людзі хадзілі на такія спектаклі, яны шукалі падтрымкі, яны шукалі нешта, каб адрэфлексаваць самім. Цяпер гэта не працуе, такое адчуванне, быццам людзям стала ўсё адно на тое, што адбывалася. Цяпер людзей хвалююць іншыя рэчы. Цяпер нават вайна — скажу страшнае слова — прыелася, хаця многія людзі, украінцы жывуць з гэтым кожны дзень, нават на ўкраінскія спектаклі гледачы сталі хадзіць радзей…

Мне ўвогуле не блізкая эстэтыка «лоб у лоб», я не люблю спектаклі наўпроставыя, напрыклад, пра пратэсты ці пра вайну. Гэта не мая стылістыка. Калі і распавядаць пра такія тэмы, то глабалізавана, каб спектакль быў пабудаваны на атмасферы і сімволіцы з закрананнем агульначалавечых пытанняў.

Увогуле я лічу, што на дадзены момант варта інтэгравацца — мы прыехалі ў іншую краіну, мы не павінны будаваць сваё гета, не павінны заставацца ў сваім інфармацыйным пухіры. Пры гэтым я не кажу, што трэба адмовіцца ад усяго нашага, гэта пра тое, што трэба глядзець шырэй. Мой спектакль «Я выйду з лесу, выцягну хрыбет, і ён будзе служыць мне замест мяча» на польскай мове, у ім удзельнічаюць польскія, беларускія і ўкраінскія акторкі. Так спектакль становіцца больш зразумелым аўдыторыі той краіны, дзе мы зараз знаходзімся. Пры тым я не выпраўляла акцэнты дзяўчат, там якраз пра эміграцыю, пра спробу распавесці свой боль іншым людзям. Украінскія акторкі распавядалі пра сваю эміграцыю ад вайны, беларускія — ад рэжыму, польскія — пра ўнутраную эміграцыю. І атрымліваецца, што ў нас усіх нашмат болей агульнага, чым мы самі можам уявіць.