Генік Лойка прадставіў альтэрнатыўны помнік для Курапатаў

Незалежныя скульптары і архітэктары скрытыкавалі адабраныя экспертнай групай эскізы помніка ў Курапатах, піша Радыё Свабода. На іх думку, ёсць лепшыя альтэрнатывы для памятнага знака.

4df5c209_7d22_4569_a3e9_c959c4f9a08b_w1023_r1_s.jpg

11 чэрвеня падчас паседжання групы ў справе стварэння памятнага знака ў Курапатах, створанай Міністэрствам культуры Беларусі, былі паказаныя тры праекты, адабраныя па выніках дзяржаўнага конкурсу. 
Незалежныя скульптары і архітэктары скрытыкавалі адабраныя эскізы, заявілі пра іх слабую мастацкую і ідэйную вартасць.
На іх перакананне, у рамках першага этапа грамадскага конкурса «Курапаты — народны мемарыял» экспанаваліся цікавейшыя працы. Адна з іх — ад скульптара Геніка Лойкі.
«Для помніка ахвярам сталінізму я калісьці хацеў скарыстаць скульптуру „Плашчаніца“ — пакласці Хрыста на самым пачатку алеі, што вядзе на Галгофу, — сказаў Лойка. — Але Хрыстос — вельмі шырокі вобраз. Не беларускі толькі, і тым больш не курапацкі. І вырашыў паказаць трагедыю нашай нацыі не праз сцэны забойства, а праз іншы вобраз.
Бусел — сімвал Беларусі з даўніх часоў, згадаем хоць бы „Зямлю пад белымі крыламі“ Караткевіча. Я прапаную чорныя бусловыя крылы з бронзы, распятыя на сталёвых лёзах, распасцёртыя па-над зямлёй. Каб на адно імгненне прачытваліся чорна-белыя крылы, калі праязджаеш па высокай шашы».
Паводле скульптара, нейкі час пайшоў на асэнсаванне сімвалічнасці крылаў. Канчатковае разуменне сфармавалася падчас цяперашняга супрацьстаяння актывістаў з гаспадарамі рэстарана «Поедем поедим». Калі ва Уладзіміра Караткевіча былі белыя буславы крылы, то Лойка прапануе скульптурным сродкам — цёмнай бронзай — у помніку зрабіць толькі чорную частку крылаў. А замест белай будзе заставацца натуральны прасвет. Гледзячы зверху, з дарогі, светлы сегмент забяспечыць сама зямля — жоўты пясочак.
Па выніках першага этапа конкурса «Курапаты — народны мемарыял» праект Геніка Лойкі быў сярод адзначаных. Конкурс працягваецца, ягоя канчатковыя вынікі яшчэ не падведзены. Арганізатары конкурса разлічваюць, што найбольш вартыя ідэі ўдасца ўвасобіць падчас мемарыялізацыі ўрочышча.