Чаму некаторым так хочацца есці і спаборнічаць на магілах?

Барацьба грамадскіх актывістаў у Мінску супраць рэстарацыі побач з Курапатамі прыцягнула ўвагу слуцкіх грамадскіх актывістаў да праблемы адпачынкаў побач з месцамі растрэлаў у 1930-я гады.

sluck_kurapaty_logo.jpg


Хто замаўляе танцы і спаборніцтвы на касцях у Слуцкім раёне?

12 чэрвеня яны наведалі лясны масіў каля вёскі Каліта, каб пракантраляваць становішча крыжоў, якія былі ўсталяваны на некаторых месцаў растрэлаў. У слуцкіх лясах, па сведчаннях краязнаўцы Анатоля Жука і мясцовых жыхароў, растрэльвалі ў многіх месцах. Аднак менавіта тут, злева ад аўтадарогі Слуцк – Старыя Дарогі, яшчэ ў 1994 –м годзе быў прыватна ўстаноўлены памятны знак. Надпіс на ім сведчыць, што ў гэтым лесе растралялі тысячы людзей. Ралько А. Г., які ўстанавіў на свае сродкі помнік пры дарозе, у той час меў доступ да архіваў НКВД, бо займаў высокую пасаду ў Міністэрстве замежных спраў Расіі.

Калі крышку паглыбіцца ў лес па дарозе, якая пачынаецца адразу з памятным знакам, выйдзеш на палянку, якая абсталявана пад зону адпачынку супрацоўнікамі Слуцкага лясгаса.

Тут можна пасядзець на лаўках пад навесам, распаліць вогнішча – ёсць ўсё неабходнае для культурна — забаўляльнага адпачынку людзей, якія не зважаюць на надпісы на помніках і нічога не ведаюць пра «Слуцкія Курапаты». Нават ёсць загародка для сметніка.

Затое надпіс — расцяжку пра «Слуцкія Курапаты» можна было пабачыць у Курапатах пад Мінскам 3 ліпеня 2018 г. падчас адназначэння сумнай гадавіны «адкрыцця» Курапатаў.

sluck_kurapaty_6_1_logo.jpg

Лес каля вёскі Каліта яднаюць з Курапатамі не толькі масавыя растрэлы бязвінных грамадзян, але і так называемыя «месцы адпачынку». У Курапатах пабудавалі рэстарацыю, каб паехаць і там пад’есці, на магілах растраляных ля вёскі Каліта таксама месціцца лясная рэстарацыя. Этыкеткі на пустых бутэльках сведчаць, што там не толькі ядуць, але і пьюць гарэлачку. Пасля гарэлачкі, як водзіцца, спяваюць і танцуюць…

Пазбіраўшы смецце, бутэлькі на месцы пагібелі сотняў, а, можа, і тысяч людзей, грамадскія актывісты вырашылі звярнуцца да дырэктара Слуцкага лясгаса з просьбай аб пераносе зоны адпачынку ў іньшы лес, — паведаміла Зінаіда Цімошак.  — 14 чэрвеня я звярнулася з пісьмовым зваротам на імя дырэктара Слуцкага лясгаса. Таксама мела вусную гутарку як з галоўным ляснічым, так і з дырэктарам. Абодва яны не супраць, каб прыбраць зону адпачынку, але рашаючае слова будзе за галоўным ідэолагам Слуцкага райвыканкама. Высветлілася, што сюды заглядаюць не толькі кампаніі і наведвальнікі — адзіночкі. З ведама райвыканкама розныя бюджэтныя арганізацыі праводзяць конкурсы і спаборніцтвы.

sluck_kurapaty_7_1_logo.jpg

Па сутнасці, лясгас — толькі выканаўца, па-гэтаму трэба шукаць тых, хто замаўляе танцы і спаборніцтвы на касцях.

Чые ж там могуць ляжаць косці? — Ды ўсіх тых, хто растраляны ў 1937-м і 1938-м гадах у Слуцкай акруговай турме.

Там можа ляжаць і дзед Міколы Статкевіча, які дапамог з устаноўкай крыжа — непадалёку ад лавак.

Там могуць ляжаць, па сведчанню кнігі «Памяць», завуч Слуцкай школы №1 Дабравольскі Аляксандр, сакратар народнага суда Доўбік Алена, загадчык канцэлярыі Слуцкага райвыканкама Кендыш Уладзімір, начальнік Слуцкай чыгуначнай станцыі Бельскі Сяргей, начальнік Слуцкай нафтабазы Вейгуль Іосіф, повар Слуцкага ваеннага шпіталя Гусева Таццяна, піяністка слуцкага кінатэатра Волкава Дзіянісія, хатнія гаспадыні, рахункаводы і брыгадзіры, паляводы і кавалі і многія, многія іньшыя. Іх усіх яднае адсутнасць віны, малады ўзрост, месца растрэлу — Слуцк, 1937-1938-я гады.

Не іх віна, і не віна іх родзічаў, што агульнай магілай для іх стаў лес. Яны самі нічога не хочуць і не просяць, а вось нашым галовам і душам трэба задумацца над тым, якое месца выбраць, каб патаньчыць і пад’есці.