Музыка Андрэй Макарэвіч пра Курапаты: Ставіць у такім месцы рэстаран — непрыстойна
Лідэр гурту «Машина времени», архітэктар паводле адукацыі і вядоўца тэлепраграмы «Смак» каментуе сітуацыю з рэстаранам каля Курапатаў і адказвае на пытанне, дзе павінна пралягаць рыса паміж «смачна паесці» і павагай да памяці, адзначае Радыё Свабода.
«Гэтую мяжу павінен кожны нармальны чалавек адчуваць. Таму што гэта такія дэлікатныя рэчы, што прапісаць іх у законе даволі складана. Вядома ж, усё, што тычыцца захавання памяці, асабліва памяці трагічнай — гэта тэма вельмі балючая, і для Расіі, між іншым, і для Беларусі. І ставіць у такім месцы рэстаран, на мой погляд, проста непрыстойна. Незалежна ад таго, ёсьць там мемарыял, альбо ён будзе калі-небудзь. Спадзяюся, што будзе.
Але, вядома ж, значна лепей было б, калі б рэстаран не пачыналі будаваць, чым калі яго ўжо паставілі і адкрылі, а цяпер пачынаюць блакаваць.
Збоку, з завязанымі вачыма, вельмі проста даваць парады. Але мяжу гэтую чалавек павінен адчуваць, адчуваць без напамінаў».