52 % за Ціханоўскую і 17,6 % за Лукашэнку. Нямецкія сацыёлагі высветлілі, як галасавалі беларусы

Нямецкі навукова-даследчы інстытут ZOiS апублікаваў даследаванне на падставе праведзенага ў снежні 2020 года інтэрнэт-апытання грамадзян Беларусі пра грамадства і палітыку.

image_uploaded_from_ios4_1_scaled.jpg

У апытанні ўзялі ўдзел больш за 2 тысячы беларусаў векам ад 16 да 64 гадоў, якія жывуць у гарадах з колькасцю насельніцтва больш за 20 тысяч чалавек. Колькасць розных груп апытаных вызначалася ў адпаведнасці з прапорцыямі паводле ўзросту, полу і месца жыхарства.

За каго галасавалі беларусы?

Паводле вынікаў апытання, 65% рэспандэнтаў часткова або цалкам пагадзіліся з тым, што вынікі прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года былі сфальсіфікаваныя на карысць Аляксандра Лукашэнкі. Найбольш такіх — сярод мужчын і людзей з вышэйшай адукацыяй.

Крыху больш за 52% удзельнікаў апытання заявілі, што на выбарах галасавалі за Святлану Ціханоўскую. За Аляксандра Лукашэнку прагаласавалі 17,6% рэспандэнтаў. Супраць усіх — 8,4%, за астатніх трох кандыдатаў разам — менш за 3%. Адмовіліся адказваць на пытанне 18,6%.

Аляксандра Лукашэнку найбольш падтрымлівалі людзі старэйшага пакалення і жанчыны, жыхары невялікіх паселішчаў, людзі з больш высокімі даходамі, а таксама паслядоўнікі праваслаўнай царквы. А вось Святлана Ціханоўская была больш папулярная сярод мужчын, студэнтаў, жыхароў вялікіх гарадоў, занятых у прыватным сектары. Толькі чвэрць з тых, хто галасаваў за Лукашэнку, падтрымалі яго, бо ён рэпрэзентаваў іх палітычныя погляды.

Каля 14% апытаных заявілі, што бралі ўдзел у акцыях пратэсту пасля выбараў. Гэта прыблізна 700 тысяч асоб з 5 мільёнаў жыхароў Беларусі, узроставыя ды іншыя групы якіх ахоплівае даследаванне. Каля паловы апытаных асабіста ведаюць асобу, якая брала ўдзел у пратэстах.

Каму давяраюць беларусы

Давер да беларускіх палітычных структур у цэлым застаецца нізкім і да многіх яшчэ знізіўся. Прыкладна аднолькава ўпаў давер насельніцтва да органаў выканаўчай, заканадаўчай і судовай улад, а таксама праваахоўных органаў. Найбольшая колькасць апытаных давярае Каардынацыйнай радзе і Беларускай праваслаўнай царкве.

Гвалт сілавікоў, паводле даследавання, стаўся важным фактарам ва ўзмацненні страху і заклапочанасці сярод беларускіх грамадзян.

Апытанне таксама паказала, што сацсеткі ды інтэрнэт-медыя дамінуюць у інфармацыйным полі беларускага грамадства: больш за 70% апытаных выкарыстоўваюць іх як асноўная крыніцы звестак пра актуальныя падзеі.

Погляды на нацыянальны сцяг падзяліліся: 41% апытаных лічаць цяперашні дзяржаўны сцяг прымальным сімвалам дзяржавы, а 36% аддалі перавагу бел-чырвона-беламу.
Паводле «Белсата».