«Гомсельмаш» рызыкуе страціць кантроль над галоўным зборачным прадпрыемствам у Расіі

Арбітражны суд Бранскай вобласці прыняў да разгляду пазоў расійскай кампаніі, якая «прымушае» беларускае аб'яднанне прадаць ёй кантрольны пакет акцый у сумесным прадпрыемстве «Брансксельмаш».

foto_fokus16.jpg

Адпаведная інфармацыя размешчана на сайце арбітражных судоў Расіі. У выпадку задавальнення гэтага пазова найбуйнейшы беларускі вытворца сельскагаспадарчай тэхнікі можа страціць кантроль над сваёй галоўнай зборачнай пляцоўкай на расійскім рынку — кампаніяй «Брансксельмаш».
«Брансксельмаш» — гэта сумеснае прадпрыемства, якое было створана ў 2005 годзе для зборкі сельскагаспадарчай тэхнікі гомельскага аб'яднання для расійскіх спажыўцоў. З 2016 года тэхніка прасоўваецца ў Расіі пад брэндам «Дзясна-Палессе».
Холдынгу «Гомсельмаш» першапачаткова належыць 51% долі ў сумесным прадпрыемстве, якое ўваходзіць у лік лідэраў на камбайнавым рынку Расіі. Астатнія яго акцыі размеркаваны паміж расійскімі партнёрамі. У прыватнасці, 47,34% акцый валодае былы намеснік кіраўніка адміністрацыі Бранска Леанід Гранкін, 1,66% акцый належаць кампаніі «Брянсксельхозмаш», якую ён узначальвае.
У канцы чэрвеня гэтага года менавіта кампанія «Брянсксельхозмаш» звярнулася ў Арбітражны суд Бранскай вобласці з пазовам да «Гомсельмаша». Расійскае прадпрыемства спрабуе праз суд абавязаць гомельскі холдынг прадаць 2% акцый ЗАТ СП «Брансксельмаш» за 602 тыс. расійскіх рублёў. У выпадку задавальнення гэтага пазову Леанід Гранкін і яго партнёры атрымаюць кантрольны пакет бранскага вытворцы камбайнаў.
Як вынікае з дакументаў справы, пры першай падачы пазову Арбітражны суд Бранскай вобласці не прыняў яго, спаслаўшыся на «парушэнні патрабаванняў» некалькіх артыкулаў расійскага арбітражнага працэсуальнага кодэкса. Праз месяц пазоўнік, выправіўшы дакументы, паўтарыў спробу, і суд прыняў яго пазоў да разгляду і распачаў вытворчасць па справе.
На гэтым тыдні, 15 жніўня, у Арбітражным судзе Бранскай вобласці адбудуцца сумоўі з бакамі і папярэдняе судовае паседжанне.
У канцы мінулага тыдня рэзкай крытыцы палітыку Расеі ў дачыненні да «Гомсельмаша» падвергнуў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які пабываў у Гомелі на прадпрыемстве:
— Я хачу захаваць «Гомсельмаш». У нас цяпер цяжкі перыяд — расейцы паводзяць сябе па-варварску у адносінах да нас, публічна пра гэта кажу. Яны ад нас патрабуюць чагосці, як быццам мы васалы ў іх, а ў рамках ЕАЭС, куды яны нас запрасілі, яны выконваць свае абавязацельствы не жадаюць. Вось яны і ствараюць неканкурэнтную сітуацыю.
На нас будзе вельмі моцны ціск з боку канкурэнтаў. Мы заціснуты з Захаду рознымі «клаасамі-лексіёнамі» і г.д., і мы заціснутыя, на жаль, з Усходу нашым старэйшым братам, які паводзіць сябе ў канкурэнцыі нядобрасумленна. Яны «Ростсельмаш» свой ўсяляк падтрымліваюць, субсідзіруюць, парушаючы нашы дамоўленасці ў Еўразійскім эканамічным саюзе. Гэта няправільна, несправядліва, і гэтую праблему мы не здымаем з парадку дня беларуска-расійскіх перамоў на ўзроўні ўрадаў і нават кіраўнікоў дзяржаў.
Таксама падчас візіту на "Гомсельмаш" і сустрэчы з яго работнікамі кіраўнік дзяржавы заявіў, што не мае намеру прадаваць гэтае прадпрыемства, хоць прапановы маюцца — з боку Казахстана і таго ж «Ростсельмаша».
— «Ростсельмаш» даўно прапаноўвае — давайце прыватызаваць, мы гатовыя купіць. Але я не хачу, каб гэты завод ператварыўся ў завод па вытворчасці шасцяронак. Усё астатняе — і канструктарскія распрацоўкі, і навукова-тэхнічны складнік — усё там — у Растове, а мы ператворымся ў нейкі прыдатак. Гэтага быць не павінна, павінны быць партнёрскія адносіны.
Адзначым таксама, што да судовага пасяджэння даччыная кампанія «Гомсельмаша» падыходзіць без свайго кіраўніка: генеральны дырэктар «Брансксельмаш» Валер Суле ў пачатку ліпеня быў затрыманы праваахоўнікамі Беларусі па падазрэнні ў карупцыі.
Следчы камітэт пацвердзіў гэтую інфармацыю, хоць на афіцыйным сайце «Брансксельмаш» Суле па-ранейшаму значыцца як генеральны дырэктар сумеснага прадпрыемства.
Паводле zautra.by