«Душылі і заплюшчвалі вочы». Мастачку Лізавету Ганчарову арыштавалі на 15 сутак
У суботу 13 сакавіка затрымалі мастачку Лізавету Ганчарову разам з яе бацькам. У Цэнтральным РУУСе на іх склалі пратаколы па арт. 24.23 КаАП, а потым да суда адправілі ў ЦІП на Акрэсціна. Сёння іх справы разглядаў суддзя Цэнтральнага раёна Дзмітрый Карсюк, паведамляюць праваабаронцы.
Спачатку суд разгледзеў справу шматдзетнага бацькі Аляксандра Ганчарова. Паводле пратакола, ён «у 8.15 на вул. Мельнікайтэ, 13 браў удзел у пікетаванні ў групе з пяці чалавек». Паводле слоў Аляксандра, у тую раніцу ён праходзіў праз Адміністрацыю Цэнтральнага раёна, але ўдзел у акцыі не прымаў. Дачку Лізавету ўбачыў насупраць Адміністрацыі. У нейкі момант усе пачалі бегчы, а Аляксандр пачуў, як супрацоўнікі пачалі крычаць, што будуць страляць па нагах. У выніку, іх усіх затрымалі.
У матэрыялах справы ёсць фотаздымак удзельнікаў акцыі насупраць Адміністрацыі. Сведка-міліцыянт на судзе сказаў, што службу нёс разам з супрацоўнікамі АМАПа, ён жа і падаў суду фотаздымак з удзельнікамі «масавага мерапрыемства». Ён растлумачыў, што назіраў, як удзельнікі сталі ў ланцужок, і затрыманні пачаліся адразу, як толькі тыя пачалі крычаць «Жыве Беларусь». Гэтак жа сведка сцвярджае, што Аляксандр прымаў удзел разам са сваёй дачкой, «якая любіць гэтае дзеянне здымаць на тэлефон». Сведка распавёў і пра намеры ўдзельнікаў: «У іх былі велізарныя сцягі і расцяжкі, з якімі яны хацелі хутка зрабіць фотаздымкі для дэструктыўных і экстэмісцкіх тэлеграм-каналаў».
Аляксандр дапамагае сваім пажылым бацькам, таму суддзя Карсюк спачувальна тройчы ўдакладняў, якім чынам Аляксандр ім дапамагае. У выніку суддзя адправіў Аляксандра на 15 сутак арышту.
Паводле пратакола, Лізавета, як і яе бацька, прымала ўдзел у пікетаванні ў групе з пяці чалавек. Мастачка патлумачыла, што праходзіла міма і ўбачыла людзей каля будынка. Яна палічыла гэта цікавым і прыгожым, і вырашыла сфатаграфаваць. Але не паспела, бо пачалося затрыманне. Спалохаўшыся, яна пачала ўцякаць, але ўпала, таму невядомыя пачалі цягнуць яе па асфальце. Дзяўчына заявіла, што падчас затрымання яе душылі і заплюшчвалі ёй вочы. Сілавікі не прадставіліся і некалькі разоў яе кідалі на зямлю пакуль цягнулі ў мікрааўтобус. Паводле слоў Лізаветы, затрымлівалі яе каля пяці чалавек у цёмным адзенні без апазнавальных знакаў. Суддзя Карсюк паказаў фотаздымак, каб яна апазнала ўдзельнікаў акцыі. Адвакат звярнуў увагу на тое, што на фотаздымку не ўказаны ні дата, ні час, ні месца, ні крыніца.
Паводле слоў сведкі-міліцыянта, затрымлівалі Ганчарову супрацоўнікі АМАПа. Ён сцвярджае, што людзі сталі ў ланцужок з расцяжкамі і пачалі выкрыкваць лозунгі, каб зняць гэта на камеру. Сведка «Іваноў» сцвярджае, што Лізавета асабіста трымала сцяг.
— Чаму для пяці далікатных дзяўчат было прыцягнута столькі супрацоўнікаў міліцыі?
— Пытанне знята.
Паводле слоў сведкі, ён прадставіўся і паказаў пасведчанне, але «ўдзельнікі вырашылі паспаборнічаць у бегу і прайгралі». Сведка параіў удзельнікам «не са сцягамі фатаграфавацца, а бегаць раніцай». Падчас допыту сведка блытаўся ў сваіх паказаннях. Ён сцвярджаў, што затрымліваў дзяўчыну толькі адзін супрацоўнік АМАПа і суправадзіў яе да мікрааўтобуса, хоць яна і не хацела ісці за ім.
Суддзя Карсюк адхіліў усе хадайніцтвы і пытанні адваката, якія тычацца пісьмовых матэрыялаў справы і гавораць пра памылкі ў ёй. У выніку Лізавету прызналі вінаватай па арт. 24.23 КаАП і арыштавалі на 15 сутак.