Еўрапейскі суд па правах чалавека забараніў Расіі выдаваць беларуса Вадзіма Дубойскага
Цяпер Вадзім Дубойскі находзіцца ў Белгарадскім СІЗА ў Расіі, яму пагражае выдача на радзіму, паведамляе «Свабода».
ЕСПЧ забараніў экстрадыцыю Вадзіма Дубойскага ў Беларусь, бо пагадзіўся з довадамі абароны пра пераслед і магчымасці катаванняў беларуса з боку сілавікоў. Пра гэта naviny.online паведаміла сястра Дубойскага.
9 верасня суд у Белгарадзе прыняў рашэнне выдаць Вадзіма беларускім уладам. Рашэнне не набыло моцы, бо адвакат яго абскардзіў у апеляцыйнай інстанцыі. Але супрацоўнікі СІЗА ў Белгарадзе «не разабраліся» і 22 верасня пачалі працэс высылкі Дубойскага ў Беларусь. 23 верасня экстрадыцыю спынілі ў Курску, за 150 кіламетраў ад Белгараду.
31-гадовы Вадзім Дубойскі пад вартай з 16 красавіка. У жніўні 2020-га яго пабілі ў падвалах Дома правасуддзя ў Брэсце, а затым ён стаў фігурантам справы паводле артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу. Ён уцёк у Расію, адтуль планаваў перабрацца ва Украіну, але быў затрыманы расійскімі памежнікамі за спробу пераходу мяжы па-за пунктам пропуску.
У Беларусі яму пагражае да 8 гадоў калоніі за «масавыя беспарадкі». Дубойскі — адзін са шматлікіх беларусаў, якіх затрымалі расійскія ўлады за ўдзел у беларускіх пратэстах.
Расія раней, нягледзячы на рашэнне ЕСПЧ забараніць выдачу, перадала беларускаму боку палітвязня Аляксея Кудзіна. Абарона апелявала да таго, што Кудзіна на радзіме могуць чакаць катаванні, але расійскі суд не пагадзіўся з рашэннем міжнароднага суду і выдаў шматразовага пераможцу і прызёра прэстыжных спаборніцтваў у адзінаборствах.
Фактычна, толькі аднаго чалавека з затрыманых пасля жніўня 2020 года вызвалілі. Гэта блогер Мікалай Давідчык, які амаль 20 гадоў пражыў у Маскве. У Беларусі Давідчыка абвінавацілі ў грубым парушэнні грамадскага парадку за адміністраванне тэлеграм-чату Ліды і накіравалі запыт аб яго экстрадыцыі. У сакавіку Мікалая затрымалі супрацоўнікі ФСБ. Ён правёў паўтара месяца ў СІЗА, пакуль расійская Генпракуратура нечакана не адхіліла запыт. Пасля вызвалення ён пераехаў у Польшчу.