Філосаф Мацкевіч з СІЗА: мой арышт быў чаканым
Філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч, знаходзячыся ў СІЗА ў Мінску, пісьмова адказаў на пытанні DW пра сваё стаўленне да абвінавачання, развіццё сітуацыі ў краіне і звярнуўся да беларусаў.
Беларускі філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч — адзін з
найвыбітнейшых інтэлектуалаў сучаснай Беларусі. Ён мае дачыненне да шматлікіх
значных праектаў, арганізацый і ініцыятыў у краіне. На працягу ўсёй сваёй
дзейнасці ён апаніраваў уладам Беларусі і вядомы адкрытымі лістамі на адрас
вышэйшага кіраўніцтва краіны, уключаючы Аляксандра Лукашэнку.
У пачатку жніўня супрацоўнікі КДБ правялі ператрус у
філосафа, а затым затрымалі па абвінавачанні ў «арганізацыі групавых
дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», цяпер Мацкевіч
утрымліваецца ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Праз некалькі дзён
пасля абвінавачвання «Deutsche Welle» атрымалася атрымаць ад Уладзіміра Мацкевіча
пісьмовыя адказы на некалькі пытанняў, у якіх ён падзяліўся сваім бачаннем
сітуацыі ў Беларусі.
— Уладзімір, як вы сябе адчуваеце? Як вы
паставіліся да свайго арышту, гэта было чакана?
— Адчуваю сябе нармальна. Перапады настрою
рэгулюю з дапамогай медытацыі, гімнастыкі і малітвы. Арышт быў чаканым, прычым
на працягу ўсяго года, але, як гэта часта бывае, усё адбылося нечакана. Я
думаў, што мяне могуць узяць у аэрапорце ці ў час вылету/прылёту, але калі
гэтага не здарылася, я трохі расслабіўся. І вось тады па мяне прыйшлі. Мая
разгубленасць доўжылася некалькі хвілін.
— Вас абвінавачваюць па ўжо «народным» артыкуле аб «арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», па ім праходзіць шмат палітвязняў Беларусі. Як вы можаце пракаментаваць
абвінавачанне супраць сябе?
— У абвінавачанні, якое я атрымаў, не названа ні адно маё
дзеянне або ўчынак, няма ні аднаго эпізоду. Я разумею, што падставай для арышту
сталі мае артыкулы, выказванні, ідэі і думкі, то-бок мяне збіраюцца судзіць за «думзлачынства» паводле Оруэла. Менавіта гэта як нельга лепш характарызуе
сённяшні рэжым у Беларусі.
— Калі ўлады праз год палітычнага крызісу дайшлі да арышту
філосафа, што гэта значыць? Як характарызуе сітуацыю ў краіне?
— Я ўжо амаль адказаў на гэтае пытанне. Рэжым арыштаваў
лідараў, здушыў і запалохаў актывістаў, адчуў сябе беспакараным, таму бярэцца
за ўсё, што з'яўляецца крыніцай любых перамен, прагрэсу, нясе пагрозу
дыктатуры і самавольству. Узяўся і за свабодную думку.
Рэпрэсіі супраць філосафаў і інтэлектуалаў характэрныя для
таталітарных рэжымаў, якія прэтэндуюць на поўную перабудову свету, а для
аўтарытарных рэжымаў — гэта, хутчэй, казус і промах. Але раз ужо рэжым на гэта
пайшоў, ён паставіў сябе ўпоравень з самымі
бесчалавечнымі рэжымамі XX стагоддзя.
— Вы заўсёды актыўна крытыкавалі ўлады Беларусі, пісалі
адкрытыя лісты вышэйшым службовым асобам краіны, уключаючы Аляксандра
Лукашэнку. Зараз, калі ў вас няма магчымасці публікаваць новыя тэксты, што вы
параіце пачытаць з раней апублікаванага?
— Можна пачытаць абодва лісты, адрасаваныя Аляксандру
Лукашэнку, хоць наогул у іх я звяртаюся да грамадзянскай супольнасці. Стан
спраў у сферы права і судовай сістэмы я падрабязна апісаў у лісце былому
міністру МУС Ігару Шуневічу.
Але я рэкамендую прачытаць «Паліттэхналогіі трэцяга
пакалення» — гэта пра тое, як уладкаваная псеўдапалітычная сфера Беларусі.
А таксама «Глабальнае пацяпленне пасля халоднай вайны», каб разумець,
што адбывалася ў Беларусі ў гады, якія папярэднічалі 2020 году.
— У 2018-2019 гадах вы гаварылі, што галоўнае пытанне, якое
будзе стаяць у Беларусі ў 2020 годзе: «Хто, калі не ён?» А якое галоўнае пытанне для краіны цяпер?
— Такая сітуацыя, як у 2020 годзе, складваецца нячаста, калі
розныя сілы і тэндэнцыі сыходзяцца ў адну кропку і іх можна сфармуляваць у
адным пытанні. Праўда, на яго не існуе простага адказу.
Цяпер сітуацыя зусім не такая. Няма простых пытанняў, няма
простых адказаў. Комплекс праблем і пытанняў, якія неабходна разбіраць і
вырашаць у сітуацыі контррэвалюцыі, я сфармуляваў у тэзісах аб 4-й Рэспубліцы,
Устаноўчым сходзе і пераўсталёўцы дзяржавы. Спадзяюся, што сябры і калегі
змогуць развіць гэтыя тэзісы, зрабіць іх больш даступнымі для шырокай публікі.
— У апошні час вы вельмі шмат пісалі пра сітуацыю ў Беларусі.
Як вы бачыце зыход падзей у краіне?
— Канчатковы зыход можна апісаць словамі Віталя Сіліцкага,
якімі ён назваў свой артыкул «Дыктатура руйнуецца». Да гэтага я магу дадаць толькі: «Амін».
Вось толькі Сіліцкі не дажыў да гэтай непазбежнай падзеі, а я не магу сказаць,
калі менавіта гэта адбудзецца.
— Што б вы перадалі палітычным лідарам і грамадзянам?
— Яднайцеся! І перастаньце спадзявацца на цуд, на тое, што
ўсе адбудзецца само сабой. Выратаванне Беларусі ў руках саміх беларусаў, і
ніхто звонку не зробіць за нас нашу працу. Праца павінна рабіцца з розумам.
Трэба перастаць камлаць,
напампоўваць адно аднаго пафасным пазітывам. Любая праца цяжкая, а час
святкаваць прыходзіць толькі пасля паспяховага завяршэння працы. Мы адкінутыя
далёка назад, усё трэба пачынаць спачатку. І каб пачаць — яднайцеся!
Тым часам паплечнікі Уладзіміра Мацкевіча стварылі ў Фэйсбуку адмысловую старонку, якую будуць весці ад імя філосафа і метадолага. Як адзначыла з гэтай нагоды Таццяна Вадалажская, «мы з сябрамі — каманда Мацкевіча — стварылі яго старонку і распачынаем кампанію "Філосаф_у_вязніцы". Мы працягнем размову, працягнем мысленне, нададзім энергіі і знойдзем выйсце».