Ціханоўская звярнулася да міжнародных лідараў за падтрымкай Каардынацыйнай рады
«Сёння разам са Святланай Алексіевіч і 55 членамі асноўнага складу Каардынацыйнай рады я накіравала ліст у міжнародныя арганізацыі і структуры, у тым ліку — ААН, АБСЕ, Еўрапарламент, Дзярждэпартамент ЗША і Раду Еўропы, з заклікам выступіць у падтрымку КР», — паведамляецца ў яе тэлеграм-канале.
«З моманту стварэння сябры КР падвяргаліся ціску і рэпрэсіям, многія яе лідары — у турме або вымушана знаходзяцца не ў Беларусі, а значыць не могуць галасаваць пры прыняцці рашэнняў».
Святлана Ціханоўская зазначае, што апошнія тыдні пачалі ўводзіцца новыя «законы», якімі спрабуюць апраўдаць рэпрэсіі. Супраць членаў КР заводзяць крымінальныя справы, абвінавачваюць у экстрэмізме і тэрарызме.
«Усё, чаго мы хочам, — гэта мірнае вырашэнне палітычнага крызісу ў Беларусі. Менавіта за гэта беларусы галасавалі на прэзідэнцкіх выбарах 9 жніўня. І менавіта за гэта больш за 760 000 беларусаў прагаласавалі на платформе «Голас», — кажа яна і просіць міжнародную супольнасць падтрымаць Каардынацыйную раду.