Хронікі рэпрэсій, 7 жніўня. Яшчэ восем жыхароў Брэста асудзілі да калоніі за ўдзел у акцыі пратэсту
«Хапун» у Кобрыне. Новыя суды. Руслан Акостка на волі. Распавядаем галоўнае, што стала вядома пра беларускіх палітвязняў сёння.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў ПЦ «Вясна».
«Хапун» у Кобрыне — затрымалі як мінімум 5 чалавек
Сцвярджаецца, што ўсе яны прымалі ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту ў горадзе.
Паведамляецца, што адзін з затрыманых з'яўляецца адміністратам чату «Кобрын 97» — яму пагражаюць «сур'ёзным тэрмінам».
Яшчэ восем жыхароў Брэста асудзілі да калоніі за ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту
У судзе Ленінскага раёна Брэста пятага жніўня абвясцілі прысуд суд яшчэ васьмі мясцовым жыхарам — Івану Амрэйчыку, Васілю Ніпарку, Аляксею Самайлюку, Анатолю Закурку, Ігару Сарокіну, Сяргею Дземідзюку, Мікіту Яхімовічу і Валянціне Жукоўскай. Усіх абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту 10 жніўня 2020 года.
Суддзя Дзмітрый Шурын прызначыў ім тэрміны ад паўтары да двух з паловай гадоў калоніі.
Усе абвінавачаныя задоўга да суда былі змешчаныя пад варту. Каго затрымалі яшчэ ў лютым, кагосьці — цягам сакавіка гэтага года. Пазней усіх быў затрыманы Сяргей Дземідзюк — у красавіку. Ігара Сарокіна затрымалі на мяжы ў лютым, калі ён вяртаўся з Польшчы, дзе працаваў электрыкам.
Сёння пачалі судзіць глыбоцкага байкера за каменатры пра Лукашэнку
У абласным судзе Віцебска 7 жніўня пачаўся судовы працэс у закрытым рэжыме супраць Сяргея Навумава паводле двух крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльанй варожасці), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі). Справу разглядае суддзя Ігар Макарэвіч.
Пра затрыманне мужчыны стала вядома 16 траўня. «Пакаяльнае» відэа з ім з'явілася ў адным з праўладных тг-каналаў. У ім Сяргея абвінавачвалі ў допісах, «якія абразілі Лукашэнку».
Сяргею Навумаву 55 гадоў. Мужчына паходзіць з гарадскога пасёлка Падсвілле Глыбоцкага раёна. Працаваў на розных рабочых спецыяльнасцях. Сяргей захапляецца нумізматыкай і байкерствам.
Сёння ў Мазыры пачалі судзіць палітвязня Вячаслава Малейчука
Нагадаем, 10 лютага 2023 года Вячаслава, асуджанага да 23 гадоў калоніі, прызналі вінаватым паводле арт. 411 КК. Суддзя Мікалай Сяргейка прызначыў яму 1 год калоніі. Пасля прысуду Малейчука накіравалі ў папраўчую калонію № 9 у Горкі. Там літаральна праз некалькі месяцаў супраць яго ўзбудзілі ўжо другую запар крымінальную справу па ч. 2 арт 411 КК.
Наступны суд над ім адбыўся 23 жніўня мінулага году. Мікалай сваю віну не прызнаў. Суддзя Алена Вераб'ёва дадала да 23 гадоў калоніі яшчэ 2 гады пазбаўлення волі.
У судзе Мазырскага раёна, сёння, 7 жніўня над палітвязнем распачаўся ўжо трэці суд за "непадпарадкаванне адміністрацыі". Справу разглядае суддзя Анатоль Стрэльчанка. Вячаславу могуць дадаць яшчэ 2 гады зняволення.
Жыхарку Брэста затрымалі за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту
На «пакаяльным відэа» затрыманая кажа, што выхоўвае паўгадовае дзіця і што ў дачыненні да яе зараз распачата крымінальная справа.
Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што дзяўчына патрапіла на відэа іншага затрыманага, і так сілавікі змаглі на яе выйсці.
Жыхара Ліды затрымалі за падпіскі на «экстрэмісцкія рэсурсы»
Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што затрыманы доўгі час працаваў і жыў за мяжой, а затрымалі яго па вяртанні ў Беларусь.
Былы дэсантнік з Салігорску Руслан Акостка выйшаў на волю
16 лістапада 2020 года суд Салігорскага раёна арыштаваў Руслана на 15 сутак за ўдзел у акцыі пратэсту ў памяць забітага Рамана Бандарэнкі. Тады ён здолеў прайсці амаль праз увесь горад з бел-чырвона-белым сцягам, чым і стаў вядомым.
Пазней супраць яго распачалі крымінальную справу за супраціў супрацоўнікам міліцыі (арт. 363 Крымінальнага кодэкса) за тое, што падчас затрымання аказаў супраціў супрацоўнікам РАУС і нанёс ім цялесныя пашкоджанні. Яму прызначылі 3 гады пазбаўлення волі.
Тэрмін палітвязня накіравалі адбываць у віцебскую калонію № 3. Там супраць яго узбудзілі ўжо новую крымінальную справу па арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). У выніку палітвязня асудзілі яшчэ да года калоніі.
Нядаўна палітвязень цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю з папраўчай калоніі № 9 у Горках. Пра гэта паведамілі ў сацсетках.
Мінскі гарадскі суд ліквідаваў Мінскае веласіпеднае таварыства
Інфармацыя пра гэта з'явілася ў Instagram-акаўнце ініцыятывы.
Паведамляецца, што ў матэрыялах справы пад грыфам «для службовага карыстання» не было канкрэтнай інфармацыі, што менавіта стала падставай для ліквідацыі.
Па даных Lawtrend, колькасць прымусова ліквідуемых некамерцыйных арганізацый складае на канец ліпеня 2024 года не менш за 1086 арганізацый.