«Хочуць распілаваць не толькі лес, але і грошы бюджэтныя»

У Бараўлянах зноў паўстала небяспека вырубкі лесапаркавай зоны. У сакавіку там узнавіліся земляныя працы па даследаванні магчымасці будаўніцтва дзіцячага садка і школы. Гэта падштурхнула жыхароў мабілізавацца і звярнуцца ў СМІ.

Дзіцячы садок, які будуюць каля лесу

Дзіцячы садок, які будуюць каля лесу

Пасёлак Бараўляны ўяўляе сабой зараз агламерацыю. Ён так шчыльна зросся з іншымі пасёлкамі-мікрараёнамі, што адрозніць іх адзін ад аднаго недасведчанаму воку складана. Гэта і Лясны, і Вопытны, і Ляскоўка... Аднак часцей за ўсё гэтыя мястэчкі называюць ва ўжытку адным словам — Бараўляны. Любая праблема аднаго з іх робіцца агульнай для ўсіх жыхароў Бараўлянскага сельсавета.
У сакавіку ў лесапарк заехалі бурыльныя ўстаноўкі.
«У нас людзі актыўныя, за ляском прыглядваюць, і сям-там нават камеры у нас выведзены з пасёлка на гэты лес. Калі на другі дзень яны з’явіліся, мы ўжо былі падрыхтаваны. Папрасілі ў іх дакументы», — паведаміў Юрый Філіпаў, стараста пасёлка Вопытны.
Земляныя працы праводзілі прадстаўнікі УП «Марэна». Яны паказалі стары ордэр, датаваны 11.09.2017 года, тэрмін якога прадоўжаны пячаткай сельсавета.
«Ёсць адпаведная працэдура, як працягваецца ордэр. Ні пячаткі лясгасу, ні прыродаахоўных службаў на ўзнаўленне прац не было. Як і не выканана патрабаванне абавязковай прысутнасці прадстаўнікоў лесагаспадаркі», — адзначыў Юрый Філіпаў.
Пасля таго, як бурыльшчыкам указалі на парушэнні, яны сышлі. Аднак жыхары не губляюць пільнасць і гатовы да чарговай атакі на зялёны аазіс.


Кошт завышаны ў два разы

Вырубіць 5 гектараў лесу ўлады — ад мясцовай і вышэй — намагаюцца з 2017 года.
«Пад прыкрыццём клопату аб дзецях, аб тым, што патрэбны школы і садкі, — кажа Юрый Філіпаў. — Але людзям яшчэ дзесьці трэба адпачываць, гэта павінны быць паркі, зоны адпачынку».
Супраць далейшага вынішчэння лясной зоны больш 6 500 подпісаў былі накіраваны ў выканкамы, а таксама ў Адміністрацыю прэзідэнта.
Жыхары прапанавалі пабудаваць садок побач з лесам — на полі.
«У выніку ўсіх гэтых размоваў нас усё ж такі пачулі. І па генплане гэта поле было адведзена пад забудову — і садка, і школы, і яшчэ аднаго садка. На сёння адзін з гэтых садкоў ужо будуецца на полі, што прымыкае да лесу», — распавёў стараста.
Аднак зараз, паводле яго слоў, зноў вяртаюцца да ідэі пабудаваць садок-школу з вырубкай дрэваў.
«Калі рубіць лес, то ў нас атрымаецца два дзіцячых садка плот у плот. Адзін, як мы прасілі, на полі. А другі разам са школай — замест лесу».
Высечка дрэваў — не адзіная праблема з узвядзеннем садка-школы. Распрацоўшчыкі самі прызнаюць, што будаўніцтва складанае. У тры чаргі — як адзначаюць у тлумачальнай запісцы да генплана.
«Гэта былая ахоўная зона стралковага палігону, — нагадаў Юрый Філіпаў. — Там ваякі ўсё жыццё штосьці рылі, стралялі, узрывалі. Калі заводзіць будоўлю — грунтовых прац вельмі шмат. І ёсць падазрэнне, што грунты там вельмі дрэнныя. То-бок там, каб штосьці пабудаваць, у фундаменты трэба будзе ўкласці неймаверныя проста высілкі».
І, нарэшце, высокі кошт будаўніцтва, фінансаванне якога плануецца з бюджэту Мінска і вобласці.
«46 мільёнаў рублёў будуць каштаваць школа з садком замест лесу! — не хавае эмоцый Юрый Філіпаў. — Як 46 мільёнаў? Вось год назад пабудавалі дзіцячы садок — ён каштаваў усяго 6 мільёнаў. Побач пабудавалі школу — яна каштавала 18. 6+18 — 24. Як 46? Адкуль 46? Нават з улікам высечкі лесу і кепскага грунту».

