Дзедаўшчына ў нашых сэрцах
Сярод прычын жахлівага здарэння ў Печах называюць розныя: невыкананне статуту, разбэшчанасць камандзіраў, савецкія армейскія традыцыі, невялікія заробкі вайскоўцаў... Але, без гвалту войска няма, яно на ім пабудаванае і з яго складаецца. І на мой погляд, самая істотная прычына трагедыі не гучыць...
Выпадак у Печах абурыў усю Беларусь. Праблема дзедаўшчыны, зрэшты, выпаўзла — дакладней, яна была прымусова выцягнутая вонкі незалежнымі журналістамі і праваабаронцамі. Афіцыйныя асобы — ажно да кіраўніка краіны — мусілі рэагаваць. У байнэце загучалі самыя розныя меркаванні аб тым, у чым прычына дзедаўшчыны і гвалту ў арміі. Часцей за ўсё называліся мізэрныя заробкі афіцэраў, нізкі прэстыж вайсковай службы, і, канешне, усюдыісная савецкая спадчына.
Але ўсё вышэй пералічанае, гэтаксама, як і сама дзедаўшчына, — толькі наступствы, а ніяк не прычыны.
Найперш шчырае здзіўленне ў мяне выклікае абурэнне з нагоды таго, што «ў арміі чыніцца гвалт». А што такое армія? Хіба не апарат інстытуцыяналізаванага гвалту? Хіба не для гвалту (яго найбольш выразнай формы — забойства) армія была створаная? Ад прымусовай дысцыпліны і іерархіі (якая апрыёры ёсць гвалтам над свабоднай воляй асобы) да ўрокаў рукапашнага бою, ад штык-нажоў да аўтаматаў, кулямётаў, танкаў і ракет — армія пабудаваная на ідэалізацыі і няспыннай практыцы гвалту. Без гвалту войска няма, яно на ім пабудаванае і з яго складаецца.
У ідэале, канешне, гвалт гэты мусіць быць скіраваны на абарончыя мэты, супраць ворагаў дзяржавы, для таго, каб адстаяць суверэнітэт краіны. Але ж ва ўстанове, якая прасякнутая гвалтоўнымі сімваламі і ідэямі зверху да нізу, гэты джын непазбежна будзе вырывацца з бутэлькі і праяўляцца не толькі там, дзе, згодна з жаданнямі генералаў, ён мусіць быць. Таму нічога дзіўнага, што ў інстытуцыі, дзе падаўленне чалавека чалавекам (ва ўсіх формах) узведзенае ў прынцып і норму, яно абарочваецца не супраць нейкага гіпатэтычнага знешняга ворага, а супраць любога бліжняга, які не можа пастаяць за сябе.
Па-другое, чамусьці ўсе забываюцца, што войска (хоць і з’яўляецца закрытай структурай, аднак жа яно не ізаляванае, не прыляцела да нас з Месяца) — такая ж частка грамадства, як нашы школы, дзіцячыя сады, заводы і турмы. І ўсе сацыяльныя адносіны ў арміі фарміруюцца тымі людзьмі, што побач з намі. Прасцей кажучы, якія мы, беларусы, — такое і войска. «Дзяды», якія збіваюць духаў, гвалтуюць іх і вымагаюць грошы, афіцэры, якія заплюшчваюць на гэта вочы, а то і самі ўдзельнічаюць у здзеках, духі, якія трываюць год, а потым самі робяцца дзядамі і «адрываюцца» ўжо на навічках — усе яны выгадаваныя на каштоўнасцях, маралі і прынцыпах нашага грамадства. Грамадства, у якім падпарадкаванне — норма, а бунт — выключэнне, канфармізм — норма, а прынцыповасць — выключэнне, баязлівае «мая хата з краю» — норма, а смеласць — выключэнне.
