Дзяўчына праехала аўтаспынам 40 краін, маючы праблемы са зрокам

Надзея сутыкаецца з тым, што людзі лічаць, што такія, як яна, не здольныя выконваць многія работы, самастойна перамяшчацца і наогул «не павінны хацець нечага большага, чым тое, што прапануе дзяржава». Але яна сцвярджае, што праблемы са зрокам не павінны быць абмежаваннямі, распавядае zviazda.by

12_18_kopiya_6.jpg

Яна была за палярным кругам і перасякала экватар. Жыла ў юртах пасярод пустыні і піла ваду з Ганга. Выпраўлялася ў працяглыя падарожжы, сама складала сабе маршруты, падчас якіх наведвала і тыя краіны, якія спачатку ў планы не ўваходзілі. Яна не баіцца застацца адна ў незнаёмым кутку свету, падкажа, як выжываць, калі маеш абмежаваныя фінансавыя магчымасці. І ўпэўнена, што калі ў чалавека ёсць мара, ён можа знайсці спосабы, як яе здзейсніць. Інакш — будзе шукаць тысячу прычын, чаму яму «не адолець» тую ці іншую справу.

З гэтай «пералётнай птушкай», якая пабывала ва ўсіх краінах былога СССР, акрамя Туркменістана, аб'ездзіла Еўропу і Паўднёва-Усходнюю Азію, адзначылася ў Камбоджы, В'етнаме, Малайзіі, Інданезіі, Кітаі і г. д., я пазнаёмілася на «Жывой бібліятэцы» — сустрэчы, скіраванай на барацьбу са стэрэатыпамі. Надзея сутыкаецца з тым, што людзі лічаць, што такія, як яна, не здольныя выконваць многія работы, самастойна перамяшчацца і наогул «не павінны хацець нечага большага, чым тое, што прапануе дзяржава». Але яна сцвярджае, што праблемы са зрокам не павінны быць абмежаваннямі. З інваліднасцю другой групы па зроку Надзея аб'ехала каля 40 краін, і падарожнічае дзяўчына аўтаспынам.

Адно з апошніх яе падарожжаў расцягнулася на паўгода — чатыры месяцы яна правяла ў Індыі, па месяцы ў Непале і на Шры-Ланцы.

— Гэта была мара, я збірала грошы і доўга не магла рашыцца. Баялася, што дрэнна бачу, што мяне могуць забіць, збіць машынай, я згублюся ці яшчэ што здарыцца, — прызнаецца дзяўчына. Але авантурнае падарожжа прынесла столькі розных уражанняў і адкрыццяў! Яна бачыла рытуалы па спальванні нябожчыкаў, калі попел пасля «перадаецца» Гангу, абыходзіла бокам бадзяжных кароў, бачыла свавольных малпачак, якія могуць скрасці ў людзей мабільнікі ці іншыя рэчы, трапіла на Кумбха-мелу — рэлігійны фестываль, які бывае ў Індыі раз на 12 гадоў. (На яго з'язджаюцца мільёны людзей, і тэрыторыя, дзе размяшчаюцца паломнікі, расцягваецца на дзясяткі кіламетраў!) Яна купалася ў Гангу. Частавалася бясплатнай ежай, якую раздавалі на фестывалі. Калі пачастунак аказаўся вельмі востры, дзяўчыне прапанавалі запіць яго вадой. Толькі пасля яна засумнявалася і спытала, адкуль вадзічка. «З Ганга. Не парся: ты не можаш захварэць — наадварот, вылечыш хваробы. У Гангу вада святая», — быў адказ. Дзяўчына можа доўга апавядаць і пра гэта падарожжа, і пра многія іншыя. І яна ўпэўнена, што любы чалавек, у якую б жыццёвую клетку ні загналі яго стэрэатыпамі, можа вырвацца з яе...

 

Замкнёнае кола?

— У мяне інваліднасць з дзяцінства. І я доўгі час знаходзілася ў асяроддзі людзей з такімі ж праблемамі — вучылася ў спецшколе, працавала на прадпрыемстве для інвалідаў па зроку. Гэта крыху ізаляванае грамадства, многія верцяцца толькі сярод падобных, яны жэняцца з такімі ж, іх сябры — інваліды. Гэта замкнёнае кола. Якое можа быць стаўленне ў інвалідаў да саміх сябе, калі яны пастаянна чуюць, што ні на што не здатныя? — заўважае дзяўчына.

