Хронікі рэпрэсій. Паліна Шарэнда-Панасюк не выйшла з ШІЗА
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных крыніц сабралі інфармацыю пра палітычны пераслед беларусаў за 24 лютага.
Як паведамляе Intex-press, у Баранавічах супрацоўніцу выдання, якую раней пасля допыту і ператрусу ў рэдакцыі затрымлівалі на суткі, асудзілі па ч.2 арт. 19.11 Адміністрацыйнага кодэкса (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а роўна выраб, выданне, захоўванне альбо перавозка з мэтай распаўсюджвання такой інфармацыйнай прадукцыі).
Згодна з пратаколам, у лютым 2022 года яна пераслала інфармацыю з тэлеграм-канала, прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім.
Суддзя Паўлоўская аштрафавала журналістку на 15 базавых велічынь (555 беларускіх рублёў). Мабільны тэлефон канфіскаваны.
Нагадаем, крыху больш за тыдзень таму сілавікі прыйшлі з ператрусам у ТАА «Выдавецкі дом Інтэкс-прэс» і канфіскавалі сістэмныя блокі, фотаапарат, ноўтбукі (уключаючы асабістыя ноўтбукі супрацоўнікаў), камп'ютарную тэхніку бухгалтэрыі і рэкламнага аддзела.
Журналістку, якая напярэдадні мела зносіны з гараджанамі на вуліцах горада, неўзабаве выклікалі ў Баранавіцкі ГАУС, а потым затрымалі на суткі.
* * *
23 лютага ў Гродне затрымалі 36-гадовую маці дваіх непаўнагадовых дзяцей Ірыну Савашынскую. Паведамляецца, што за ёй сачылі і затрымалі каля крамы. Дома ў яе правялі ператрус. Вядома, што яе затрымалі ў межах крымінальнай справы, але падрабязнасці невядомыя. Цяпер яе ўтрымліваюць у ІЧУ Гродна.
* * *
У «cпіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 45 чалавек — цяпер у ім 2487 чалавек. Акрамя іншых, у спіс дадалі айцішніцу Кацярыну Сасім, затрыманага за намер паехаць ваяваць ва Украіну Максіма Стасюка, грамадзяніна Расіі Іллю Кавалёва, супрацоўніка «Гродна-Азот» Андрэя Ханевіча, былую настаўніцу Ірыну Абдукерыну, топ-менеджара мабільнага аператара life:) Арцёма Воўну.
* * *
Палітзняволеную Паліну Шарэнда-Панасюк працягваюць утрымліваць у ШІЗА, паведаміў яе муж Андрэй.
«Паліна ў ШІЗА з 13 студзеня. На 21 лютага няма звестак, што Паліна адтуль выйшла. Магчыма, тэрмін пакраньня быў прадоўжаны далей. Гэта мінімум 40 содняў бесперапынных катаванняў холадам, голадам і адсутнасцю сна. Жанчыны, якія сядзелі раней ў ПК-24, кажуць, што вытрымаць больш за дзесяць дзён у мясцовым ШІЗА ўзімку проста немагчыма. У маразы камера цалкам прамярзае і пакрываецца шэранню. Холад і адсутнасць нармальнага харчавання ператварае кожную хвіліну знаходжання там у невыносную пакуту».
Нагадаем, супраць Паліны зноў узбудзілі крымінальную справу паводле арт. 411 КК, па якім яе летась ужо асудзілі: да 2 гадоў далалі зняволення яшчэ адзін год. У кастрычніку Паліну змясцілі на паўгода ў ПКТ, дзе рэгулярна змяшчаюць у ШІЗА. Суткі там не ўлічваюцца ў тэрмін ПКТ.
Адрас для падтрымкі: ПК №24, 247526, вул. Вытворчая, 44, г. п. Зарэчча, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць
* * *
Жыхара Паставаў, палітвязня Дзмітрыя Плешавеню асудзілі да 2,5 года «хатняй хіміі» і вызвалілі ў зале суда. Пра гэта паведамляюць віцебскія сябры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, сябрам якой з'яўляецца Дзмітрый.
Дзмітрыя Плешавеню затрымаў ГУБАЗіК у ягоным уласным доме некалькі месяцаў таму, калі ён вярнуўся ў Беларусь з Латвіі. Судзілі Дзмітрыя па «народным» арт. 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».
* * *
Стала вядома, што не так даўно абаронцу Андрэя Дзмітрыева пазбавілі ліцэнзіі, і зараз у яго новы адвакат. Хто ў яго быў адвакатам, і хто цяпер — не паведамляецца.
«Ні нашы лісты яму не даходзяць, ні яго — на волю, таму мы занепакоены гэтым. Праўда, ёсць магчымасць дапамагаць Андрэю перадачамі. Перадаем тое, што просіць: прадукты, нейкія рэчы для карыстання, чаравікі без шнуркоў…» — расказала «Народнай волі» Таццяна Караткевіч.
Андрэй Дзмітрыеў быў кіраўніком руху «Гавары праўду», а ў 2020-м — кандыдатам у прэзідэнты. Апошнім часам працаваў над стварэннем палітычнай партыі пад назвай «Наша партыя». Палітык быў затрыманы 11 студзеня гэтага года. Па інфармацыі Следчага камітэта, «устаноўлена датычнасць да экстрэмісцкай дзейнасці». Сцвярджалася, што Дзмітрыеў у жніўні-верасні 2020-га ўдзельнічаў у Мінску ў «вулічных беспарадках».
Акрамя таго, следчыя падлічылі, што падазраваны 599 разоў перасякаў дзяржаўную мяжу Беларусі, з іх 33 — пасля 2020 года. Следства мяркуе, што наяўнасць кантактаў у Андрэя Дзмітрыева з прадстаўнікамі Захаду і ЗША можа сведчыць пра каардынацыю яго палітычнай дзейнасці з-за мяжы. Таксама ў Следчага камітэта маецца інфармацыя, што «затрыманы кантактаваў з дзяржаўным сакратарыятам ЗША і асабіста з яго былым кіраўніком Хілары Клінтан».