Гамяльчанка, якой прысудзілі 105 сутак арышту, застанецца за кратамі да 9 траўня

Апеляцыйную скаргу на пастанову суда Навабеліцкага раёна Гомеля 31-гадовай гамяльчанкі Насці Перавошчыкавай, якая адбывае 105-дзённы арышт, сёння разглядалі ў абласным судзе Гомеля. Вынік — пакінуць пастанову раённага суда без змен, а скаргу — без задавальнення. Хто такая Наста Перавошчыкава і за што яна атрымала рэкордныя для Беларусі па арт. 23.34 КаАП РБ 105 сутак адміністрацыйнага арышту – у матэрыяле «Белсата».

Наста Перавошчыкава, фота з сямейнага архіва

Наста Перавошчыкава, фота з сямейнага архіва


Наста Перавошчыкава скончыла медыцынскае вучылішча, а потым — медыцынскі ўніверсітэт, і да траўня мінулага года працавала судмедэксперткай. Маці Алена кажа, што дачка характарам спакойная і ціхая, любіць вандроўкі, кнігі, вышыванне, мультфільмы анімэ, шпацыры. Палітыкай да выбараў не цікавілася, але ўсё змянілася ў паслявыбарчы перыяд.
Наста разам з маці былі ўдзельніцамі гомельскіх жаночых акцый і маршаў пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў. Калі арганізаваная вулічная актыўнасць сціхла, дачка і маці пачалі займацца партызанінгам: фатаграфавалася з БЧБ-сімволікай і плакатамі.
«У Насці абвостранае пачуццё справядлівасці, — кажа яе маці Алена Міціна. — Дачка вельмі моцна перажывала за тое, што адбываецца ў Беларусі пасля выбараў: фальсіфікацыі, гвалт сілавікоў, пераслед актывістаў».
Упершыню Насту і маці затрымалі 22 студзеня. Па месцы жыхарства жанчын і 89-гадовага дзядулі ўчынілі ператрус. Шукалі сцяг Навабеліцы, з якім часта фатаграфаваліся актывісты. Сцяга не знайшлі, але ў камп’ютары быў макет сцяга. Алену Міціну адпусцілі з пастарунка, а Насту змясцілі ў ізалятар. Наступным днём суд Навабеліцкага раёна даў ёй 15 сутак. 2 лютага яна выйшла з ізалятара, але праз два дні яе зноў затрымалі і асудзілі на 15 сутак. Цягам адбывання пакарання яе ўжо 5 разоў прывозілі на суд і дадавалі штораз чарговыя 15 сутак (суддзі Зінчук і Манжас). Агулам маладая жанчына атрымала 105 сутак.
Амаль усе пратаколы на Насту склаў падпалкоўнік АУСа Навабеліцкага раёна Дзмітрый Кротаў.
У прыватнай гутарцы з маці міліцыянт хваліўся, што да Насты ў яго быў асабісты «рэкорд»: 85 сутак для аднаго мужчыны.
«Відаць, Кротаў цешыцца, што Насцінай справай ён моцна палепшыў свой папярэдні "рэкорд". Ён мне сказаў, што Наста будзе адказваць за ўсіх, — згадвае маці. — Маўляў частка актывістаў з’ехала з Беларусі, камусьці нельга даваць арышт, бо ў іх непаўналетнія дзеці. Апроч маёй дачкі і пакараць яму няма каго».
Працоўныя «подзвігі» падпалкоўніка не засталіся па-за ўвагай грамадскасці. Беларусы з Нямеччыны, Перу, Бельгіі, Францыі пачалі фатаграфавацца з плакатамі ў падтрымку Насты і са зваротамі да Кротава: «Дзмітрый Кротаў, памятай, што Наста змагаецца за годнае жыццё для нас, у тым ліку і для цябе», «Зміцер Кротаў, жыць трэба з годнасцю. Наста — герой, а ты?», «Кротаў, а вы сваіх дзяцей таксама ў кут на суткі ставіце?», «Кротаў Зміцер, сумленне не купляецца за зоркі на пагонах. Ты — кат. Спыні свой тэрор супраць Насты», «Кротаў, ты мужык, сумленне ёсць, спіш спакойна? Патрабуем, спыні пераслед Насты», «Кротаў, сумленне без зубоў, а грызе, памятай пра гэта. Спыні пераслед Насты», «Кротаў, суцішся, лаві злачынцаў, а не дзяўчын са сцягамі».



Тыдзень таму гамельчукі накіравалі калектыўны зварот да пракурора Гомеля Юрыя Булынкі з просьбай праверыць законнасць 105-дзённага арышту для Насты Перавошчыкавай. Яны звяртаюць увагу пракурора на грубыя працэсуальныя парушэнні як падчас затрымання і складання пратаколу, так і падчас суду. Напрыклад, Насту ў большасці выпадкаў пазбавілі права мець абаронцу. Толькі на 3 судовыя працэсы з 7 здолела патрапіць Насціна адвакатка. Суды адбываліся ў напаўтаемным рэжыме: былі выпадкі, калі пра іх не паведамлялі ні сваякам, ні абаронцы. У зняволенні Наста не мела магчымасці напісаць скаргу ў абласны суд. Такім чынам, падпісанты паведамілі пракурору, што парушаўся прынцып галоснасці, адкрытасці суду, Насту пазбавілі права на абарону і абскарджванне.
У заяве да пракурора пазначылі, што, паводле працэсуальнага права, калі асоба здзяйсняе аднолькавыя правапарушэнні, іх могуць аб’яднаць і разглядаць у адным працэсе, адпаведна, і пакараць агулам за ўсе правапарушэнні, а не за кожнае максімальным тэрмінам арышту, як у выпадку з Перавошчыкавай.
Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Насцю палітзняволенай.

