Глядзіце, якія людзі!

Людзі, менавіта людзі былі галоўнымі дзеючымі асобамі мінулага тыдня. Прычым здарылася тое, чаго даўно чакалі і не маглі дачакацца шмат год. І вось — яно здарылася!

Людзі, менавіта людзі былі галоўнымі дзеючымі асобамі мінулага тыдня. Прычым здарылася тое, чаго даўно чакалі і не маглі дачакацца шмат год. І вось — яно здарылася!

У Чарнігаве сустрэліся прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка. Гэтая сустрэча планавалася, бадай, з самага першага дня прэзідэнцтва Юшчанкі, з перамогі «памаранчавай рэвалюцыі» ў 2004 годзе. Цягам некалькіх гадоў яна адкладалася, адкладалася, адкладалася… І нарэшце, адбылася.

Адметна тое, што ні адзін, ні другі не прынялі запрашэння Мядзведзева і не паехалі ў Маскву на газавы саміт. Замест гэтага яны пачалі ўяўна «сябраваць супраць Расіі». На пачатку чарнігаўскай сустрэчы Лукашэнка ў прысутнасці журналістаў нагадаў пра прапанову прэзідэнта Украіны стварыць калідор Чорнае мора — Балтыйскае мора. «Мы гатовыя працаваць з вамі і з краінамі Балтыі ў гэтым кірунку», — сказаў ён.

Па словах Юшчанкі, у Чарнігаве была дасягнутая дамоўленасць пра аднаўленне экспарту ўкраінскай электраэнергіі ў Беларусь і праз нашу краіну ў Балтыю, дзе пасля закрыцця Ігналінскай АЭС будзе дэфіцыт электрычнасці.

Наступны пункт супадзення інтарэсаў — газавая сфера. У мінулыя гады «Газпраму» ўдавалася цаной зніжак эфектыўна блакаваць каардынацыю дзеянняў Украіны і Беларусі. Гаворачы пра канфлікт гэтага года, Юшчанка падкрэсліў, што «ўжо ніколі не будзе газавая палітыка такой, якой яна была да 1 студзеня 2009 года. Выйдуць усе з навукай: Украіна, Беларусь, Расія, Еўрасаюз. Мы больш такімі не будзем: бесклапотнымі, даверлівымі».

Лукашэнка падкрэсліў, што праект нафтаправоду «Адэса—Броды» не страціў сваёй актуальнасці для Беларусі. Карацей, сяброўства супраць Расіі квітнее і набірае моц. Калі, канешне, усе дамоўленасці будуць выкананыя. Застаецца толькі прыняць прапанову ўкраінскіх эканамістаў і скарэктаваць кошт на транзіт газа да 3–6 еўра за тысячу кубоў — еўрапейскі кошт транзіту.

Тым больш, што, паводле газеты «Коммерсант», цана газу для Беларусі ў першым квартале складзе $240 за тысячу кубічных метраў. Сярэднегадавая цана на газ для Украіны будзе 235 долараў.

Яшчэ адзін чалавек тыдня, безумоўна, — новы амерыканскі прэзідэнт Барак Абама. 20 студзеня ён прынёс прысягу на прэзідэнцкую пасаду. Прамова Абамы некаторым чынам прыдатная і для Беларусі. У прыватнасці, Абама сказаў: «Наша эканоміка сур’ёзна аслаблена ў выніку сквапнасці і безадказнасці некаторых, а таксама з-за няздольнасці нас усіх зрабіць цяжкі выбар і падрыхтаваць краіну да новай эпохі. Прападаюць дамы, страчваюцца працоўныя месцы, разбураецца бізнес. Наша сістэма аховы здароўя занадта дарагая, шмат чаго не хапае нашым школам, і кожны дзень прыносіць новыя сведчанні таго, што тое, як мы спажываем энергію, узмацняе нашых супернікаў і пагражае нашай планеце… Менш падлеглае вымярэнню, але не менш глыбокае — аслабленне даверу па ўсёй нашай краіне».

Пагадзіцеся, ну пра Беларусь сказана! Здаецца, таму беларускія эксперты і палітолагі на поўным сур’ёзе разважаюць пра тое, што Беларусі на прэзідэнцкіх выбарах 2011 года патрэбен «свой Абама». Але яшчэ невядома, хто на сябе прымерыць імідж «энергічнага палітыка новай генерацыі».

Пакуль апазіцыя шукае, улада, здаецца, ужо знайшла. Прынамсі, з тэлефанаванняў на радыё «Свабода» адна слухачка выказала думку, што праўладным кандыдатам будзе спадарыня Наталля Пяткевіч, — першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. Дасведчаная і сімпатычная жанчына, юрыст, «малады палітык». Гэта вам не апазіцыянеры, якія па дзесятку год сядзяць на кіроўных пасадах і цудоўна могуць патлумачыць, чаму яны ў чарговы раз прайгралі «бітву за электарат».

Яшчэ адзін чалавек выйграў прыз ад лёсу на гэтым тыдні. Увечары панядзелка шляхам глядацкага галасавання пасля фіналу беларускага конкурсу «Еўрафэст» было вырашана, што прадстаўляць нашу краіну на «Еўрабачанні» будзе Пётр Ялфімаў. Ён перамог з немалым адрывам: за яго прагаласавалі 11 475 гледачоў. Другое месца заняла Гюнеш (7 949 галасоў), трэцяе — праект «Litesound і Дакота» (4 385). Чацвёртае месца ў гурта «Вецер у галаве» (2 804). Апошняе месца ў Дамінікі (1 225 галасоў).

У інтэрнэце з-за гэтай перамогі адразу ж узнік скандал. Сеціўныя крыніцы сцвярджаюць, што Ялфімава выбралі пераможцам сёлетняга адбору на «Еўрабачанне» задоўга да фінальнага канцэрту. Быццам бы дыплом Ялфімава як пераможцы адбору на «Еўрабачанне» быў апублікаваны ў інтэрнэце задоўга да сканчэння «галасавання».
Але гэта, маем надзею, не сапсуе Пятру свята. Бо такія чуткі пра фальсіфікацыю вынікаў галасавання распаўсюджваюцца пры кожным адборы нашых кандыдатаў на «Еўрабачанне». Перамажы Гюнеш — і яе б таксама абвінавацілі ў фальсіфікацыях. Такія скандалы ўзнікаюць настолькі рэгулярна, што ўжо падаюцца звыклым і заезджаным піяр-ходам з боку самога выканаўцы.