Святлана Ціханоўская абвясціла аб пачатку другога этапу падрыхтоўкі да перамоў

Святлана Ціханоўская падвяла вынікі першага этапа падрыхтоўкі да перамоў і абвясціла наступныя крокі. 

155309020_115613593860754_5350562419149792344_o_1.jpg


«Менш чым за два тыдні мы сабралі больш за 760 000 галасоў за мірнае рашэнне крызісу шляхам перамоў. Мы вярнулі сабе голас — і яго пачулі ўсе.
У ЗША і Германіі, Нарвегіі і Літве, Славеніі і Фінляндыі, Швецыі і Аўстрыі падтрымалі нас. Парламенцкая асамблея АБСЕ, ЗША і ЕС выступілі з заявамі, што будуць дапамагаць нам у арганізацыі дыялогу. Міжнародныя партнёры кажуць нам, што патрабаванне перамоў паказвае сталасць беларусаў як нацыі — бо гэта гатоўнасць прызнаць крызіс і вырашыць яго негвалтоўным шляхам. Гэтым мы адрозніваемся ад рэжыму, які разбурыў усе кантакты і сувязі і забыў усе мовы, акрамя мовы гвалту.
Але ён таксама пачуў наш голас. Гэта заўважна па спробах адключаць інтэрнэт, блакаваць сайты, прыдумляць фэйкавыя рассылкі і нават тэракты. Але мы ўжо не спынімся — колькі б яшчэ перашкод і пустых абвінавачанняў нам ні прыдумалі.
Наш голас пачула і Расія. Перамовы не сходзяць з абмеркаванняў у расійскіх СМІ і кулуарах. Макрон і Меркель размаўляюць з Пуціным пра беларускі дыялог. А значыць, мы з вамі робім усё робім правільна», — гаворыцца ў заяве Святланы Ціханоўскай.
Святлана Ціханоўская абвясціла аб пачатку другога этапу падрыхтоўкі да перамоў і распавяла пра два кірункі працы.
Першым напрамкам яна назвала прымус да перамоў.
«Мы ведаем, што рэжым добраахвотна на іх не пойдзе. Таму наша задача — узмацняць знешні і ўнутраны ціск і шукаць новыя формы пратэсту. За час галасавання балтыйскія краіны ўвялі свае новыя санкцыі, а Швейцарыя далучылася да трэцяга пакета санкцый ЕС.
Кожны з вас можа ўнесці ўклад у ціск на рэжым. Далучайцеся да працоўнага руху. Прымайце ўдзел у вулічных акцыях. Здымайце з рахункаў беларускія рублі і абменьвайце іх на валюту. Падтрымлівайце сем'і палітвязняў. Дапамагайце праўдзівай інфармацыі даходзіць ва ўсе куткі краіны. Прыводзьце ў галасаванне на платформе "Голас" сваякоў і знаёмых, якія сумняваліся або баяліся націснуць кнопку. Выбірайце і асвойвайце даступныя Вам формы пратэсту».
А другі напрамак — падрыхтоўка і арганізацыя перамоў.
«Наша задача на бліжэйшыя тыдні — выпрацаваць адказ на два галоўныя пытанні.
Пытанне №1: якімі будуць пляцоўка і фармат перамоў?
Мая каманда мае зносіны з прадстаўнікамі міжнародных арганізацый, экспертных груп і ўрадаў. І з іх дапамогай мы знойдзем аптымальныя рашэнні, дзе, калі і як будзе адбывацца дыялог. Некалькі краін ужо прапаноўваюць сябе ў ролі медыятараў, а найбольш верагоднай платформай выглядае АБСЕ. Разам з кіраўніком майго кабінета прадстаўнікоў Валерыем Кавалеўскім, дарадцамі Аляксандрам Дабравольскім і Франакам Вячоркам мы ўжо вядзём закрытыя кансультацыі па гэтых пытаннях.
Пытанне № 2: якімі будуць бакі перамоў?
Тут наша задача — вызначыць бакі дыялогу і перамоўныя групы. Бо заклад эфектыўных перамоў — выбраць правільных і дамоваздольных людзей, якія хочуць вывесці Беларусь з крызісу, як і мы. І мы ведаем, што такія людзі ёсць.
Вядома, мы не забываем пра нашы першапачатковыя патрабаванні: перамовы магчымыя толькі пры ўмове спынення гвалту і вызвалення палітвязняў. Гэта стане першым і галоўным сігналам да дыялогу. А да гэтага моманту кожны тыдзень мы будзем распавядаць вам пра прагрэс у нашай працы па падрыхтоўцы».