Таму змяніць войска як інстытуцыю немагчыма, не змяніўшы ўсё грамадства, яго маральныя ўстаноўкі і схемы функцыянавання. Калі ва ўчорашніх падлеткаў, якія прыходзяць у армію, у галовах дамінуюць турэмныя каштоўнасці, шчыльна перамяшаныя з культам «бабла», калі іерархія ва ўсіх сферах жыцця застаецца стрыжнем грамадства і яго адзінай парадыгмай — не варта чакаць, што ў арміі будзе інакш. Пакуль будзе так — усе гучныя начальніцкія загады, «жэстачайшыя» нарады ў міністраў і Статуты вайсковай службы будуць заставацца фармальнасцю, пад ілжывай вокладкай якой будзе працягвацца ўсё тое, што было і раней.
Аднак, безумоўна, у сілу сваёй спецыфікі любая ўзброеная група людзей мае патрэбу ў дысцыпліне і іерархіі, а тым больш армія. Логіка ўзброенага канфлікту дыктуе свае правілы: вертыкальнае прыняцце рашэнняў (бо яно больш хуткае), безумоўнае падпарадкаванне (бо праз яго дасягаецца зладжанасць дзеянняў) і ім падобныя. Аднак практыка будавання ўзброеных сілаў у іншых краінах паказвае, што нават у іх да пэўнай ступені прымянімыя прынцыпы дэмакратызму, роўнасці і павагі да асобы. Адны з самых эфектыўных армій свету, Швейцарыі і Ізраіля, пабудаваныя паводле міліцэйскага тыпу.
У першай апрыёры лічыцца, што грамадзянін атаясамлівае сябе з краінай, і таму будзе яе зацятым абаронцам. Кожны швейцарац, які адслужыў у войску, атрымлівае зброю ды трымае яе дома. А таксама перыядычна праходзіць вайсковыя зборы, у якіх удзельнічаюць разам будаўнік і дырэктар фірмы, настаўнік і бізнесмен, афіцыянт і топ-менеджар.
Аналагічна ў арміі Ізраіля, якая вырасла з партызанскіх атрадаў, што змагаліся супраць англійскага каланіяльнага ладу. Апрача таго, што вайсковая служба ў краіне з’яўляецца абавязкам, ад якога не прынята ўнікаць, гэта армія, якая няспынна ваюе. Армія, у якой афіцэры і салдаты звяртаюцца адзін да аднаго наўпрост, без усялякага «разрешите обратиться», спрачаюцца між сабой, разам жывуць і разам ядуць. У вайсковых зборах на аднолькавых умовах — без усялякіх прывілеяў — удзельнічаюць людзі ўсіх сацыяльных слаёў і ўзроўняў дастатку.
У вышэй прыведзеных прыкладаў ёсць прынцыповыя агульныя рысы: яны пабудаваныя на дэцэнтралізацыі (максімальнай аўтаномнасці воінскіх падраздзяленняў) і рэгулярным доступе насельніцтва да зброі. Само сабой, што абодва гэтыя прынцыпы — страшны сон для беларускіх уладаў. Уявіць, што падначалены можа спрачацца з начальнікам, а дзяржапарат больш не мае манаполіі на зброю — такое ў прынцыпе немагчыма для менталітэту тых, хто намі кіруе. Зрэшты, як і для нашага. Бо швейцарская армія развівалася ў межах індывідуалістычнай пратэстанцкай культуры, якая заўсёды заахвочвала прыватную ініцыятыву і самастойнасць у супрацьвагу патэрналізму і цэнтралізацыі. Ізраільская — пад моцным уплывам сацыялістаў і анархістаў, якія прыязджалі з Еўропы ў пачатку XX стагоддзя, каб рэалізоўваць на Святой зямлі свае сацыяльныя эксперыменты.
Ці трэба казаць, што ў абодвух выпадках ні пра якую дзедаўшчыну не можа ісці і гаворкі?
Не хацелася б ідэалізаваць ніякую ўзброеную структуру, бо, як я ўжо пісаў вышэй, нічога добрага ў гвалце над чалавекам няма. Але, лічу, будзе добра, калі замест простых адказаў на пытанне пра тое, чаму ў закрытых установах нашай краіны адбываецца пекла, мы будзем глядзець углыб і разумець, што для вырашэння сістэмных праблем грамадства (а дзедаўшчына менавіта такой і з’яўляецца) зменяцца мусяць не толькі законы і ўзроўні заробкаў, але і ўся сацыяльна-палітычная рэчаіснасць, у якой мы жывём.