Амаль увесь «Бульбаш-хол» стаіць у ахоўнай зоне Курапатаў (дакументы)

У сувязі з палемікай наконт месца, дзе стаіць рэстарацыя «Паедзем паядзім» (былы «Бульбаш-хол»), звернемся да дакументаў.

skandalny_restaran_na_zahodnjaj_mjazy_kurapatau__2__fota_aleny_ljaszkevicz.jpg


І вось што яны сведчаць.
1. Заходняя мяжа нерухомай матэрыяльнай гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння «Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930-1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты» паводле пастановаў Мінкультуры ад 12 мая 2004 г. № 15 і ад 1 снежня 2014 г. №70 заставалася нязменнай і зараз праходзіць па заходнім ускрайку курапацкага лесу.  

kurapaty_2004.jpg

На схемах бачныя межы зонаў аховы Курапатаў з іх заходняга боку згодна пастановаў Міністэрства культуры ад 12 мая 2004 г.№ 15 і ад 1 снежня 2014 г. №70. 

На схемах бачныя межы зонаў аховы Курапатаў з іх заходняга боку згодна пастановаў Міністэрства культуры ад 12 мая 2004 г.№ 15 і ад 1 снежня 2014 г. №70. 


2. Менавіта па мяжы каштоўнасці ў ліпені 2013 года навуковая кіраўніца Курапатаў і дачка забітага 30 кастрычніка 1937-га ў Мінскай турме НКВД беларускага паэта Тодара Кляшторнага, архітэктар Мая Кляшторная на свае сродкі ўсталявала памежныя камяні па перыметры Курапатаў. Як зазначыла ў інтэрвью «НЧ» спадарыня Мая, дакладна вызначаныя спецыялістамі і пазначаныя на мясцовасці з дапамогай камянёў межы помніка гісторыі і археалогіі дазволяць кожнаму ўявіць яго сапраўдныя памеры. «Я сёння шчаслівая, што гэта зроблена, бо зараз на мясцовасці ёсць канкрэтныя аб’екты, ад якіх можна браць адлік пры вызначэнні ахоўных межаў народнага мемарыялу», — сказала навуковы кіраўнік.

kurapaty_kurasz_3_logo.jpg


3. З прадстаўлення ад 17 лістапада 2012 года Генпракуратуры старшыні Мінскага аблвыканкама Барысу Батуру «Аб устараненні парушэнняў заканадаўстава па ахове гістарычна-культурнай спадчыны, прычынаў і ўмоваў, якія ім спрыялі» вынікае, што забудоўшчыкі ўзвялі ў ахоўнай зоне Курапатаў частку рэстарацыі, чатыры дамкі модульнага тыпу і дзіцячую пляцоўку.

kurapaty_kurasz_1.jpg

kurapaty_kurasz_2.jpg


4. 23 снежня 2012 года намеснік міністра культуры Віктар Кураш накіраваў у Генпракуратуру ліст «Аб размяшчэнні аб’екту каля ўрочышча Курапаты». У лісце, між іншым, паведамляецца, што «тэрыторыя, на якой размесціўся будуемы аб’ект, часткова размешчана ў ахоўнай зоне, якая праходзіць на адлегласці 120 метраў ад заходняй мяжы гістарычна-культурнай каштоўнасці». А згодна праведзеным замерам усталявана, што «адлегласць ад мяжы гістарычна-культурнай каштоўнасці да пабудаваных будынкаў складае ад 55,47 м да 75, 15 м». Такім чынам забудоўшчыкі парушылі ахоўную мяжу каштоўнасці шырынёю ў 120 метраў на глыбіню ад 64,53 м да 44,85 м.

5. Паводле распрацоўшчыкаў праекту зонаў аховы Курапатаў, зацверджанага пастановай №70 Міністэрства культуры ад 1 снежня 2014 году, з заходняга боку Курапатаў плошча ахоўнай зоны скарацілася прыкладна на 1,1 га за кошт тэрыторыі, самавольна і незаконна забудаванай рэстаранна-забаўляльным комплексам з былой назвай “Бульбаш-хол”. Такім чынам, амаль уся рэстарацыя “Паедзем паядзім”, што месціцца ў будынках “Бульбаш-холу” і займае плошчу 1,2 га, стаіць у ахоўнай зоне Курапатаў.