 

vpa.jpg

Людзей з фізічнымі праблемамі з дзяцінства могуць навучаць, што ім не варта нечага хацець, ім не нахапаць зорак з нябёс. У спецыялізаванай школе, дзе вучылася Надзея, дзеці пастаянна чулі, на якім заводзе «яны будуць працаваць». А навошта нейкія памкненні і якая можа быць прага да ведаў, калі за чалавека ўжо прапісалі шлях, па якім яму рухацца? І нават калі дзяўчына пасля дзявятага класа вырашыла паступаць, некаторыя настаўнікі спрабавалі яе адгаварыць: «Ну куды ты сунешся? Як ты зможаш вучыцца, ды сярод дзяцей, якія пасля звычайных школ больш прыстасаваныя?»

— Напачатку ў тэхнікуме мне было складана. Я прызвычаілася вучыцца, калі клас маленькі і можна бліжэй падыходзіць да дошкі, каб усё разгледзець. Але ў мяне ніколі не ўзнікла думкі, што я дарэмна паступала. Наадварот, грэла веданне, што ў спецшколу я ўжо не вярнуся. Канешне, даводзілася ў тэхнікуме чуць і грубыя словы наконт таго, што я не бачу, падлеткі могуць быць даволі жорсткія. Але гэтага было мала, і з кожным годам негатыву рабілася менш: калі людзі сталеюць, з большым разуменнем ставяцца да гэтага, — прызнаецца Надзя. — Але і цяпер, нягледзячы на тое што мне амаль 30 гадоў, я пастаянна ад некага чую парады ці пытанні, калі яны бачаць, як я блізка нешта падношу да вачэй. Мне могуць прапанаваць «схадзіць да доктара», «насіць лінзы», «зрабіць лазерную карэкцыю зроку». Ды яшчэ могуць і пакрыўдзіцца, што я такі іх «клопат» не прымаю. Але кожнаму ж не патлумачыш, што гэта не лечыцца і што не ўсё можна паправіць лазернай карэкцыяй, што акуляры не для ўсіх можна падабраць. Сляпому якія акуляры ні пачапі, ён не стане бачыць.

Пасля тэхнікума Надзя вучылася ў ВНУ. Выбар прафесій, якія можна было атрымаць з праблемамі са зрокам, у дзяўчыны быў абмежаваны, ёй дазваляліся пераважна педагагічныя спецыяльнасці. Былі праблемы і з пошукам работы. Часам дзяўчына яшчэ і нічога сказаць не паспявала на сумоўі, а ёй ужо выносілі прысуд: «Вы ж так дрэнна бачыце, як жа будзеце ў нас працаваць, не справіцеся...»

 

Сакрэты выжывання

Але яна спраўляецца з тым, на што не кожны цалкам здаровы чалавек адважыцца. Чуеш яе аповеды і дзівішся. Здаецца, ну як можна выбрацца ў нейкі дзікі свет адной, без ведання мовы і амаль без грошай...

— У асноўным тое, што выдзяляю на падарожжы, — мая пенсія па інваліднасці. Гэта .невялікія грошы, нямногім больш за 100 долараў. Стараюся ўкласціся ў гэтую суму. У Індыю можна і без грошай паехаць. Там многа мясцовых людзей, якія не працуюць і жывуць без грошай, можна далучыцца да іх. Тут ужо многае залежыць ад таго, на што вы гатовы пайсці. Часам сама сабе дзіўлюся. Напрыклад, ці гатовы вы ехаць у цягніку джэнерал-класу — гэта бясплатна, але людзей там як селядцоў у бочцы: калі цягнік пад'язджае, нават сесці ў яго складана, пасажыры так і едуць, звісаючы з дзвярэй. Можна знайсці вельмі танную ежу, калі не саромецца. У Індыі можна карміцца ў храмах — індуісцкія мне не вельмі спадабаліся, там брудна, а ў сікхаў — чысценька.

Падарожжа аўтастопам — гэта ўжо добрая эканомія. Транспарт можа трапіцца самы розны: дзяўчыне даводзілася ездзіць і на рэанімацыйных машынах, і ў катафалку (без нябожчыка), яе падвозіла паліцыя. З цеплынёй яна згадвае, як у Кыргызстане ехала ў грузавічку на цюках з авечай воўнай. Спыняцца можна ў школах, бальніцах, храмах. Як варыянт — падысці да ахоўніка і папрасіцца, каб пусціў пераначаваць ці дазволіў паставіць намёт на ахоўнай тэрыторыі. Спыняюцца падарожнікі ў танных хостэлах ці па каўчсерфінгу (суполкі людзей, якія прымаюць такіх турыстаў). Запрасіць могуць у госці і кіроўцы альбо мясцовыя жыхары. У мусульманскіх краінах, калі бачаць чалавека з заплечнікам, могуць падысці запытацца: «Хто ты, што ты? Будзь маім госцем».

