Замежныя СМІ пра Беларусь: 18–25 мая
Узровень жыцця значна ўзняўся. Тут (у Беларусі) ездзяць на сучасных заходніх машынах, ва ўсіх выдатныя тэлефоны і модныя строі. Беднасці, тым не менш, па-ранейшаму шмат. Адна рэч, аднак, не змянілася. Не варта ісці супраць кіраўніцтва краіны. Калі пойдзеш супраць, то лёгка можаш стаць аб’ектам гвалту або трапіць у турму.«Yle» (Фінляндыя)
Выхад на другія пазіцыі ў дзяржаве памочніка кіраўніка па нацыянальнай бяспецы Віктара Лукашэнкі, а таксама красавіцкія дамоўленасці лідараў Расіі і Беларусі ў Санкт-Пецярбургу нанеслі сур’ёзны ўдар па прэзідэнцкіх амбіцыях Уладзіміра Макея. У выніку Макей усур’ёз стаў разглядаць варыянт свайго далейшага прызначэння на пасаду кіраўніка беларускай амбасады ў Вашынгтоне. (...) У выпадку яго (Макея) сыходу з пасады кіраўніка МЗС, ведамства можа ўзначаліць Віктар Шэйман, адзіны чалавек з той каманды, з якой Лукашэнка прыйшоў ва ўладу, які застаўся да гэтага часу ў кіраўніцтве краіны.
«REGNUM» (Расія)
Чыноўнікі пачалі выконваць патрабаванне кіраўніка Беларусі ссунуць на гадзіну пачатак навучальнага дня ў школах. Гэта рашэнне Лукашэнкі ўжо выклікала шквал крытыкі і насмешак у краіне. Асабістае меркаванне высокапастаўленага чыноўніка ўносіць глупства ва ўсю сістэму адукацыі ўжо не першы раз. Пасля пераносу пачатку навучальнага дня можна чакаць яшчэ што-небудзь арыгінальнае.
«Deutsche Welle» (Германія)
Грамадзяне Беларусі, маючы значную колькасць прэтэнзій да Лукашэнкі, усё ж разумеюць, што для іх краіны большай пагрозай, асабліва напярэдадні выбараў 2018 года, з’яўляецца Расійская Федэрацыя. Таму наўрад ці можна чакаць нейкіх актыўных унутрыпалітычных працэсаў менавіта ў гэты перыяд.«Главред» (Украіна)
Беларусь — ідэальны аб’ект для анексіі. З Украінай гэты нумар ужо не праходзіць, бо звязаны з крывавай бойняй, а вось Беларусь можна анексаваць без адзінага стрэлу. Гэтаму спрыяе амаль поўная завязанасць эканомікі Беларусі на Расію. Але самае галоўнае, рэжым праўлення краінай — вельмі падобны на расійскі. Насельніцтва цалкам лаяльна ставіцца да дыктатуры і дыктатара, а таму замену Лукашэнкі Пуціным успрымуць лёгка і нязмушана.«Информационное сопротивление» (Украіна)
Беларусь — прамежкавая Расія, нейкая бар’ерная краіна з рускамоўным насельніцтвам. Прычым, па складзе і тэмпераменту гэтыя рускамоўныя як бы не расіяне, а, хутчэй, як чэхі — вельмі спакойны, гаспадарлівы, добразычлівы славянскі народ, зусім прыдатны для інтэграцыі ў Еўропу. Гэта значыць, папросту звычайны еўрапейскі народ, як чэхі ці нават палякі. (...) З сыходам Лукашэнкі гэтыя беларусы могуць хутчэй апынуцца ў Еўропе, чым рускія з сыходам Пуціна.
«Обозреватель» (Украіна)
Расія ўзяла курс на ўласную вытворчасць усіх магчымых тавараў і паслуг, што ў бліжэйшыя гады створыць складанасці для беларускіх вытворцаў. Зараз беларускі ўрад не мае рэалістычных планаў па скарачэнні расійскага субсідавання, што стварае сур’ёзныя рызыкі для сацыяльнай стабільнасці і суверэнітэту краіны. Гэта значыць, што запыты Мінска на субсідаванне з боку Масквы будуць толькі ўзрастаць, правакуючы тым самым новыя палітычныя крызісы паміж краінамі.
«Росбалт» (Расія)