Невядомыя пагражаюць салдату, які служыць у Печах
Невядомыя пагражаюць салдату тэрміновай службы С. (не называем імя з меркаванняў бяспекі), які служыць у Печах. Паведамленні з пагрозамі пачалі паступаць яму яшчэ 13 кастрычніка. Незадоўга да таго С. пакінуў некалькі каментароў у групе, прысвечанай гібелі Аляксандра Коржыча — яшчэ аднаго салдата тэрміновай службы з Печаў.

Скрыншот з "ВКонтакте"
11 лістапада паведамленне з настойлівай просьбай «пагутарыць» пра С. атрымала яго былая дзяўчына. Калі яна паспрабавала высветліць, у чым справа, перапіска спынілася: «Это Шутка. Оливидерче».

Скрыншот з "ВКонтакте"
Аўтар першага паведамлення падпісаны як Алег Ткачоў. Мяркуючы па старонцы «ВКонтакте», ён з Бабруйску. Аднак профіль можа апынуцца фэйкавым. Паведамленне з пагрозай адпраўленае 13 кастрычніка, а такое ж фота на аватары у сваім профілі «Ткачоў» паставіў толькі ўначы на 14 кастрычніка:

Скрыншот з "ВКонтакте"
Другое паведамленне падпісана чалавекам з іменем Аляксей Півавараў. Маёр з такімі імём і прозвішчам ёсць у Інспекцыі па справах непаўнагадовых у Калінкавіцкім РАУС. Інакш кажучы, з блізкімі С. — магчыма, праз тыя ж каментары пра часць, у якой служыў Саша Коржыч, — можа хацець пагутарыць міліцыя.
Еўрарадыё звязалася з Аляксеем Піваваравым і апісала яму сітуацыю. Ён пацікавіўся, адкуль у нас яго тэлефон (ёсць на сайце РАУС) а затым адказаў, што не мае дачынення да перапіскі, і парэкамендаваў напісаць заяву ў міліцыю.
Акрамя таго, цяжка ўявіць сабе два рэчы. Па-першае, што міліцыянт афіцыйна запрашае кагосьці на размову праз мэсанджар. А па-другое, што ён заканчвае перапіску аб неабходнасці пагаварыць з кімсьці словамі: "Это Шутка. Оливидерче". Асабістымі дадзенымі інспектара мог скарыстацца нехта, хто працягвае ціснуць на С. і яго сваякоў.
С. праходзіць навучанне ў 307-й школе 72-й гвардзейскага Аб'яднанага навучальнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў. Па інфармацыі Еўрарадыё, у сярэдзіне кастрычніка пяцёра сяржантаў з 307-й школы былі затрыманыя па падазрэнні ў нестатутных адносінах. Бацька аднаго з салдат, які таксама служыць у гэтай школе, распавёў, што затрыманні працягваліся да канца кастрычніка.
Паводле euroradio.fm