Экс-кіраўнік Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі: пратэст не садзьмуўся, а наадварот

Экс-кіраўнік Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі Генадзь Коршунаў, які яшчэ вясной расказаў пра рэальны рэйтынг Лукашэнкі, называў сем прыкметаў таго, што пратэст не здзьмуўся, а наадварот.

Генадзь Коршунаў. Фота з Facebook

Генадзь Коршунаў. Фота з Facebook


«Тое, што пратэсты не здзьмуваюцца — відавочна. Яны ідуць хвалямі, хай асінхронна, але на вельмі розных узроўнях Сапраўды, бы той пажар на балоце, дзе звонку думаецца, што вогненны вал ідзе толькі па верхавінах дрэў. Бо ўнізе вада — балота», — цытуе Коршунава «Беларускі партызан».

Што бачу я:

1. Збольшага, мы глядзім толькі на тое, што бачна адразу — на вуліцу. На маршы, ланцугі, пікеты і шчэпкі. Колькі цяпер выходзіць на вуліцу? Палічыць немагчыма, бо адной вялікай калоны няма — разганяюць. Але ручаіны і рэкі людзей віруюць па горадзе.

Спачатку з’яўляюцца адзіночкі і пары, купкі сяброў, дзесяткі аднадумцаў… Потым дзесяткі, сотні і тысячы топчуць свае ногі — шмат гадзін і дзесяткі кіламетраў. Гэта — толькі ядро, агулам у Мінску 100-150 тысяч.

Да іх трэба дадаць тысячы чалавек, якія менавіта ў гэты час не могуць выйсці з кватэры. Камусьці не хапае рашучасьці, камусьці — адвагі… Але ім рэальна сорамна, што менавіта зараз, у гэты час яны не могуць выйсці «пагуляць»…

Няма з кім пакінуць дзіця ці каго з састарэлых, каго захварэлага ці людзі самі хварэюць і сем’ямі сядзяць на самаізаляцыі. А другая хваля Кавіду толькі выходзіць на пад’ём…

Паглядзіце на дзверы дамоў — колькі адчынена для пратэстоўцаў? Паглядзіце на вокны — колькі людзей вітаюць маршы? Колькі машын вітаюць маршы: «БІ-БІП! БІ-БІ-БІІІІП!!!» Колькі кіроўцаў адразу давозяць, а пасля развозяць пратэстоўцаў? Прайдзіцеся па раёнах — колькі сцягоў і белых аркушоў на вокнах? Ленты, сцягі, муралы, лесвіцы, лаўкі…

Як слушна сфармуляваў Кац — у кожнага свая планка рызыкі, але кожны робіць, што можа. І нас — шмат.

Колькі людзей спампавала «Краму» і пільна сочыць за тым, што набывае? Як сплочваюцца падаткі? Як плоцяцца грошы за ЖКУ? Проста расплюшчы вочы і палічы, што робіцца яшчэ.

2. Двары — напэўна, самая моцная рэч на сёння. Самаарганізацыя там — гэта пачатак новай улады, якая вельмі палохае ўладу сучасную. Двары даказалі, што могуць сабрацца і талакой вырашыць шмат пытанняў. Двары пачалі ўсведамляць сваю моц. І кожны двор ці раён — не ў адзіноце. Іх шмат. Яны камунікуюць. Яны дапамагаюць адзін аднаму. Яны вучацца адзін у аднаго. Расце ўзаемная повязь, расце моц, расце патэнцыял. Таму і пайшло паляванне на музыкаў, бо мастацва не толькі падымае дух двароў паасобку, але і мацуе іх повязь — яднае людзей у грамаду, а двары — у Горад.

Дзякуй Богу, улада яшчэ не разумее, што для двароў робяць гісторыкі з філосафамі.