«Карупцыя чыстай вады»

— Мая версія — карупцыя, — далучыўся да размовы жыхар пасёлка Вопытны Дзмітрый Ляўчук. — І другога тлумачэння я не бачу. Каштарысная вартасць была завышана ў 2-3 разы. То-бок хочуць распілаваць не толькі лес, але і грошы бюджэтныя. Ну проста наогул няма другіх зразумелых прычын. Калі б нам сказалі нейкую версію, мы можа быць пасмяяліся б. Але ж нам наогул нічога не кажуць.
— Магчыма, вам зноў прыйдзецца адстойваць лес?
— Мы, канечне, рашуча настроены. Ну што мы два гады проста так вось змагаемся? Яны тут прыйшлі, гаспадары жыцця — у месца, дзе мы жывем, на нашу малую радзіму. Твораць, што хочуць.
— Яны — гэта хто?
— Выканкамы. У звязцы са сваімі партнёрамі камерцыйнымі. Натуральна, усё гэта па дамоўленасці з камерцыйнымі забудоўшчыкамі. Яны не першы год працуюць па такіх схемах, тут вакол усё забудоўваецца. З 2006 года Бараўляны выраслі з 13 тысяч чалавек да 55. Усе забудоўшчыкі тут даўно прыкормленыя, у тэндарах толькі яны і ўдзельнічаюць. Карупцыя чыстай вады. Прычым такая яўная, што словаў няма.
Жыхары выказваюць і іншыя здагадкі. Што на поле, якое было адведзена пад будаўніцтва дзіцячых устаноў, паклалі вока інвестары. І пачалі лабіраваць менавіта са зносу лесу і будаўніцтвам там школы-садка, каб максімальна захаваць свабодную зямлю пад будоўлю шматпавярховікаў. А першачарговасць будаўніцтва дзіцячых устаноў прабівалася, каб усю інфраструктуру (дарогі, каналізацыя, водаправод) праклалі за бюджэтныя грошы. А забудоўшчык, які б потым прыйшоў, проста падключыўся на ўсё гатовае без затрат уласных сродкаў. Такая змова, па меркаванні людзей, цалкам можа прысутнічаць таксама.

Падман па генплане

Гэты лес — соты квартал Бараўлянскага спецлясгасу. Цягнецца ад пасёлка Вопытны да праспекта Незалежнасці. Людзі ў ім гуляюць круглы год.
«Летам там можна і не прапіхнуцца ад ягаднікаў і грыбнікоў, — распавёў стараста. — Зімой прабіваюць лыжныя трасы і катаюцца на лыжах. На веласіпедах пастаянна бачна сем’і. Людзі з палкамі для скандынаўскай хадзьбы. Гэта сапраўды зона адпачынку, там людзі адпачываюць. Прычым гэта не той адпачынак, што прыйшлі, мангалаў наставілі, гарэлкі налілі. Такога там практычна няма. А здаровы лад жыцця там назіраецца пастаянна. Гуляюць, там рэальна гуляюць».
Жыхары адзначаюць і біялагічную каштоўнасць зялёнага аазісу. Бо ў ім знаходзяцца 5 прадстаўнікоў з Чырвонай кнігі. З расліннага свету — гэта Лілія Кудраватая і Гладыш Шыракалісты, а таксама Грыб Спарасіс. Там жа месцяцца жук Борас Шнэйдэра і птушка – Вераб’іны Сыч.

Скрыншот з Вікіпедыі

Скрыншот з Вікіпедыі

Па генплане лес меркавалася пераўтварыць у парк.
«Пасёлак Вопытны пачаў будавацца і засяляцца, людзі пачалі ўкладаць грошы ў 2005 годзе, — працягвае Юрый Філіпаў. — Усе людзі здаровыя і з цвярозым розумам успрымаюць сітуацыю. Яны адкрываюць планы, мапы і глядзяць: тут будзе парк. Добра, я гатовы ўкласціся ў гэту зямлю, пабудаваць тут дом для сябе, для дзяцей, радавое гняздо стварыць. Сюды людзі ўклалі і душу, і значныя сродкі. І ўмовы былі такія: будзе парк — таму я выбраў гэты ўчастак. Ніякіх планаў высечкі лесу не было. Таму гэта падман».

