Валянціна Каваленка: на папярэднім пасяджэнні суду быў пракурор, а на асноўнае чакаем АМАП
1 красавіка суддзя суду Бабруйскага раёна і горада Бабруйск Віялета Закржэўская правяла папярэдняе пасяджэнне па разгляду скаргі пенсіянерак Валянціны Каваленкі і Любові Санкевіч, якія абараняюць у судзе сваё права на правядзенне пікетавання.
Валянціна Каваленка
Пра гэта паведаміла карэспандэнту "Новага Часу" жыхарка Бабруйску Валянціна Каваленка. Акрамя прадстаўнікоў Бабруйскага гарвыканкаму ў пасяджэнні ўдзельнічала старэйшая памочніца пракурора Бабруйска Алеся Леўшукова.
Жанчыны меркавалі правесці акцыю 15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, каб прыцягнуць увагу грамадства да парушэння грамадзянскіх правоў заяўніц і вырашыць набалелую праблему адпісак з дзяржаўных структураў і ад дэпутатаў парламенту на свае скаргі і скаргі сваякоў. А паколькі чыноўнікі і парламентарыі праігнаравалі інтарэсы людзей, жанчыны збіраліся выйсці на пікетаванне з плакатамі: “У Канстытуцыі правы і свабоды на паперы, а нам яны патрэбныя ў жыцці!” , “Чыноўнікі кіруюцца не Канстытуцыяй, а паняццямі”, “Чыноўнікі і дэпутаты схаваліся ад народа за плотам адпісак”.
Валянціна Каваленка падкрэсліла, што яны з Любоўю Санкевіч ў трэці раз запар вымушаныя былі сысці з залы судовых пасяджэнняў, бо суддзя Віялета Закржэўская не дапусціла ў працэс прадстаўніка заяўнікаў (раней двойчы — 27 студзеня і 3 лютага — гэта рабіла мясцовая суддзя Марына Шалягіна), нягледзячы на тое, што суду былі перададзеныя натарыяльна засведчаныя даверанасці.
Каваленка нагадала, што згодна з артыкулам 62 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, яна ў любы момант мае права на юрыдычную дапамогу свайго прадстаўніка ў судзе і іншых дзяржаўных органах. “Але нам з Любоўю Санкевіч суд у такой дапамозе сістэматычна адмаўляе. Такім чынам, суд парушае адно з нашых канстытуцыйных правоў — права на юрыдычную дапамогу, якое можна параўнаць з правам на ахову здароўя”, — сказала заяўніца.
На яе меркаванне, падчас судовага пасяджэння Алеся Леўшукова не выконвала свае прамыя абавязкі за наглядам законнасці, а разам з судом і прадстаўнікамі гарвыканкама парушала асноўны закон краіны. “А калі на пачатку суду суддзя Віялета Закржэўская дэманструе непавагу да Канстытуцыі Беларусі, дык разлічваць на законнае і справядлівае судовае рашэнне не выпадае. Таму няма аніякага сэнсу ўдзельнічаць у гульнях суду, прадстаўнікоў выканаўчай улады і пракуратуры”, — заявіла пенсіянерка.
Ты не менш, заяўніцы 9 красавіка збіраюцца з’явіцца на асноўнае пасяджэнне суду, каб зноў паспрабаваць адстаяць свае правы, нават калі ў падтрымку чыноўнікаў з’явіцца АМАП.
Дарэчы, пасля таго, як гарадскія ўлады у чарговы раз адмовілі заяўніцам у правядзенні 28 сакавіка пікетавання ў цэнтры Бабруйску, Валянціна Каваленка і Любоў Санкевіч 31 сакавіка абскардзілі ў судзе і гэтую адмову.
“Мы лічым, што як мага больш людзей павінны ведаць рэальны стан беларускай судовай сістэмы і яе залежнасць ад выканаўчай улады. Вось чаму мы будзем зноў і зноў звяртацца у суд”, — сказала Валянціна Каваленка.