ЕГУ яшчэ вернецца ў Беларусь

Рэктар Сяргей Ігнатаў зусім не выключае, што калі-небудзь Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт вернецца ў Беларусь. Пакуль жа ён гарантуе, што ЕГУ застанецца менавіта беларускім, а не проста еўрапейскім універсітэтам.

ehu_1_1_logo.jpg


Падобна, што пасля шматлікіх праблемаў і скандалаў ЕГУ ўсё ж паступова выходзіць з крызісу. Прынамсі падставы для такога меркавання ёсць. Новы рэктар, егіптолаг і былы міністр адукацыі Балгарыі за 7 месяцаў на пасадзе ўжо шмат зрабіў на гэтым шляху.
Нагадаем, Сяргей Ігнатаў стаў рэктарам ЕГУ ў няпросты час. Цэнтр ацэнкі якасці вышэйшай адукацыі Літвы даў адмоўную ацэнку дзейнасці ўніверсітэта ў 2017 годзе. Першая такая інстытуцыйная ацэнка ЕГУ адбылася ў 2014 годзе і таксама мела адмоўны вынік. А згодна з літоўскім законам аб навучанні і навуцы, калі ВНУ двойчы атрымлівае негатыўныя ацэнкі, міністр вырашае пытанне аб адмене дазволу на ажыццяўленне ім адукацыйнай дзейнасці. 31 студзеня на пасяджэнні ўрада Літвы было абмеркавана пытанне пра перспектывы далейшай дзейнасці ЕГУ. У выніку было вырашана, што ЕГУ павінен прадставіць дакументы Міністэрству навукі і адукацыі Літвы, каб да 1 ліпеня 2019 года атрымаць новы дазвол для ажыццяўлення праграм вышэйшай адукацыі.

У жніўні такія дакументы былі прадстаўлены. У тым ліку новыя вучэбныя праграмы. Таксама была зроблена праверка эфектыўнасці выкладчыцкага складу. У выніку Міністэрства навукі і адукацыі Літвы атрымала ажно 2000-старонкавы даклад, выкананы з улікам усіх патрабаванняў літоўскіх уладаў. Да канца лютага ЕГУ павінен атрымаць ліцэнзію, каб пасля акрэдытавацца (ЕГУ быў пазбаўлены акрэдытацыі ў снежні 2017-га).

З прыходам новага рэктара ЕГУ змог адзначыць і наваселле. 3 мая, у Дзень Канстытуцыі Рэчы Паспалітай, ЕГУ пераехаў у новае памяшканне – будынак Аўгусцінскага манастыра ў самым цэнтры Вільні. Нарэшце ўсе факультэты ўніверсітэта сабраліся пад адным дахам. Сяргей Ігнатаў лічыць гэта вельмі важным не толькі таму, што гэта будзе зручна студэнтам і выкладчыкам, а яшчэ і таму, што своеасаблівы гістарычны дух будынка будзе спрыяць стварэнню і ўнікальнага ўніверсітэцкага духу.

У новым навучальным годзе ЕГУ набраў 260 студэнтаў (амаль столькі ж, колькі і ў 2017-м). Грамадзяне Беларусі складаюць з іх каля 95 працэнтаў. Сяргей Ігнатаў спадзяецца павялічыць набор. Ён упэўнены, што нягледзячы на сённяшнюю запатрабаванасць у ІТ-спецыялістах і незапатрабаванасць гуманітарыяў праз 10 гадоў сітуацыя зменіцца. Бо 47 працэнтаў сусветнай эканомікі будзе робатазавана, а значыць з’явіцца неабходнасць у спецыялістах, якія змогуць зразумець чалавека, аналізаваць і рабіць прагнозы на тое, як будзе развівацца свет.

Ігнатаў абсалютна ўпэўнены, што праз 10 гадоў гуманітарыі будуць патрэбныя свету, як хуткая дапамога. Таму ён упэўнены і ў светлай будучыні гуманітарных дысцыплін і ў добрых перспектывах ЕГУ, тым больш, што прыкладае да гэтага ўсе намаганні.

Застанецца, па словах рэктара, ЕГУ і беларускім. У студэнтаў будзе магчымасць навучання па-беларуску, шматлікія праграмы навучання арыентаваныя на Беларусь, на тое, каб выпускнікі ЕГУ змаглі працаваць у Беларусі, больш за 80 працэнтаў выкладчыкаў ЕГУ з Беларусі. Так што, як запэўніў Ігнатаў, ЕГУ будзе не толькі еўрапейскім, але і беларускім. Больш за тое, рэктар не выключае, што ЕГУ зможа вярнуцца ў Беларусь. Праўда, пры якіх умовах, ён не ўдакладніў.