Алесь Бяляцкі — "Абаронца грамадзянскіх правоў года"

Кіраўнік ПЦ "Вясна" і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам узнагароды "Абаронца Грамадзянскіх Правоў года". Пра гэта 2 красавіка паведаміла шведская праваабарончая арганізацыя Civil Rights Defenders.
 



bialiacki_premija.jpg

Алесь Бяляцкі — "Абаронца грамадзянскіх правоў года"

Назваўшы імя ўладальніка ўзнагароды, арганізацыя адзначае, што больш за 30 гадоў свайго жыцця Алесь Бяляцкі прысвяціў бесперапыннай барацьбе за дэмакратыю і правы чалавека, спачатку ў СССР, а затым у Беларусі.

“Алесь з'яўляецца адным з адзінаццаці палітычных зняволеных, якія ўтрымліваюцца ў зняволенні беларускім рэжымам, які часта называюць "апошняй дыктатурай Еўропы". Ён быў асуджаны да 4,5 гадоў пазбаўлення волі за ўхіленне ад выплаты падаткаў у выніку судовага працэсу з выразным палітычным падтэкстам. Арыштаваны 4 жніўня 2011 г. З гэтага часу ўтрымліваўся ў турме і пазбаўлены магчымасці свабодных зносін з навакольным светам. Будучы кіраўніком вядучай праваабарончай арганізацыі краіны «Вясна», Алесь Бяляцкі з'яўляецца цэнтральнай фігурай у беларускай грамадзянскай супольнасці”, нагадала Civil Rights Defenders.

Намеснік старшыні «Вясны» Валянцін Стэфановіч адзначае: “Для Алеся важна атрымваць такое прызнанне. Ён моцны і сардэчны чалавек, надзвычай захоплены ідэямі дэмакратыі і правоў чалавека. Такая знешняя падтрымка як гэтая ўзнагарода на доўгі час умацоўвае яго і ўсіх сябраў «Вясны», а таксама натхняе на працяг змагання за дэмакратычную Беларусь. Дамагчыся працяглых і ўстойлівых зменаў можна толькі з дапамогай ціску знешняга свету. Мне было сапраўды прыемна напісаць ліст Алесю і паведаміць яму пра ўзнагароду. На жаль, я не ведаю, ці дайшоў гэты ліст, паколькі мы дасюль не атрымалі адказу”.

З часу стварэння «Вясны» ў 1996 годзе, Алесь затрымліваўся і арыштоўваўся больш за 20 разоў. Многія з гэтых выпадкаў былі звязаныя з дробнымі парушэннямі, такімі як раздача асобнікаў Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

"Судовы працэс па справе Алеся Бяляцкага быў распачаты нягледзячы на міжнародныя пратэсты і патрабаванні яго вызвалення. Пераслед Алеся быў наўпрост звязаны з яго праваабарончай дзейнасцю, а прысуд служыць папярэджаннем для ўсёй беларускай грамадзянскай супольнасці", кажа Роберт Хорд, дырэктар Civil Rights Defenders.

Раней Алесь быў уганараваны некалькімі іншымі ўзнагародамі, у тым ліку шведскай прэміяй  Per Anger, прэміямі імя Андрэя Сахарава і Homo Homini. Ён быў двойчы намінаваны на Нобелеўскую прэмію міру ў 2006 і 2007 гадах.

Прэмія Civil Rights Defenders “Абаронца Грамадзянскіх Правоў года” ўручаецца 4 красавіка, у дзень забойства доктара Марціна Лютэра Кінга. Прэмія прысуджаецца падчас штогадовай канферэнцыі Civil Rights Defenders «Дні праваабаронцаў» у Стакгольме, на якую збіраюцца праваабаронцы з усяго свету. Алесева калега Таццяна Рэвяка і яго жонка Наталля Пінчук запрошаны ў Стакгольм, каб атрымаць узнагароду ад яго імя.
 

spring96.org