Невядомыя ўзламалі пошту Давыдзькі і разаслалі ад яго імя ліст з прапановай вызваліць Лукашэнку ад пасады

У сераду раніцай незалежныя СМІ атрымалі на рэдакцыйную пошту ліст нібыта ад дэпутата і кіраўніка «Белай Русі» Генадзя Давыдзькі, у якім ён заклікае сваіх калег па Палаце прадстаўнікоў разам датэрмінова вызваліць Лукашэнку ад пасады.

95a5fb1077cf14e394bdacdc42a6928c.jpg


«Як дэпутат і грамадзянін Рэспублікі Беларусь я не магу больш спакойна глядзець на тое, што адбываецца ў краіне. Я бачу, што жыццё у Рэспубліцы Беларусь, да майго глыбокага жалю, пагаршаецца. І як бы я ні падтрымліваў Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку, я вымушаны прызнаць: краіна рухаецца не туды. Мы ўсё больш падвяргаемся ўплыву Захаду, хоць павінны быць з Расіяй. Таму я заклікаю сваіх калег па Палаце прадстаўнікоў разам датэрмінова вызваліць Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ад пасады», — гаворыцца ў лісце, якія атрымалі рэдакцыі медыя.

Таксама ў ім паказваецца, што Давыдзькам ужо ініцыявана стварэнне спецыяльнай камісіі «якая «зробіць заключэнне аб стойкай няздольнасці Аляксандра Лукашэнкі ажыццяўляць абавязкі прэзідэнта».

«Таксама мною накіраваны ліст у Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь і запытаны неабходныя матэрыялы і звесткі», — напісана ў гэтым лісце, і прыкладзены скрын нібыта таго самага звароту.

e06004e64a1fe74296ab1f7c412b8f7a.jpg


«Хтосьці ўзламаў маю пошту і ад майго імя рассылае гэтыя дурныя лісты. Вам, верагодна, гэта падабаецца, таму што палітыка вашага рэсурсу накіравана на звяржэнне дзяржаўнай улады. Але вам я адказваю, як ёсць на самой справе: натуральна, я гэтага не рабіў», — заявіў Генадзь Давыдзька ў размове з журналістам TUT.BY.

У Палаце прадстаўнікоў TUT.BY сказалі, што гэты ліст — фэйк, і ні пра якую камісію ў парламенце пытанне не ставілася: «Гэта нейкі абсурд, гэта фэйк, натуральна. Ніякай камісіі няма».

Згодна з артыкулам 88 Канстытуцыі, прэзідэнт Рэспублікі Беларусь можа быць датэрмінова вызвалены ад пасады пры стойкай няздольнасці па стане здароўя ажыццяўляць абавязкі прэзідэнта. Рашэнне аб датэрміновым вызваленні прэзідэнта прымаецца большасцю, не менш за дзве траціны галасоў ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў, і большасцю, не менш за дзве траціны галасоў ад поўнага складу Савета Рэспублікі, на падставе заключэння спецыяльна ствараемай палатамі камісіі.

Прэзідэнт можа быць зняты з пасады ў сувязі з учыненнем дзяржаўнай здрады або іншага цяжкага злачынства. Рашэнне аб выстаўленні абвінавачання і яго расследаванні ў тым выпадку лічыцца прынятым, калі за яго прагаласавала большасць ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў па прапанове не менш як адной траціны яе дэпутатаў. Расследаванне абвінавачання арганізуецца Саветам Рэспублікі. Прэзідэнт лічыцца знятым з пасады, калі за гэтае рашэнне прагаласавала не менш за дзве траціны ад поўнага складу Савета Рэспублікі, а таксама не менш за дзве траціны ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў.

Непрыняцце Саветам Рэспублікі і Палатай прадстаўнікоў рашэння аб зняцці прэзідэнта з пасады на працягу месяца з дня выстаўлення абвінавачання азначае адхіленне абвінавачання. Прапанова аб зняцці прэзідэнта з пасады не можа ініцыіравацца ў перыяд разгляду ў адпаведнасці з Канстытуцыяй пытання аб датэрміновым спыненні паўнамоцтваў парламента.

У выпадку зняцця прэзідэнта ў сувязі з учыненнем злачынства справа па сутнасці абвінавачання разглядаецца Вярхоўным судом.

P.S. Рэдакцыя «Новага часу» ніякіх падобных лістоў не атрымлівала.