Дзень няВолі: прыгоды слуцкай журналісткі
Пра загад «не
грузіць у аўтазакі» журналістаў простыя амапаўцы не ведалі і грузілі ўсіх
людзей, нават выпадковых.
Разгон удзельнікаў Дня Волі сёлета больш паходзіў на добра падрыхтаванае
паляванне на людзей.
Спачатку давялося пераадольваць перашкоды на шляху да Мінска. Аўтамабіль, на
якім я ехала са сваімі знаёмымі, па надуманых прычынах даішнікамі быў спынены на
шассэ Слуцк-Мінск і перанакіраваны ў Слуцкі РАУС.
Я дабіралася да Мінска папуткамі і змагла сваіма вачыма
пабачыць ператварэнне святочнага Дня Волі ў цэнтры сталіцы ў Дзень Няволі. З
мірнымі людзьмі змагацца ўзброеным вельмі проста, паколькі апрача крыку
“Ганьба!” мірныя удзельнікі святочнага мерапрыемства нічога іншага не маглі
супрацьставіць.
25 сакавіка 2017 года і мінчанам, і гасцям горада ў каторы раз было прадэманстравана, што яны не вольныя грамадзяне ў сваёй краіне і не маюць права годна прайсці мірнай дэманстрацыяй па галоўнай вуліцы сталіцы.
Мяне схапілі
каля філармоніі, калі я спрабавала зрабіць фотаздымкі маладога чалавека, якога
міліцыянты жорстка цягнулі па асфальту, каб закінуць у аўтазак. Вызверыліся на
мяне, спрабавалі забраць фотаапарат. На
журналісцкае пасведчанне нават не глянулі, а зацягнулі разам з іньшымі людзьмі
са словамі: “Там разбяруцца”.
“Там” — гэта
Ленінскі РАУС, які знаходзіцца на вуліцы Ванеева побач з Усходнім аўтавакзалам.
Па дарозе ў РАУС аўтазак рабіў шмат прыпынкаў — у яго нутро ўціскалі іншых
удзельнікаў мерапрыемства, а таксама зусім выпадковых людзей.
Маладых людзей
(іх была большасць) цесна прыціскалі аднаго да другога ў сярэдзіне аўтазака,
упакоўвалі, каб яны стаялі, як агуркі ў слоіку.
Але я без
дазволу плюхнулася на сядзенне і на вачах амапаўцаў пачала есці банан, баючыся,
што яго ў мяне з іншымі рэчамі адбяруць, а з маім страўнікам трэба есці
рэгулярна. Параіла сесці ўсім пажылым людзям на лаўкі, бо яны для гэтага ж
існуюць, а даішнікі забараняюць перавоз людзей стоячы.
Побач са мной
знаходзілася пажылая жанчына з сінімі вуснамі і шэрым тварам, якая дарэмна
паказвала міліцыянтам пасведчанне інваліда 1-й групы па хваробе сэрца. Плакала,
прасіла выпусціць, успамінала пра сваю нездаровую сястру, якую яна прыехала
наведаць і якая выйшла яе сустрэць на плошчы Якуба Коласа. Палітыкай, па яе
словах, яны не цікавяцца і не ведалі, што сёння павінна была адбыцца нейкая
акцыя. Міліцыянты безуважна паглядалі перад сабой і толькі адштурхоўвалі яе ад
дзвярэй, у якія яна шчамілася пры кожнай астаноўцы і “пагрузцы”. Мае нервы не
вытрымалі, давялося сказаць, што я буду першай сведкай іх наўмыснага забойства,
калі гэта жанчына памрэ ад сардэчнага прыступу.
Не ведаю што, але
штосьці на іх падзейнічала, аўтазак спыніўся і жанчыну літаральна выкінулі з
яго.
Яшчэ адзін
выпадковы “пасажыр” назваў сябе Міколай Міхалевічам са Слуцка. Ён кляўся і
бажыўся перад міліцыянтамі, што ніякі не ўдзельнік, што ён гандляваў яблыкамі
на Камароўцы, і яго ўзялі ні за што.
— Я цэлы дзень прастаяў за прылаўкам, пайшоў
у ЦУМ, каб зрабіць пакупку, — распавёў Мікола. — Мой напарнік старожыць мой
тавар. Я ўбачыў нешта незвычайнае: шмат міліцыянтаў, спецыяльныя машыны, уцёкі
людзей, бегатню. Я проста запытаў аднаго міліцыянта, што тут адбываецца. Замест
нармальнага адказу ён ухапіў мяне за рукаў і з крыкам “Зараз даведаешся!”
укінуў мяне ў аўтазак. На кожным “прыпынку” Мікола спадзяваўся, што яго
выпусцяць. Па тэлефонных размовах, якія ён вёў са сваім напарнікам было
зразумела, што ягоны суразмоўца ўспрымаў Міколавы словы пра затрыманне, як
няўдалы гумар.
Пасля таго як
прыкладна 20 чалавек выгрузілі каля Ленінскага РАУС, усіх паставілі каля
халоднай сцяны нейкага ангара дзеля працэдуры знешняга агляду і здачы рэчаў.
Паколькі падчас такой працэдуры на пэўны момант трэба было распранацца і
разбувацца, я настойліва запатрабавала цёплага пакоя. Мяне адвялі ў нейкі
закутак унутры цёплага памяшкання.
Калі
ўсе рэчы былі складзены ў выглядзе “зэкаўскага клунка”, хтосьці з начальства
ўсё-такі зацікавіўся маім пасведчаннем журналіста. Аднекуль з нетраў РАУС на
двор выйшаў знешне ветлівы і прыстойны чалавек у акулярах, узяў маё
журналісцкае пасведчанне на праверку, а пасля дазволіў пакінуць унутраны двор
РАУС. Двое міліцыянтаў вынеслі мой клунак на ганак і абвясцілі аб маёй
свабодзе.
Астатнія затрыманыя засталіся на халодным двары пад дажджом чакаць вырашэння
свайго лёсу.