ЕГУ разлічвае на аднаўленне падтрымкі

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ) "шчыра разлічвае" на тое, што ўбачыць Савет міністраў Паўночных краін у ліку сваіх донараў у найбліжэйшай будучыні.

 Фота з сайта blog.romashin-design.com

 Фота з сайта blog.romashin-design.com


Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджанай 13 мая афіцыйнай заяве ЕГУ (Вільнюс).
Супольнасць ЕГУ выказвае падзяку за прамую фінансавую падтрымку з боку многіх донараў універсітэта, уключаючы Савет міністраў Паўночных краін. Гэтая падтрымка "накіраваная на забеспячэнне фінансавай дапамогі і стыпендый студэнтам з Беларусі, якія атрымліваюць якасную еўрапейскую вышэйшую адукацыю ў галіне гуманітарных і сацыяльных навук".
ЕГУ з разуменнем ставіцца да надзвычайных выклікаў, якія суправаджаюць міграцыйны крызіс у Еўропе, і рашэння Савета міністраў Паўночных краін прыпыніць фінансавую дапамогу, што аказваецца ВНУ, гаворыцца ў заяве. Адзначаецца таксама, што "фінансавая падтрымка з боку Савета міністраў Паўночных краін з'яўляецца асобнай ад ахвяраванняў індывідуальных урадаў краін Паўночнай Еўропы (г.зн. Швецыі, Фінляндыі, Даніі і інш.)".
Выказваючы падзяку ўсім спонсарам, ЕГУ заяўляе пра гатоўнасць "заставацца верным сваёй першапачатковай місіі па ўмацаванні пазіцый Беларусі на палітычнай, адукацыйнай і культурнай карце Еўропы і Заходняга свету".
У прыватнасці, як адзначаецца ў заяве, з новага навучальнага года ЕГУ ўводзіць бясплатныя месцы на ўсе бакалаўрскія і магістарскія праграмы, а таксама зніжае максімальны гадавы кошт навучання на вочным аддзяленні бакалаўрскіх праграм з 2.500 да 2.000 еўра для грамадзян і пастаянных рэзідэнтаў Беларусі. Паведамляецца таксама, што прыём анкет абітурыентаў на бакалаўрскія праграмы доўжыцца да 18 чэрвеня, на магістарскія праграмы — да 7 ліпеня.


Нагадаем, 10 мая Паўночны савет прыняў рашэнне спыніць фінансаванне ЕГУ ў сувязі з "рэструктурызацыяй бюджэту для вызвалення сродкаў для супрацоўніцтва па пытаннях інтэграцыі бежанцаў і імігрантаў у гэтым годзе".


 Рашэнне спыніць фінансаванне ЕГУ таксама грунтуецца на выніках абмеркавання ролі і стратэгіі ўніверсітэта, гаварылася ў паведамленні, размешчаным на сайце арганізацыі. Там, у прыватнасці, адзначалася, што "неаднаразовыя ўнутраныя рознагалоссі" ў ЕГУ ў апошнія гады адцягваюць увагу ад дзейнасці ўніверсітэта.
12 мая міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус заклікаў Савет міністраў Паўночных краін не спыняць фінансаванне ЕГУ.
Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт быў заснаваны ў Мінску ў 1992 годзе, у 2004-м — закрыты беларускімі ўладамі па ідэалагічных прычынах. Праз год аднавіў працу ў Вільнюсе. З'яўляецца літоўскай ВНУ, але мае нефармальны статус беларускага ўніверсітэта ў выгнанні. Фінансуе ЕГУ кааліцыя міжнародных донараў, якія падтрымліваюць універсітэт як альтэрнатыву дзяржаўным ВНУ Беларусі.
Алена Спасюк, БелаПАН