У Беларусі затрыманы некалі блізкі да Лукашэнкі бізнесовец Юрый Чыж

Беларускія сілавікі ў панядзелак увечары затрымалі некалі блізкага да Лукашэнкі бізнесоўца Юрыя Чыжа.

0410_hdz_chyzh_clock_2013_01.jpg


Як паведамляе «Наша Ніва» са спасылкай на ўласныя крыніцы, напярэдадні затрымання Чыж правёў некалькі дзён у Маскве і быў арыштаваны адразу пасля вяртання.

Разам з Чыжом былі затрыманыя кіраўнікі некалькіх кампаній, якія засталіся ў бізнесмена пасля разгрому яго імперыі.

Прэтэнзіі ў сілавікоў узніклі да топ-менеджмента «Кварцкрэйдапрам» — прадпрыемства ў Маларыцкім раёне, якое забяспечвала крэйдай бярозаўскі завод па вырабе будматэрыялаў (таксама належыць Чыжу). Таксама нібыта затрыманы хтосьці з кіраўнікоў «Данпрад» — прадпрыемства на Валожыншчыне, якое вырабляла свініну.

Нарэшце, прыйшлі і ў «НафтаХімТрэйдынг» — адзін з апошніх бізнесаў Чыжа, які паспяхова працягваў працаваць. У сеткі з 11 заправак, тры з якіх знаходзяцца ў Мінску, месяц таму забралі ліцэнзію на продаж паліва.

Як вядома «Нашай Ніве», сэнс справы перагукаецца з ранейшай крымінальнай справай супраць Чыжа ў 2016-м — калі яго затрымлівалі па падазрэнні ва ўхіленні ад сплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры.

Нагадаем, Юрыя Чыжа лічылі адным з найбагацейшых людзей краіны. Ён часцяком з’яўляўся у камандзе Лукашэнкі і быў уласнікам футбольнага клуба «Дынама» (Мінск). Але ў сакавіку 2016 года ён быў затрыманы КДБ па падазрэнні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры. У СІЗА ён знаходзіўся да верасня. 11 верасня Лукашэнка сказаў, што «справа Чыжа» знаходзіцца на яго кантролі. «І не толькі таму, што ён буйны бізнесмен. Ён недалёка часам быў ад прэзідэнта ... Многія асацыявалі яго паводзіны з імем прэзідэнта. Мне гэта неабыякава, шчыра кажу», — прызнаўся Лукашэнка. Разам з тым, ён паведаміў, што бізнесмену ўжо прад'яўленыя абвінавачанні і Чыж гатовы пакрыць шкоду, якая складае «12 ці 13 мільёнаў». Лукашэнка таксама адзначыў, што «калі ён мяне пра нешта папросіць, я разгледжу яго просьбу».

14 верасня Чыж быў адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе. Справа да суда не дайшла, бо Чыж прызнаў віну і кампенсаваў шкоду. Але, як можна меркаваць, рахунак яму выставілі немалы і расцягнуты ў часе. Па стане на 2021 год ён нібыта заставаўся вінны і дзяржаве, і бізнес-партнёрам, якія спаганялі з Чыжа даўгі праз суд. Але Чыж па абавязацельствах нібыта не плаціў, хаця асобныя яшчэ «жывыя» яго бізнесы прыносілі грошы.

Справы Чыжа за апошнія гады моцна пагоршалі, у рэйтынгу ўплывовых бізнесменаў ён скаціўся на 88 месца, хоць у канцы 2000-х узначальваў топ.

Цікавы момант: катэдж у Драздах, які некалі належаў мільянеру, а потым перайшоў яго сыну Сяргею Чыжу, тры дні таму змяніў уласніка. Элітную нерухомасць раптоўна падарылі Паліне Чыж, жонцы Сяргея.

Справа ў тым, што падчас папярэдняй крымінальнай справы супраць Юрыя Чыжа КДБ наклаў арышт не толькі на яго маёмасць, але і на маёмасць дзяцей.