 

plashka_34.jpg

 — Моцна ўразіла Манголія: «Уявіце. Сям'я жыве пасярод пустыні ў адной юрце, і нічога навокал — ні забаў, ні крам, ні суседзяў (да апошніх трэба сесці ў машыну і даехаць). Няма ні прыбіральні, ні душа, ні прысмакаў для дзяцей. Уся ежа — мяса ды цеста. І нават вада салёная. Суровыя ўмовы: летам пустыня праграваецца да 40 градусаў, а зімой вельмі холадна і вецер. Разумееш, як многа ў цябе ёсць у Беларусі». Можа, таму жыхары пустыні, асабліва дзеці, так радаваліся падарожніцы, а госця з імі знаходзіла кантакт праз жэсты, бо англійскай мовы жыхары юрты не ведалі.

— Чаго трэба асцерагацца, калі падарожнічаеш аўтастопам? — цікаўлюся ў Надзеі.

— Гэта не столькі пра аўтастоп, колькі пра тое, што дзяўчына падарожнічае адна, асабліва ў такіх краінах, як Індыя, Шры-Ланка. Нават калі проста спыняцца ў гатэлі, хостэле ў экзатычнай краіне, трэба быць гатовай, што ты, такая беласнежка, будзеш прыцягваць увагу мужчын. З табой захочуць пазнаёміцца, і не заўсёды з добрымі намерамі. У людзей могуць быць няправільныя ўяўленні, яны глядзяць непрыстойныя фільмы і могуць лічыць, што еўрапейскія ці рускія дзяўчаты даступныя. Трэба гэта ўлічваць, быць менш уразлівай да гэтага, не баяцца даваць адпор. Табе могуць задаваць пытанні, і на іх заўсёды трэба даваць дакладны адказ, каб ніхто не адчуў у табе слабасць, інакш ты робішся ўразлівай. Перад падарожжам трэба шукаць інфармацыю пра краіну, у якую збіраешся ехаць, вывучаць традыцыі, культуру. У многіх краінах пэўны знешні выгляд будзе непрымальны. Калі едзеш у Індыю ці Турцыю, адзенне павінна быць закрытае. У Іране, калі будзеш не па каноне апрануты, наогул можаш у паліцыю трапіць. Трэба вывучыць, якія хваробы ў пэўнай краіне — магчыма, прыдзецца зрабіць прышчэпкі. Пацікаўцеся правіламі бяспекі.

— Праблемы са зрокам могуць перашкаджаць у дарозе?

— У Непале я не трапіла ў горы. Я ведаю, што дрэнна бачу, у гарах буду ісці павольна, без падтрымкі магу ўпасці. Але і ў Беларусі я магу не заўважыць прыступку ці яму. Канешне, можна было б знайсці кампанію, але гэта былі б выпадковыя знаёмыя, мне не хацелася іх абцяжарваць, і я не была ўпэўненая, калі б нешта здарылася, што чужыя людзі не кінуць мяне. Узважыла і вырашыла, што нейкая мяжа ў мяне ёсць, так нікуды і не схадзіла. Хоць, калі падарожнічаеш, бачыш, колькі ў свеце добрых людзей. Таксама ў дарозе мне дапамагаюць карты, анлайн можна адразу даведацца, дзе знаходзішся.

Дзяўчына прызнаецца, што падарожжы дапамагаюць многае зразумець, перагледзець: «Беларусы не вельмі шчаслівыя, ідзеш па вуліцы, а людзі не ўсміхаюцца. Мы любім многа скардзіцца.. А недзе ў іншай краіне ў чалавека, можа, наогул нічога няма, ён калека, але ён будзе ўсміхацца, смяяцца і адчуваць сябе шчаслівым. Таму я так люблю Азію, там ёсць чаму павучыцца. У некаторых краінах можа не быць шыкоўных краявідаў, але там цудоўныя гасцінныя людзі. І гэта вельмі цікава — даведвацца пра іх жыццё, абменьвацца думкамі».

А таксама падарожжы дапамагаюць змагацца са стэрэатыпамі, якія, на жаль, пакуль яшчэ вельмі многім перашкаджаюць узляцець. 

Алена Дзядзюля, zviazda.by