Амаль 4 мільёны — за ўкраінскі сцяг
На 25 базавых велічынь кожны аштрафаваныя гарадзенскія грамадскія актывісты, праваабаронцы Віктар Сазонаў, Раман Юргель і Уладзімір Хільмановіч за фатаздымкі з украінскім сцягам у розных гістарычных мясцінах Гродна. Суд палічыў гэта ўдзелам у масавай несанкцыянаванай акцыі. Пра гэта "Новаму часу" паведаміў Віктар Сазонаў.
Фота http://harodniaspring.org
Актывістаў выклікалі ў Ленінскі РАУС Гродна для складання пратаколаў. Пасля таго, як былі складзены пратаколы, адразу ў памяшканні РАУС пачаўся выяздны суд. У выніку усіх трох актывістаў аштрафавалі на 25 базавых велічынь (3 мільёны 750 тысяч беларускіх рублёў).
Нагадаем гродзенскія праваабаронцы Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч і Раман Юргель 25 сакавіка сфатаграфаваліся з беларускай і ўкраінскай сімволікай у некалькіх гістарычных мясцінах Гродна і змясцілі гэтыя здымкі ў інтэрнэце. Такім чынам яны ўшанавалі Дзень Волі і выказалі салідарнасць з украінскім народам.