«Маляваныч» арыштаваны на 9 сутак, спартсмены Краўчанка і Ганін атрымалі па 10 сутак кожны

Знакаміты беларускі акцёр Аляксандр Ждановіч, вядомы мільёнам беларусаў як «Маляваныч» з перадачы «Калыханка» быў затрыманы 8 лістапада ў Мінску. 11 лістапада, ён атрымаў 9 сутак адміністрацыйнага арышту.

1448031031314503.jpg


З моманту затрымання Ждановіч знаходзіўся ў Жодзіна, паведамляе TUT.BY.

Пакуль няма інфармацыі, якая менавіта артыкул быў яму прад’яўлены, а таксама які суддзя прыняў такое рашэнне. Пра абставіны затрымання Ждановіча распавёў сведка падзеі Данііл. Ждановіча затрымалі 8 лістапада каля 12.30 на праспекце Пераможцаў, Аляксандр і Данііл разам ішлі па ходніках.

— У раёне «Галерэі» стаяла каля 15 бусаў. Непасрэдна на ходніках стаялі амапаўцы. Убачыўшы іх, Ждановіч дастаў з сумкі драўляны крыж, стаў асяняць іх хросным знакам і маліцца. Мы ўжо прайшлі ўсіх амапаўцаў, калі ўбачылі, што адзін з іх гучна крычаў на жанчыну, паводзіў сябе па-хамску. Аляксандр падышоў да яго з крыжам і ветліва папрасіў не крычаць. Пасля гэтых слоў той амапавец аддаў загад двум іншым — тыя заламалі яму рукі і занеслі ў аўтобус.

Праз паўтары гадзіны, каля 14.00, Ждановіч патэлефанаваў сябру і паведаміў, што знаходзіцца ў будынку Партызанскага РУУС. Ён дадаў, што яго не білі і ставіліся нармальна. Пасля гэтага паклаў трубку і больш не адказваў на званкі.

Срэбны прызёр Алімпіяды-2008 Андрэй Краўчанка і шматразовы чэмпіён Беларусі па кікбоксінгу Іван Ганін, затрыманыя ў нядзелю ў Мінску, прысуджаныя да 10 сутак арышту кожны.