3. Арганізацыі — самая павольная плынь. Бо тут самы балючы пачатак грамадзянскага разрыву: людзі — з народам, начальства — з уладай. Ціск — кожны дзень і кожную гадзіну, а не толькі па нядзелях. Усе ўсіх ведаюць, націснуць — проста. Але ж працэсы ідуць, бо ўсіх звольніць немагчыма. Гэта па-першае. Па-другое — пакрысе пачынае працаваць прынцып «Адзін за ўсіх і усе — за аднаго!» Гэта моцная рэч, і яна яшчэ не запрацавала напоўніцу. Гэта можна бачыць на прыкладзе некаторых ВНУ. Па-трэцяе — міжнародны ціск, які таксама цяжка адсачыць, дый не хуткая гэта справа. Ён адаб’ецца пад час заключэння новых кантрактаў на будучыню. Але ўжо па Салігоску бачна, што міжнародная ўвага пачала даваць свой плён.

4. Карпаратыўная салідарнасць — моцная, але недаацэненая рэч. Бо калі некалькі тысячаў навукоўцаў кажуць «Не!» гвалту — гэта моцна. Калі 1000 спартоўцаў кажуць сваё слова — гэта моцна. Калі дзейчы культуры заяўляюць свой пратэст — гэта моцна. Калі дызайнеры падтрымліваюць рабочых — гэта моцна. І моцна гэта таму, што амаль кожная карпаратыўная суполка — вызначала свае меркаванне. Гвалту — не!

e23cb3fb365728368dbe7b4c22c36d98.jpg


І яшчэ. Калі музыкі, настаунікі, медыкі, мастакі, студэнты, пенсіянеры, рабочыя кажуць слова адзін за аднаго — гэта яднае агулам народ і робіць яго наймацнейшым.

5. Пра салідарнасць і яднанне — трэба глядзець і хто робіць, і як, у якіх формах. Іх таксама шмат і гэтыя формы пашыраюцца. Па-першае — грошы. Хто-небудзь лічыў агульную колькасць фондаў падтрымкі? І агульных, і карпаратыўных? Другое — праца (ці вучоба для студэнтаў) і перападрыхтоўка, а яшчэ медычная дапамога пацярпелым. Інфармацыйная, прававая і камунікатыўная падтрымка. Яшчэ — культурніцкія захады: сцягі, мерапрыемствы, песні, звароты да ўлады...

6. Міжнародны ўзровень — колькі тыдняў Беларусь знаходзіца ў фокусе ўвагі ўсёй Еўропы, пра нас ведае ўвесь свет. Так, з аднаго боку, кажуць: «Вы што, хочаце, як у Беларусі?» (закрэслена) «Мы не ў Беларусі, у нас трэба падлічыць усе галасы!». Але гэта пра дзяржаву. А пра краіну — Неймаверная Беларусь, якая ўсім давяла прыклад годнага грамадства і надзею на аднаўленне каштоўнасцяў дэмакратыі.

Але мы паказалі не толькі гэта. Мы даказалі і даказваем, што ніхто не будзе вырашаць лёс Беларусі — без беларусаў. Ані Расія, ані Еўропа, ані ЗША. Таму і Расія, і Еўропа, і ЗША будуць вельмі зацікаўленыя размаўляць і супрацоўнічаць з вольнай Беларуссю і з годнымі беларусамі.

7. Напэўна, самае важнае — вуліцы, двары, арганізацыі, карпаратыўныя супольнасці, беларусы з усяго свету — на ўсіх гэтых узроўнях і у іх повязі зараз робіцца новая Беларусь. Яна пачалася с пратэстаў супраць гватлу і ілжы, яна дайшла да кожнага і прымусіла зрабіць выбар — і мы робім гэты выбар штодня. Кожны робіць.

Пратэсты з вуліц перайшлі да рэвалюцый у свядомасці і самасвядомасці, а зараз — у супрацьстаянне амаль усяго грамадства і рэшткаў дзяржаўнай вертыкалі.

Так, я не кажу «больш актыўнай часткі грамадства», а «амаль усяго» — бо захады вертыкалі… Яны бессэнсоўныя і нічога людзям не прапануюць, акрамя зашкрвару для тых, хто з уладай. А рэвалюцыя свядомасці дае надзею і адчуванне перспектывы — разуменне таго, хто Мы і куды Мы крочым.

То-бок, яшчэ раз — пратэсты перараслі ў вызваленчы рух, вызваленчы з кайданоў і рух наперад.