Гродна. Вільня. Ашмяны. Вілейка. Докшыцы.

Гродна. Новая кніга празаіка і журналіста

Гродна. Новая кніга празаіка і журналіста
1 лістапада спаўняецца 25 гадоў з таго дня, як Сяргей Астраўцоў пачаў працаваць у Гродна журналістам. Адначасова ён стаў пісаць прозу. У апошняй кнізе «Каты Ёзафа Ратцынгера. Апавяданні, эсэ, зацемкі, рэпартажы з Гародні» сабраны тэксты ў розных жанрах, якія аўтар друкаваў у газеце «Наша Ніва». У першым, адноўленым у 1991 годзе, нумары газеты выйшла яго апавяданне «Мытыя яблыкі» — пра падзеі 1968 года ў Чэхаславаччыне. Апошні тэкст кнігі датуецца 2007-м годам, гэта кароткае эсэ «Рымскае варэнне з Крэйдавых гор». У гэты дзень у памяшканні ТБШ адбудзецца прэзентацыя гэтай кнігі.
Вільня. Уганаравалі беларуса
У Віленскай ратушы адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароды найбольш выбітных віленчукоў за значны ўклад у развіццё горада Вільні і Віленскай самауправы. Гэтай узнагародай, якая ўручалася ўпершыню, былі адзначаны чыноўнікі, чальцы сойму, мастакі, грамадскія дзеячы. Усяго было адзначана 19 чалавек. Сярод іх — старшыня Таварыства беларускай культуры Хведар Нюнька. Віленская самауправа высока ацаніла яго працу на ніве беларушчыны і ўзбагачэнне культуры Вільні. Нюнька быў адзіным з прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў, хто атрымаў гэту высокую ўзнагароду «За заслугі для Віленскай самауправай».
Ашмяны. Юбілей школы па-беларуску
Творчая сустрэча з бардам ды дударом Змітром Сідаровічам і салісткай Дзяржаўнага камернага хору РБ Таццянай Матафонавай адбылася ў сярэдняй агульнаадукацыйнай школе вёскі Кальчуны Ашмянскага раёну. Школа ў гэты дзень святкавала 40-годдзе. Дырэктар школы Антон Пятровіч Шмукста зазначыў: «Такія сустрэчы 15 гадоў таму былі частымі, а цяпер, на жаль, вельмі рэдкія. У нас, напрыклад, усе маладыя настаўнікі паехалі нядаўна ў Гальшаны на фэст, дзе выступалі гурты «Унія», «Стары Ольса». Маладое пакаленне вельмі цікавіцца нефармальнай маладой беларускай культурай. Наогул, трэба, каб у краіне было сапраўднае двухмоўе, бо пытанні мовы ў блізкай нам Літве, і на Украіне, вырашаюцца спакойна, нам беларускую мову трэба вучыць і карыстацца ёй належным чынам». Зміцер Сідаровіч падкрэсліў, што паводле яго назіранняў на апошніх канцэртах у правінцыі заўважаецца вялікая цікавасць да дзеячаў беларускай культуры. Дарэчы, выступы артыстаў адбываліся ў межах кампаніі «Будзьма беларусамі» і прайшлі ў саміх Ашмянах і Лідзе.
Вілейка. Прэзентацыя праекта
У Вілейцы адбылася прэзентацыя краязнаўчага праекту «Шляхамі Вілейшчыны». Праект прадстаўляе сабой мультымедыйны дыск, у якім прысутнічаюць тэкставыя і графічныя матэрыялы пра розныя аб’екты раёна. Дыск прысвечаны светлай памяці трагічна загінулага мясцовага даследчыка даўніны і сучаснасці Віталя Міхайлавіча Кастэнкі. Падчас прэзентацыі стваральнікі дыску распавялі пра гісторыю ідэі, этапы яе рэалізацыі. Прэзентаваная версія не з’яўляецца канчатковым варыянтам. Дыск будзе ўвесь час папаўняцца новымі матэрыяламі. Стваральнікі заклікаюць усіх ахвочых далучацца да яго напаўнення.
Докшыцы. Супраць камунізму і фашызму
Увечары 10 кастрычніка маладзёны раздавалі ў Докшыцах улёткі «Камунізм=фашызм», на адваротным баку якіх утрымлівалася інфармацыя пра злачынствы камуністычнага рэжыму. Уначы з суботы на нядзелю ўлёткі гэткага ж зместу з’явіліся на слупах і агароджах у цэнтры горада, а таксама на помніку Леніну.
Гродна. Скандальны фільм у «Свабодным кіно»
У памяшканні Таварыства беларускай школы адбыўся сумесны прагляд фільма «Акупацыя. Містэрыя» — мастацкага фільма рэжысёра Андрэя Кудзіненкі па сцэнару Аляксандра Качана, знятага ў 2004 годзе. Экзістэнцыяльная драма з элементамі трылеру. У Беларусі за недастатковы патрыятызм фільм забаронены да пракату. Ён складаецца з трох навелаў пра каханне на фоне фашысцкай акупацыі Беларусі. Тры прыватныя гісторыі без усялякага гераізму вайны. Поўны пераварот у разуменні таго, хто такія беларусы, а хто — савецкія партызаны, якія дзейнічалі падчас вайны на тэрыторыі нашай краіны. «Акупацыя. Містэрыі» — першы несавецкі беларускі фільм. Фільм пачынаецца з правакацыйнага сцверджання: «Пяцьсот гадоў таму яны не ведалі, што яны беларусы, але іх дзяржава была найбольшай у Еўропе. Калі яны даведаліся пра гэта, у іх ужо не было дзяржавы. Сто гадоў іх лічылі недаробленымі рускімі. Потым дваццаць гадоў — непаўнавартаснымі палякамі. Яшчэ два гады — савецкімі. А потым пачалася вайна і акупацыя. Пасля чаго беларусаў засталося зусім мала. Цяпер у беларусаў ёсць дзяржава. Але іх саміх ужо няма».