У ЗША вывучаюць «дадатковыя інструменты» ўздзеяння на афіцыйны Мінск

У ЗША вывучаюць «дадатковыя інструменты» ўздзеяння на афіцыйны Мінск. Пра гэта заявіў першы намеснік дзяржсакратара Злучаных Штатаў Стывен Бігэн.

011_bigen075810112020.jpg


Падчас відэаканферэнцыі, арганізаванай вашынгтонскім Цэнтрам стратэгічных і міжнародных даследаванняў, ён гаварыў пра сумесныя крокі ЗША, ЕС і Вялікабрытаніі. У прыватнасці, пра пашырэнне санкцый, што павінна «стварыць магутны адмоўны эканамічны стымул для кіраўніцтва Беларусі». Але іх недастаткова. Цяпер жа «пытанне для ЗША палягае ў тым, якія дадатковыя крокі мы можам зрабіць», — цытуе словы Бігэна Еўрарадыё са спасылкай на ТАСС.

Першы намеснік дзяржсакратара ЗША лічыць, што для змены сітуацыі ў Беларусі «спатрэбяцца таксама далейшыя намаганні... вельмі адважнага народу Беларусі падтрымліваць ціск». Таксама трэба ўлічваць і ролю Расіі.

«Маскве не падабаецца выбар, які перад ёй стаіць, — кажа Стывен Бігэн. — Але калі яны прыбяруць яго [Лукашэнку] або дазволяць яго прыбраць, яны асцерагаюцца, што можа ўзнікнуць сітуацыя, пры якой яны не будуць кантраляваць наступствы».

Бігэн лічыць, што расійскае кіраўніцтва і асабіста Уладзімір Пуцін не давяраюць Лукашэнку. «Існуе пэўнае пагадненне і дзелавыя адносіны, якія ў цяпер падтрымліваюцца, і ў рамках якіх расійскі ўрад відавочным чынам прадастаўляе, магчыма, нейкую ўтоеную падтрымку, <...> а таксама выкарыстоўвае свой міжнародны ўплыў, каб паспрабаваць даць Лукашэнку прастору для манеўру, каб ён перажыў цяперашні крызіс. Я не ведаю, перажыве ён яго, ці не. Гэта шмат у чым залежыць ад здольнасцяў вельмі адважнага народа Беларусі падтрымліваць ціск», — лічыць першы намеснік дзяржсакратара.