k1vzbbwi7di.jpg


Лісты з-за кратаў

Наста Перавошчыкава спачатку сядзела ў гомельскім ізалятары, а потым яе перавялі ў Буда-Кашалёва. Яе маці двойчы на тыдзень возіць для дачкі перадачы. Наста дасылае лісты маці, распавядае пра турэмны побыт, сукамерніц, распытвае пра матчыны справы, дзядулю, ката:
10.02. «Прывітанне, мая харошая! У мяне ўсё нармальна. Хоць я ўчора з 12 да 21 была ў міліцыі галодная, вечарам у камеры мне ўдалося папіць гарбаты і наесціся хлеба. Прынеслі ад цябе перадачу, вялікі дзякуй. Праўда, чамусьці прынялі менш за палову рэчаў. Самае крыўднае, што кніжку не перадалі... Апошнія дзве ночы было вельмі холадна, але коўдру, кажуць, перадаваць не стануць... Учора з раніцы мне было дрэнна і калаціла, але сёння я адчуваю сябе нармальна».
12.02. «Сёння прыязджаў пагаварыць хтосьці з крымінальнага вышуку. Ён быў незадаволены тым, што я мала што магла яму расказаць, але гаварыў спакойна. Калі я сказала пра адваката, размову адразу спыніў... Старайся берагчы сваё здароўе, еш добра, думай пра добрае. Усё будзе нармальна. Я часта ўяўляю, як мы будзем гуляць па наваколлі, як тады, у твой Дзень нараджэння. У нас наперадзе яшчэ шмат добрых дзён. Перадавай прывітанне дзядулю, кату і ўсім астатнім. Я вас усіх вельмі люблю і ў думках абдымаю».
16.02. «Атрымала перадачу, вялікі дзякуй. Усё вельмі дарэчы, асабліва вітаміны, кніга і печыва. З паперай тут, як бачыш, дэфіцыт, так што ты правільна робіш, што дасылаеш мне чыстыя лісты».
17.02. «У цэлым настрой у мяне аптымістычны. Я зараз у двухмеснай камеры з добрай дзяўчынай... Надвор'е цяпер выдатнае, і нават у камеры весялей, калі свеціць сонца. Часам чую непадалёк сініц».
18.02. «Прывітанне, сонейка! Сёння я атрымала ад цябе вялікі ліст і паштоўку ад Наташы. Потым перад абедам мяне зноў павезлі ў РАУС, але да вячэры вярнулі. Такім чынам, пачынаючы з 22 студзеня, у мяне 4 разы па 15 сутак, можа быць, больш дадаваць не будуць... У мяне ў цэлым усё нармальна. Будзь здаровая. Я цябе люблю».
23.02. «Мне асабліва прыемна было чытаць пра твае хатнія справы і пра ката. Я вельмі сумую. Гэта, бадай, адзінае, ад чаго я тут пакутую. Так у мяне ўсё нармальна, самаадчуванне добрае... Зычу табе стойкасці, надзеі, моцнага здароўя і добрага настрою».
27.02. «З вечара чацвярга я ў іншай камеры на 6 чалавек, яна досыць вялікая. Зараз чытаю Верасаева. Малюю ручкай на лістах, падзеленых на 4 часткі — прыдумляю сюжэты для вышывання... Па начах ужо цяплей, і я зусім не мёрзну цяпер... Дзякуй, што перадала печыва, яблыкі і часнык. Тут асабліва не хапае гародніны».
4.03. «Сёння мяне зноў павезлі... так што, па маіх разліках, я павінна выйсці 9 траўня. Дзень сёння, наогул, быў добры. Калі мяне вялі ў суд, я, як ніколі востра, адчула хараство ранняй вясны. Прыемны свежы ветрык, галасы птушак, прастор неба, адтала зямля — ​​гэта ўсё мяне падбадзёрыла. Вярнулася я да вячэры, і абед для мяне таксама пакінулі».
7.03. «Сёння снілася, што прынеслі ад цябе некалькі лістоў. На самай справе, я ўжо чакаю і чакаю, але даўно не атрымлівала тваіх лістоў».
8.03. «Сёння ў першай палове дня схадзілі на шпацыр, патапталіся па свежым снезе, падыхалі паветрам. На абед далі смачны кампот з цытрын — напэўна да свята... Чакаю тваіх лістоў. Напішы пра свае справы, пра дом, пра ката. Перадавай усім прывітанне. Беражыце сябе».
9.03. «Я зноў задаюся пытаннем: як так атрымалася, што будучы перакананай дамаседкай, я трапіла ў нейкія прыгоды, як які-небудзь Бэгінс? Дарэчы, што ты цяпер чытаеш?».
Наста Перавошчыкава застанецца за кратамі да 9 траўня. Ёй можна напісаць на адрас: ІЧУ, вул. Піянерская, д. 2, Буда-Кашалёва, Гомельская вобласць.
Паводле Ганны Кавальчук, belsat.eu