Павел Севярынец заклікаў праваслаўных святароў весці набажэнствы па-беларуску. Хаця б раз на тыдзень
Пасланне палітвязня да праваслаўнага духавенства агучыла на сваёй старонцы ў фэйсбуку яго жонка Вольга Севярынец.
![Фота «Свабоды» Фота «Свабоды»](/img/v1/images/capture_559.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота «Свабоды»
«Паважаныя святары, пастары, вернікі! — піша з-за кратаў Павел Севярынец. —
Прыйшоў час сказаць пра набажэнствы ў беларускіх цэрквах па-беларуску.
Сярод відавочных прычынаў нашай сённяшняй бяды — адмаўленне ад дадзенай Богам мовы.
Госпад даў кожнаму народу сваю ўласную мову — каб прадухіліць пабудову сусветнай імперыі зла і паставіць заслон грэху агульначалавечай пыхі (гісторыю пра вавілонскае стаўпатварэнне мы чытаем у Быцці).
Больш таго, наш Збаўца і Госпад Ісус Хрыстос пасля Ўваскрасення запаведаў сваім вучням: Ідзіце, навучыце ўсе народы, хрысціце іх у Імя Айца, і Сына, і Духа Святога (Мацвея 28:19). Бог не сказаў: «усіх людзей», але падкрэсліў — «усе народы». І беларускі народ — у іх ліку.
«Мова наша святая, бо яна нам ад Бога дадзеная» — казаў адзін з апосталаў беларускага народа, глыбокі вернік, паэт і абаронца сялянаў Францішак Багушэвіч.
Безумоўна, наша сапраўдная Айчына на нябёсах. Але пачынаецца яна тут, у нашых сэрцах, у нашай Бацькаўшчыне: «Бо Царства Нябёснае ўнутры вас ёсць». Бог спытае за гэтую зямлю і гэты народ з нас, вернікаў.
Беларусь тысячу гадоў была і застаецца адной з улюбёных краінаў Божых. Беларуская гісторыя, пісьменнасць, культура і, нарэшце, царква — вынік унікальнага, трыадзінага спалучэння праваслаўя, каталіцтва і евангельскай веры. Беларуская сімволіка — бел-чырвона-белы сцяг Хрыста, гімн «Магутны Божа» і герб «Пагоня», вершнік Ісус з Апакаліпсіса — выключна хрысціянская.
Большасць беларускіх нацыяльнальных герояў — вернікі Ісуса Хрыста. Найлепшы для Беларусі палітычны лад — вечавая хрысціянская дэмакратыя. Полацкае княства, шляхецкая хрысціянская дэмакратыя ВКЛ і народная хрысціянская дэмакратыя новага часу. Беларускі менталітэт выяўлены ў Божых дарах любові, ахвярнасці, міру, цярпення — поўны евангельскага святла.
Таму, калі беларусы будуць чуць слова Божае па-беларуску — будзе і паўната адчування адказнасці за сваю краіну перад Богам, і гранне генаў за тысячу гадоў.
Сёння Госпад дае цудоўную магчымасць для беларусізацыі хрысціянаў і хрысціянізацыі беларусаў. Людзі ўзрушаныя, яны цягнуцца і да Бога, і да Беларусі. Таму царква мае весці глыбінную ўнутраную працу: шукаць і знайсці ў сабе Ісуса Хрыста, Які размаўляе па-беларуску.
Траціна трыадзінай беларускай хрысціянскай Царквы — Рыма-Каталіцкі Касцёл і Грэка-каталіцкая Царква — у асноўным беларускамоўныя. Мы бачым, што сёння яны — з народам. А вось беларускім праваслаўным і евангельскім цэрквам як паветра патрэбныя набажэнствы па-беларуску. У Беларускай Праваслаўнай Царкве, між іншым, беларуская мова — літургічная нароўні з царкоўнаславянскай, усё распрацавана, і для малітвы па-беларуску патрэбнае толькі рашэнне святара. У евангельскіх цэрквах пастарам варта згадаць: Рэфармацыя XVI стагоддзя, якая стала Залатым векам Беларусі, размаўляла па-беларуску.
Няхай усё пачнецца хаця б з аднаго беларускамоўнага набажэнства на тыдзень. Бог дапаможа і натхніць людзей. Няўжо беларусы ня вартыя аднаго беларускамоўнага набажэнства на 7 дзён, браты? Няўжо так і будзем маліцца да Бога не па-беларуску?
Бог даў нам мову — а мы адмаўляемся ды грэбліва адкідаем яе. Час пакаяцца за тое, што выракліся Божага дару — і ствараць плод, варты пакаяння. Ёсць жа цудоўныя праваслаўныя і евангельскія супольнасці, дзе беларуская мова квітнее! Пераймайце!
Дарагія браты і сёстры! Няхай Дух Святы натхняе вас у лета Гасподняе спрыяльнае: не баяцца, размаўляць з Творцам па-беларуску, і смела ісці пад сцягам Ісуса Хрыста на Святло Айца. Як напісана: «Вы — святло свету: не можа схавацца горад, які стаіць на версе гары. І запаліўшы свечку, не ставяць яе пад пасудзінаю, а на свечніку, і свеціць усім, хто ў доме» Мацвея 5:14-15».