Не «спальнік», а медыцынскі кластар

Уздымалася і пытанне аб тым, што Бараўляны павінны стаць медыцынскім кластарам.
«Медыцынскі кластар і «спальнік», адсутнасць прыроды, нармальнага жыцця для высокакваліфікаваных медыкаў (каб яны не клапаціліся ні аб дзіцячым садку, ні аб школе) — гэта несумяшчальныя рэчы. А зямлі ў Бараўлянах мала», — канстатуе Юрый Філіпаў.
На думку жыхароў, у Бараўлянах ёсць магутны эканамічны патэнцыял — вялікая колькасць бальніц, у тым ліку рэспубліканскага значэння. І, адпаведна, гэта месца трэба разглядаць зыходзячы з існуючай практыкі — развіцця медыцынскага напрамку бізнесу.
У Бараўлянах не першы раз рубяць лес. Сярод такіх прыкладаў — будаўніцтва ліўневага калектара.
«Месца іншага не знайшлі, лес вырубілі, бетон залілі. Прайшло пяць гадоў. Калектар так і не працуе», — канстатуюць жыхары.
І ўказваюць на недапрацоўкі на іншых аб’ектах. Пабудавалі школу з дзіцячым садком, аднак дарогі да іх не зрабілі.
«З аднаго боку, адкуль губернатар прыязджаў на адкрыццё — там прыгожа. Гэта з боку Ляснога. З адваротнага боку, дзе два населеных пункта (Ляскоўка і Вопытны), там проста не падыйсці — балота», — скардзяцца людзі.

Дарога да школы

Дарога да школы

Пра досвед зносінаў з горадабудаўнікамі яны могуць распавесці шмат гісторый. Напрыклад, змаганне за катэджы.
«Ну новыя, абсалютна свежыя пабудовы з 2005 года. А іх ужо «мадэрнізаваць» планавалі ў генплане. Пад знос, «мы там пентхаўзы ляпіць будзем». Адстаялі катэджы. Былі і планы пабудаваць мегааўтабаны з назвамі П3, П4 і г.д. Мы сказалі: ну хлопцы, дарога з ніадкуль ў нікуды. «Так, пагарачыліся», — прызналі яны».
— Зараз павінна быць эрганамічная забудова, якая сама па сабе ўжо стварае асяроддзе. Але няма комплекснага падыходу. Такое адчуванне, што дзесьці хтосьці сядзіць і — ай, хай будзе, пабудуем! Быццам бы ў нас ёсць свае дэпутаты, старшыні сельсавету — чаму яны маўчаць, чаму нічога не кажуць?

Транспартны калапс

Пра чарговую праблему сведчаць заторы, якія ўзнікаюць пры выездзе з Бараўлян на Віцебскую трасу. Дарога патрабуе пашырэння і рэканструкцыі. Як і мост, на які яна выходзіць.
Аднак транспартную праблему даводзяць да крайнасці. Упрытык да моста збіраюцца будаваць «шматфункцыянальны грамадска-дзелавы гандлёвы цэнтр». Ужо распрацаваны праект, інвестару прадалі ўчастак 1,5 га за 250 тысяч долараў. З правам арэнды зямлі на 30 гадоў. Ля крамы прадугледжваецца 230 парковачных месцаў.
«Гэты мост стары, — тлумачыць Юрый Філіпаў. — Ён не мае развязак. Шырыня праезднай часткі — дзве машыны ледзь разыходзяцца, пешаходкі няма, дарогу трэба пашыраць. Мінімум яшчэ паласа туды, паласа сюды — гэта палосы з’езда, развода. Усё гэта месца патрэбна для моста. Ён — важная кропка транспартнай развязкі. Не толькі для Бараўлян, але і для рэспублікі ў цэлым. Вунь яна, рэспубліканская траса. І вось гэты мост мы зараз заткнем вось гэтым цэнтрам. Месца, калі спатрэбіцца рэканструкцыя гэтага моста, проста не хопіць».

Мост на Віцебскай шашы

Мост на Віцебскай шашы


Афера?

