Георгія Станкевіча судзілі без перакладчыка, без адваката, а ўрэшце — і без яго самога

Настаўніка з Бешанковічаў Георгія Станкевіча, які ўжо некалькі гадоў за ўласныя сродкі выдае газету "Крывінка", судзілі за парушэнне парадку яе распаўсюду.



stankevich_georg_1.jpg

Суддзя Бешанковіцкага райсуду Наталля Рэут катэгарычна адмовілася перанесці працэс, каб на яго змог трапіць адвакат з Мінску, абазнаны ў заканадаўстве аб СМІ. А потым выдаліла з залы і самога Георгія Станкевіча.

Адзінае хадайніцтва, якое суддзя Наталля Рэут пагадзілася задаволіць, — гэта хадайніцтва пра азнаямленне з матэрыяламі справы. Паводле Георгія Станкевіча, шмат што ў гэтых матэрыялах стала для яго адкрыццём:

"Калі 27 сакавіка на мяне складалі пратакол пра правапарушэнне, старэйшы аперупаўнаважаны Дзмітрый Карась сказаў, што супраць мяне сведчаць два прадпрымальнікі з бешанковіцкага кірмаша. Маўляў, я раздаваў ім газету "Крывінка", і рабіў гэта, парушаючы цэлы шэраг артыкулаў закону аб СМІ. Аднак у матэрыялах маёй справы я ўбачыў нейкі загадкавы ліст, напісаны нібыта маімі аднавяскоўцамі, якія "выкрываюць" факты незаконнай выдавецкай дзейнасці. Паходжанне ліста сумнёўнае: па-першае, ён ананімны. Па-другое, наўрад ці бабулькі з маёй вёскі Старыя Ранчыцы ведаюць такое слова, як "беспредел", каб прасіць "спыніць" гэтую справу адразу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — бо менавіта ў прэзідэнцкую адміністрацыю гэты ліст быў дасланы. І было гэта нібыта яшчэ ў студзені, а потым яго "спусцілі" па інстанцыях у Бешанковіцкі раён. І 22 сакавіка знайшлі тых, хто атрымаў газету на кірмашы".

Прадпрымальнікі з Бешанковіцкага кірмашу былі выкліканы ў суд у якасці сведкаў, а таксама і нейкі спадар Бяляеў, які сам газету не атрымліваў — толькі па словах жонкі ён ведае, хто і як яе распаўсюджваў.

Але паказанні сведкаў Георгію Станкевічу паслухаць не ўдалося: суддзя выдаліла яго з залы пасяджэння нібыта за парушэнне правапарадку:

Усё парушэнне было ў тым, што я прасіў выклікаць у суд перакладчыка, бо ўжо 18 гадоў размаўляю толькі па-беларуску, і магу нешта не зразумець у юрыдычнай тэрміналогіі. Аднак гэтае хадайніцтва суддзя не задаволіла. Не было задаволена і хадайніцтва пра адваката, якога я чакаю з Мінску. Справа ў тым, што позву ў суд я атрымаў толькі ўчора, і ніяк бы не здолеў з'ездзіць у Мінск, каб заключыць пісьмовую дамову з адвакатам. Мне патрэбны спецыяліст, які разбіраецца ў заканадаўстве аб СМІ, і такога знайшлі мае сябры з ГА БАЖ. Аднак суддзя сказала, каб я ішоў у мясцовую адвакацкую кантору, і ніякія мае аргументы на яе не паўздзенічалі. Я напісаў скаргу на імя старшыні суду, аднак яе тэрмінова не разгледзілі. Сабраўся пісаць другую скаргу, бо нават калі я даў усе кантактныя звесткі мінскага адваката, суддзя заявіла, што чакаць яго не будзе, бо ў нас няма пісьмовай дамоўленасці. Папрасіў зрабіць перапынак на 15 хвілін, каб напісаць скаргу. Суддзя адмовіла. Заявіў адвод суддзі — яна яго не прыняла таксама, ды яшчэ пачала крычаць… Потым сказала, каб я выйшаў з залы, і далей разглядала справу ўжо без мяне, пазбавіўшы мяне права бараніцца хаця б самому.

Выдалены з залы суду Георгій Станкевіч пайшоў у пракуратуру і падаў скаргу на дзеянні суддзі Наталлі Рэут. Пракурор паабяцаў даць пісьмовы адказ, а ўмяшацца ў справу неадкладна не палічыў патрэбным. Была напісана і другая скарга на імя старшыні суду. Тым часам суддзя завяршыла працэс, паабяцаўшы азнаёміць Георгія Станкевіча з пастановай 3 красавіка.

На выдаўца газеты, вядомага барда, паэта, сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў Георгія Станкевіча складзены пратакол паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП. Па падобных абвінавачаннях — за парушэнне парадку распаўсюду "Крывінкі" — яго судзяць ужо трэці раз.

Прэтэнзіі да Георгія Станкевіча, як ён сам заўважыў, пачынаюцца падчас нейкіх значных грамадскіх падзеяў. Так, першую адміністрацыйную справу супраць яго і "Крывінкі" распачалі ў 2010 годзе. Тады якраз ішла выбарчая кампанія, і спадар Станкевіч балатаваўся ў дэпутаты райсавету. Скончылася справа судом і штрафам памерам 20 базавых велічынь.

Наступны штраф у 2012 годзе быў ужо ў два разы большы — 40 базавых велічынь. Сёлета Г. Станкевіч таксама браў удзел у выбарчай кампаніі, балатаваўся ў раённы і абласны саветы. Паказанні сведак супраць яго былі ўзяты якраз напярэдадні асноўнага дня галасавання.

 
spring96.org