За антываенныя пратэсты ў Беларусі асудзілі больш за паўтары тысячы чалавек

У гадавіну нападу Расіі на Украіну праваабаронцы распавялі пра пераслед беларусаў за антываенную пазіцыю.

eade650eabdc5f976e535757dcf24ac5_xl.jpg

З пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну беларусы актыўна праяўляюць антываенную пазіцыю: ладзяць маршы і пікеты, псуюць чыгуначнае абсталяванне, каб запаволіць рух расійскай ваеннай тэхнікі, дапамагаюць у інфармацыйнай вайне, ваююць на баку Украіны.

Сёння гадавіна ўварвання расійскіх войскаў на тэрыторыю Украіны, а ў Беларусі налічваюцца 12 асуджаных за дыверсіі на чыгунцы агулам на 191,5 гады няволі.

За перадачу фота расійскай ваеннай тэхнікі ў СМІ асудзілі не меней за 31 асобу, за жаданне ваяваць на баку Украіны ў няволі мінімум 11 чалавек, восем з якіх асуджаныя.

Не меней за 20 асоб зазналі пераслед за публічнае асуджэнне расійскай агрэсіі і падтрымку Украіны.

За першыя паўтара месяца вайны ў Беларусі за антываенныя акцыі затрымалі больш за 1500 чалавек.

Агулам за праяву антываеннай пазіцыі затрымана не меней за 1575 беларусаў і беларусак. З іх 56 чалавек асуджана паводле крымінальных спраў на тэрмін ад 1 да 23 гадоў. Праваабаронцы распавядаюць пра пераслед беларусаў за антываенную пазіцыю.


Затрыманні і катаванні за ўдзел у антываенных акцыях

Самыя масавыя антываенныя акцыі па ўсёй Беларусі прайшлі 27 і 28 лютага 2022 года. За два дні было затрымана больш за 1100 чалавек.

Удзельнікаў антываенных акцый пераследавалі за адзенне і сімволіку жоўта-блакітных колераў, за надпіс «Не вайне» на адзенні, за ўскладанне кветак каля Украінскай амбасады ў Мінску.

Беларусы пратэставалі не толькі ў сталіцы, але і ў большасці рэгіёнаў Беларусі.


Затрыманыя на акцыях падвяргаліся катаванням з боку сілавікоў. Пратэстоўцаў моцна збівалі ў РУУСах, адкуль некаторыя траплялі наўпрост у лякарні.

«Калі я ляжаў у лякарні, то мне знаёмыя кінулі спасылку на TikTok, дзе ролік са мной сабраў каля 60 тысяч праглядаў. Гэта сагрэла мне душу, і я спадзяваўся, што калі нейкая частка ўкраінцаў паглядзіць гэта відэа, то хоць трошкі зразумеюць, што сапраўдныя беларусы ніколі ў жыцці не запусцілі б у іх ракеты», — расказаў Павел, якога затрымалі на антываеннай акцыі, збілі ў РУУС і пасля адвезлі ў лякарню.

Былы арыштант казаў аб збіцці на антываеннай акцыі ў Мінску ў інтэрв’ю :

«У пэўны момант людзі пачалі крычаць "Пуцін ху*ло"». Менавіта гэта, на думку хлопца, і стала прычынай жорсткіх затрыманняў сілавікамі. Да хлопца адразу падбеглі тры ці чатыры вайскоўцы, павалілі на зямлю і пачалі збіваць дубінкамі. Яму нанеслі 14 удараў, пяць з каторых прыйшліся па галаве. Пасля гэтага падбег амапавец і прытрымаў хлопца, пакуль чакаў сваіх калег. У выніку некалькі сілавікоў за ногі і рукі пацягнулі хлопца ў аўтазак.


А вось расповед жанчыны пра збіццё ў ізалятары на Акрэсціна пасля затрымання на акцыі супраць вайны:

«З ім (супрацоўнікам ізалятара Урублеўскім) канфлікт выйшаў з нагоды таго, што мы папрасілі туалетную паперу і адкрыць кармушку. У адказ пачулі "За что боролись, на то и напоролись" і лаянку. Пачаўся канфлікт паміж намі і ім. У выніку адну жанчыну адцягнуць я яшчэ паспела, бо зразумела, хто ён. А другую Урублеўскі вывеў у калідор і ўдарыў галавой аб сцяну».