«Глядзіце, мы ўсе — жывыя». Вядомыя дзеячы культуры выказваюцца з нагоды 9 жніўня

Што ўзгадваюць ці як выказваюцца вядомыя дзеячы культуры з нагоды другой гадавіны з 9 жніўня 2020 года? Budzma.org прадстаўляе кароткую падборку.

wdx5dwbdvp6xr8m8df6thusz2t6kyvpc.jpg


«Адзіны народ ніколі не будзе пераможаны!»

Мастачка Вольга Якубоўская да 9 жніўня падрыхтавала новы малюнак і напісала:

«El pueblo unido jamás será vencido — даслоўна "Адзіны народ ніколі не будзе пераможаны!". Гэта радок з песні Чылійскага паэта Серхіа Артэгі. Мы з вамі ўсе вельмі розныя, але я хачу, каб мы заўсёды памяталі пра тое, што нашы адрозненні не перашкодзілі нам выйсці на вуліцы сваіх гарадоў у жніўні 2020 года. Я вельмі хачу, каб мы памяталі пра тое, што прымусіла нас выйсці. І пра тыя галоўныя мэты, якія не змяніліся з тых часоў...».


«Тыя, што зьнічкамі ў жніўні гарэлі ахвярна»

Паэт Андрэй Хадановіч у Тэлеграм прадставіў верш пра падзеі жніўня 2020 года:


«Тыя, што зьнічкамі ў жніўні гарэлі ахвярна,

кажуць: нічога ня марна, нічога ня марна, —

змроку, што сонцу насуперак слаўся бяздарна,

кажуць: нічога ня марна, нічога ня марна.

Побач з ільвом пакладзецца рахманая сарна,

скажа: нічога ня марна, нічога ня марна, —

хіжай гіене, што шчэрыла пашчу бяскарна,

скажа: нічога ня марна, нічога ня марна.

Толькі калючка і вышка, муры і турма

кажуць табе: усё дарма, чалавеча, дарма.

Ды над пагаслым пажарам астылая сажа

болей нічога ня скажа, нічога ня скажа.

То праз пажары і пашчы, калючку й муры —

зьнічкаю, сарнай ці сажай, але гавары».


r0fv27xuxast1jyt2u7729fip6wb49a2.jpg

«Нешта зьмянілася! Незваротна зьмянілася»

Лявон Вольскі ўзгадвае падзеі двухгадовай даўніны так:

«Два гады таму ў гэты дзень мы паехалі галасаваць у вёску. Выбарчы ўчастак быў у школе, у аграгарадку. Мы адразу на ўсялякі выпадак паклалі на задняе сядзеньне два заплечнікі з усім неабходным — бялізнай, шчоткамі-пастамі — калі пойдзе па кепскім сцэнары.

На выезьдзе з гораду стаяў пагрозьлівага выгляду блёкпост. З бэтээрам і жаўнерыкамі з аўтаматамі.

Я быў упэўнены, што ў аграгарадку будзе агратрэшавае сьвята. Як на маім ранейшым участку — у менскай школе на вуліцы Азізава. Там і бээрэсэмаўская самадзейнасьць сьпявала нешта пра "бела-белая русь, я табою гарджусь", і ўчорашнія выпускнікі бавілі час запіваючы півам гарэліцу. Але ў аграгарадку ўсё было ціха. Стаяла невялікая чарга на галасаваньне. Са зьдзіўленьнем я ўбачыў, што сям’я перада мною мае белыя бранзалеты на руках. Я ж думаў, што ў вёсцы большасьць за стабільнасьць! Унутры таксама было ціха. Аж злавесна! У празрыстай урне ляжалі бюлетэні. Большасьць была складзеная гармонікам! Я сфоткаў свой бюлетэнь (цёткі з камісіі сарамліва адвялі вочы), склаў яго таксама гармонікам, закінуў у шчыліну, расьпісаўся і выйшаў.

Я выйшаў, паглядзеў на такія звыклыя вясковыя краявіды і раптам адчуў: нешта зьмянілася! Незваротна зьмянілася.

Потым было шмат усяго — трывожныя дні і ночы амаль без інтэрнэту, шакавальная інфармацыя, шэсьці, сьпевы ў дварах, надзеі, расчараваньні...

Але я ведаю: тады, у гэты дзень, усё зьмянілася. Зьмянілася краіна. І яна ніколі ўжо ня будзе ранейшай. Як бы хто не хацеў перагарнуць старонку ці то адкруціць усё назад, гэта ня ўдасца».


«Глядзіце, мы ўсе — жывыя»

Спявачка і акторка Кацярына Ваданосава выпусціла кліп да чарговай гадавіны 9 жніўня і напісала: «"Глядзіце, мы ўсе — жывыя. Нам смерць саступае шлях". Я напраўду гэта адчуваю. Нават калі я памру ад свайго раку бліжэйшым часам (у чым сумняюся, бо Божанька ў курсе, што ў мяне яшчэ ёсць планы), я дакладна ведаю, што ўсё недарма. І гэтага нават смерць не зменіць».

3alzp3ddeadc4ixgyhfc1eb5kf247nau.jpg

«Сёньня я — як усе»

Літаратар Альгерд Бахарэвіч таксама падзяліўся вершам пад сваім допісам:

«Свой верш я буду посьціць тут у гэты дзень кожны год. Пакуль на іхным месцы ня вырастуць дрэвы і кветкі.


«Гэты горад — нібы хірургічны разрэз,

А вачэй не схаваць, не адвесьці.

Ты даўно на ражон і ў жорны ня лез,

Ды застаўся за сьпінай сьмярдзючы пад'езд,

Па завулках найлепшага з тысячы мест

Ты ідзеш на апошняе шэсьце.

П’яны спальнік ускраінны,

доўгія дамбы-дамы.

І суседзі на лаўцы

ў абдымках штодзённай чумы.

Вось яны, а вось мы.

Вось яны, а вось мы.

Праглынаем пякучае крыўды камы,

І нязгоды грымяць унутры камяні,

І з разгорнутых горлаў шугаюць агні

І лятуць на прадмесьце.

Беларускія Паркі

прадуць толькі зь белага льну.

Апусьцелыя паркі

хаваюць за дрэвамі восень, а можа, вайну.

І жалезныя турмы на колах бягуць сярод белага дня.

І нам часам здаецца, што гэта такая гульня.

Пахаваныя ў гэтай краіне жыўцом,

Запляваныя ўшчэнт найвышэйшым жрацом,

Мы гадаем, нас сто або дзьвесьце.

Як бы ты ні баяўся ўласнай крыві,

Калі чуеш «Жыве», калі ласка, жыві.

Датрывай тое «мы», нечаканае «мы»

да другога прышэсьця.

Перамогі Пандора, бяззбройны Ахіл...

Кожны танны смартфон — гістарычны архіў.

Што рабіць сярод гэтай сьмяротнай любові?

Я прачнуцца аднойчы хачу без навін.

А пакуль што туды, да напружаных сьпін,

Незнаёмыя твары зьліліся ў адзін,

Насьцярожаны, напагатове.

Мы пакрочым у цэнтр, рука ў руку,

Каб уліцца ў жывую раку на рагу,

Каб сябе ў яе цела ўплесьці.

І кідаецца

вуліца

проста пад колы

жалезнай турмы.

Вось яны, а вось мы.

Вось яны, а вось мы.

І вачэй нам ужо не адвесьці».