Фядута: Абвінавачванне ў тэрарызме ў адрас Святланы Ціханоўскай прымушае вярнуцца ў красавік 2011-га
Аляксандр Фядута — аб гістарычных паралелях і ўласным вопыце.
«Гэта было страшна. Мяне зусім нядаўна выпусцілі з
«амерыканкі», і мы з сябрамі — гісторыкам Валянцінам Голубевым і кінакрытыкам
Андрэем Расінскім — сядзелі ў кафэ на плошчы Перамогі, згадвае Аляксандр Фядута на «Белсаце». — Пра ўсё пагаварылі, але
датэлефанавацца да прыяцеля, які абяцаў заехаць за мной, я не мог, таму размова
працягвалася — тым больш, што і кава не сканчалася.
І раптам мы ўбачылі, што за акном вельмі шмат людзей.
Здавалася, увесь Мінск выйшаў з метро і пайшоў па праспекце.
— Што здарылася? — спытаў я ў адміністратара кавярні. І яна адказала:
— Нейкі выбух.
Выбух здарыўся на станцыі метро «Кастрычніцкая» — наступнай
за «Плошчай Перамогі», калі ехаць у цэнтр. Людзі сапраўды выйшлі з метро:
проста таму, што цягнікі спынілі рух. І «хуткія» з сірэнамі імчаліся міма нас.
І датэлефанавацца можна было толькі па гарадской лініі, так што я парадаваўся,
што не адмовіўся ад стацыянарнага тэлефоннага апарата.
Я датэлефанаваўся. Жонка плакала: мой мабільнік не адказваў,
а па тэлевізары ўжо агучвалі версію Генадзя Давыдзькі аб тым, што ў выбуху можа
быць вінаватая апазіцыя.
Валянцін Голубеў паглядзеў на мяне:
— Слухай, можа быць, вас выпусцілі ўсіх, каб на вас гэты
выбух і зваліць?..
Я не знайшоўся, што адказаць.
Звалілі ў той раз не на апазіцыю. Звалілі на двух маладых
людзей, адзін з якіх так і не стаў змагацца за сваю невінаватасць, а другі
адмовіўся ад прызнальных паказанняў, але яму гэта не дапамагло. І нават
адвакату ў перапынку не далі магчымасць з ім пагаварыць.
Я аб чым?
Я пра тое, што ў той раз у выбуху ўсё шукалі палітычную
падаплёку. Лідар «Белай Русі» Генадзь Давыдзька падазраваў нас. А адзін з маіх
знаёмых нават аператыўнае з’яўленне машын «хуткай дапамогі» спісаў на
«гатоўнасць» улады: маўляў, ведалі, што выбух будзе, так і «карэты»
падрыхтавалі. І ў зʼяўленні Аляксандра Лукашэнкі на «Кастрычніцкай» разам з
сынам шмат што здавалася яму падазроным: маўляў, ведаў, што паўторнага выбуху
не будзе — вось і павалок Коленьку…
Паказальна ў дадзеным выпадку, што абедзве версіі хадзілі па
Мінску амаль на роўных правах.
11 красавіка 2011 года, дзесяць гадоў таму, здарылася
велізарная трагедыя. 15 чалавек загінулі, яшчэ 400 пацярпелі. І суд быццам бы
адбыўся. Толькі вось не ўсіх ён пераканаў сваім прысудам. І грамадства, так і
не здолела прыйсці да адзінай версіі таго, што здарылася, вырашыла забыцца пра
яе.
Цяпер улады аб ёй нагадалі. Маўляў, выбух мог адбыцца, і
вінаватымі яго былі б страшная Святлана Ціханоўская і кашмарны ByPol. Ужо і
дакументы збіраюць — каб выпісаць «вінаватых» у тым, што выбух не адбыўся, і
сурова іх пакараць. А заслужылі заахвочвання атрымаюць высокія ўрадавыя
ўзнагароды.
Моцна сумняваюся ў тым, каб маці дваіх дзяцей вырашылася
арганізоўваць — або нават проста заахвочваць спробы масавых забойстваў. Ды яшчэ
і такія, дзе могуць пацярпець дзеці (здаецца, сродак выбуху, згодна з агучанай
версіяй, збіраліся падкласці ў сметнік побач з дзіцячай пляцоўкай?). Вось усё, што
я ведаю пра Ціханоўскую — пра яе манеру гаварыць, пра тое, што яна думае і як
гэта адлюстроўваецца ў яе інтэрв’ю, — супярэчыць такім падазрэнням. Навошта ёй
гэта? Каб дэстабілізаваць абстаноўку? Каб зноў нарошчваць паток рэпрэсій? Не
верыцца. Наадварот: выбух і пошук вінаватых на нейкі час згуртавалі б частку
грамадства вакол яе галоўнага апанента. Тут нават яе і яе прыхільнікаў не трэба
было б ні ў чым вінаваціць. Проста: вось, хутка разабраліся і пакаралі. Дзякуй
гэтай пракуратуры, гэтаму Следчаму камітэту, гэтаму суду і нават гэтаму
ГУБАЗіКу. Дзякуй — таму што чарговага выбуху яшчэ доўга не будзе. Гадоў
дзесяць, як пасля 2011 года.
Але цяпер версія пра жанчыну, якая нібыта хацела падарваць
чужых дзяцей, абуджае ў памяці іншую версію, 2011 года, якая нават не
разглядалася ў судзе, а проста забылася з часам. Аб тым, што красавіцкі выбух у
метро як раз і патрэбны быў, каб з’яднаць грамадства, вярнуць павагу да
сілавікоў і суду, прымусіць забыцца пра халодныя плошчы снежня 2010 года і
збітага паэта, за якога яшчэ галасавалі па ўсёй краіне. Таму што пытанне «каму
выгадна?» задалі ў гэтым выпадку тыя, хто кантралюе суд і следства — але далі
толькі адну версію адказу на яго. І значыць, непазбежнае з’яўленне другой
версіі. Альтэрнатыўнай. Нешта накшталт:
— Каму выгадна? Вам.
Баюся, абвінавачванне ў адрас Ціханоўскай люстэркава
адгукнецца ў з’яўленні падазрэнняў на адрас самога Лукашэнкі. Лепш бы да такіх
рэчаў не звяртацца. Можа кепска скончыцца.