Газета «Intex-press» вярнулася ў шапікі
Упершыню за апошнія 11 гадоў баранавіцкая незалежная газета «Intex-press» патрапіла на прылаўкі Саюздрука, паведамляе baj.by.
— Вядома, гэта добрая навіна — у нас пашыраюцца магчымасці патрапіць да чытачоў, з'явіліся новыя каналы распаўсюду. Але і тэхналагічныя і эканамічныя рэаліі сёння такія, што нам не даводзіцца чакаць вялікіх дывідэндаў ад гэтага вяртання, — кажа Уладзімір Янукевіч, дырэктар ТАА "Выдавецкі дом "Інтэкс-прэс".
Для чытачоў газеты Intex-press гэты канал рэалізацыі за 11 гадоў стаў па сутнасці новым, гэты шлях да чытачоў выданню яшчэ трэба прайсці. У шапікі "Брэстаблсаюздрука" ў красавіку рэдакцыя штотыдзень аддавала каля 500 асобнікаў. Спісанне першых паставак склала каля 50 %. Паступова гэта лічба змяншаецца, але яна значна вышэй, чым па іншых гандлёвых кропках.
— А ў дамове ёсць пункт, што пры 30%-ым спісанні "Брэстаблсаюздрук" можа скасаваць з намі дамову. Пры гэтым мы ніяк не можам паўплываць на тое, у якія шапікі колькі нашых газет аддаваць. Так што тэарэтычна пры жаданні нескладана арганізаваць скасаванне з намі дамовы на законных падставах, — кажа Уладзімір Янукевіч.
Зрэшты, ён мяркуе, што калі гэта адбудзецца, то гэта будзе такое ж палітычнае рашэнне, як і рашэнне 2006 года пра выключэнне Intex-press з дзяржаўнай сістэмы распаўсюду ці як рашэнне 2017 года пра вяртанне выдання назад.
— Эканамічна продажы газеты “Intex-press” былі для баранавіцкіх пунктаў "Брэстаблсаюздрука" ў 2006 годзе самымі выгоднымі — нашых газет там прадавалі нават больш, чым "Камсамолкі". Аднак гэта не перашкодзіла скасаваць з намі адносіны. Ніякага тлумачэння няма і таму, чаму шэраг перыядычных выданняў не вярнулі ў дзяржаўную сістэму распаўсюду разам з "Нашай Нівай" і "Народнай воляй", — кажа Уладзімір Янукевіч.
У траўні рэдакцыі Intex-press так і не атрымалася скласці дамову на продаж газеты ў аддзяленнях "Белпошты", хоць з іншымі незалежнымі выданнямі такія дамовы склалі.
— Я асабіста не бачу іншага чынніку, акрамя як лабіяванне мясцовымі органамі ўлады інтарэсаў дзяржаўнай прэсы, якія бачылі і бачаць у нашым выданні сур'ёзнага канкурэнта, — кажа Уладзімір Янукевіч.
Андрэй Пузыноўскі, начальнік аддзела маркетынгу ТАА "Выдавецкі дом "Інтэкс-прэс" ставіцца больш аптымістычна да вяртання ў дзяржаўную сістэму распаўсюду.
— У мяне стварылася ўражанне, што ў кропках "Брэстаблсаюздрука" прадаўцы зацікаўленыя працаваць і зарабляць. Зараз жа падаюць продажы ўсіх друкаваных выданняў. Тыя прадаўцы, якія працавалі яшчэ ў 2006 годзе і памятаюць продажы нашай газеты, сустрэлі нашае вяртанне з радасцю і запалам, — распавядае Андрэй Пузыноўскі.
Ён кажа, што ў "Брэстаблсаюздрука" ёсць свае сталыя кліенты, якія любяць набываць перыёдыку менавіта там.
— Гэта асаблівая катэгорыя знаўцаў друкаванай прадукцыі. Я не думаю, што мы дасягнём узроўню продажаў 2006 года, але я рады, што мы вярнуліся менавіта да гэтага чытача, — кажа начальнік аддзела маркетынгу ТАА Выдавецкі дом "Інтэкс-прэс".
Што да падпіскі, то Выдавецкі дом "Інтэкс-прэс" стварыў за гэтыя гады сваю сістэму распаўсюду. Паслугі Выдавецкага дома значна таннейшыя, чым у "Белпошты".
— Але вяртанне ў падпісны каталог на другое паўгоддзе — гэта таксама добрая навіна для чытачоў. Прыватны сектар, вёскі, турмы, калоніі — там рэальна атрымліваць нашу газету стане прасцей, — распавядае Андрэй Пузыноўскі.
Уладзімір Янукевіч, дырэктар Выдавецкага дома "Інтэкс-прэс” кажа, што не адмовіцца і ад уласнай сістэмы распаўсюду, якую атрымалася стварыць за апошнія 11 гадоў: "Раптам ізноў прыйдзе 2006-ы”.
Нагадаем, у лютым рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Ён перадаў кіраўніку дзяржавы спіс дзевяці выданняў, якія не могуць трапіць у тую ці іншую дзяржаўную сетку распаўсюду. Лукашэнка абяцаў вырашыць праблемы з распаўсюдам недзяржаўных СМІ.
Тыя, хто звярнуўся ў дзяржаўныя сістэмы распаўсюды, сапраўды атрымалі станоўчыя адказы ўпершыню за шмат год.
Нагадваем, што газету "Новы час" жыхары Мінска і Мінскай вобласці могуць набыць у бліжэйшай краме ці шапіку «Белсаюздруку». Штосуботу свежы нумар з'яўляецца ў продажы. Кошт 56 кап.
На другое паўгоддзе 2017 года можна падпісацца на “Новы Час” праз каталог РУП “Белпошта”. Падпісны індэкс 63279. Кошт падпіскі на 1 месяц 2 руб. 43 кап.; на 3 месяцы 7 руб.29 кап.; на 6 месяцаў 14 руб.58 кап.