Той факт, што зямля пад гандлёвы цэнтр выдзелена без уліку неабходнай мадэрнізацыі моста і дарогі H-9037 (Дубаўляны – Бараўляны – Каралёў Стан), выклікае пытанні. Як і само будаўніцтва крамы, заказчык якога — ААТ «Знешэканомбуд».
Па-першае, як лічаць мясцовыя жыхары, кошт участку пад краму ля рэспубліканскай трасы М-3 Мінск – Віцебск з’яўляецца заніжаным. Па-другое, калі паўстане глабальная праблема мадэрнізацыі моста і транспартнай развязкі, з заказчыкам прыйдзецца дамаўляцца і выплачваць кампенсацыю. Бо іншага выйсця, акрамя як пашырацца за кошт тэрыторыі інвестара, не застаецца. Да гэтага часу на выдзеленай яму зямлі ўжо з’явяцца збудаванні.
«Гэта афера, на мой погляд. Маставую развязку заціскаюць нейкімі дробязнымі інтарэсікамі. У спадзяванні на тое, што калі вы нарэшце саспееце і прыйдзеце да думкі аб тым, што тут усё такі трэба штосьці рабіць з мостам (а рабіць трэба ўжо зараз), вы нам нашы грошыкі не толькі назад вернеце, але мы яшчэ і бонусы атрымаем», — не выключае Юрый Філіпаў.
Пры гэтым, як сцвярджаюць жыхары, дэфіцыту крамаў Бараўляны не адчуваюць. Наадварот, перанасычаны імі, і гандлёвыя будынкі пустуюць. Напрыклад, адзін з такіх пабудаваны два гады таму. Другі, у колерах «Еўраопта», з шыльдай «Арэнда» шукае гаспадара ўжо год. «Бруснічак», «Суседзяў», «Дабраномаў», тых жа «Еўраоптаў» — хапае з лішкам.

Крама ў колерах «Еўраопта», якая пустуе

Крама ў колерах «Еўраопта», якая пустуе

Вострай неабходнасці ў такіх аб’ектах няма, — кажа Дзмітрый Ляўчук. — Ёсць вострая неабходнасць у дзіцячых садках, школах. На 55 тысяч насельніцтва дагэтуль няма дзіцячай паліклінікі. Чаму іх не будуюць? ФАКа ніводнага няма. Вось ФАК павінен быць па генплане. Стаў крамай незразумелай.

ФАК, які пераўтварыўся ў гастрабар, і пустая крама

ФАК, які пераўтварыўся ў гастрабар, і пустая крама

Школы перагружаны ў два з паловай разы, гімназіі працуюць у дзве змены. У садок чарга — пяць тысяч. Я сваё дзіця ў садок мясцовы ўладкаваць не магу. Хаця садкоў дастаткова многа. Чаргу размяркоўвае, зноў жа, выканаўчая ўлада. Ну быццам бы ўсе месцы занятыя. Але ні для каго не сакрэт, што ты дзіця можаш уладкаваць у садок. Той, які ты хочаш. Але за гэта трэба заплаціць. Па чутках, тысячу долараў — і тваё дзіця ў садок ходзіць.

«Захраслі ў супрацьстаянні»

Жыхары абураны, што ва ўладных кабінетах не хочуць прымаць да ўвагі іх меркаванне наконт развіцця Бараўлян. Ігнаруюць звароты, не абцяжарваюць сябе аргументаванымі адказамі.
«Калісьці, можа быць, гэта і праходзіла, — канстатуе Юрый Філіпаў. — Але зараз гэтыя падыходы ўжо не спрацоўваюць. Яны параджаюць канфлікты. Насамрэч выхады можна знайсці. Агалцелае, бяздумнае стаўленне з боку ўладаў, без жадання падумаць, знайсці прымальнае выйсце — гэта няправільна. Вялікая колькасць людзей, і з боку грамадзянскай супольнасці, і з боку дзяржструктур, трацяць вельмі шмат часу, сіл і сродкаў на супрацьстаянне. А не на стварэнне. Так не павінна быць.Калі гэта дурасць будзе далей працягвацца, у пасёлку актыўных людзей вельмі многа. І калі справа дойдзе да радыкальных захадаў — той, хто хацеў бунт, ён яго атрымае. А я не прыхільнік такіх мер».
Жыхары Бараўлян ужо заявілі, што ў выпадку высечкі лесу гатовы стаць жывым ланцугом перад тэхнікай і «здзяйсняць іншыя законныя дзеянні».