Былы палітзняволены: У сучаснай беларускай турме справядлівасці няма нідзе

Васіль прайшоў праз карцар Акрэсціна, пражыў чатыры месяцы на «Валадарцы» і атрымаў прысуд у тры гады «хіміі». Хлопец распавёў праваабаронцам, як задушванне ў калідоры на Акрэсціна зрабілася руцінай, як сілавікі эксплуатуюць «зонаўскія паняцці» і як дзіўна ўсведамляць, што патэлефанаваць дадому табе даў не адвакат, а супрацоўнік ГУБАЗіКа.

img_0629_2_logo_1.jpg


Паўтара года таму Васіль працягваў будаваць сваё жыццё ў Беларусі: працаваў барменам, развіваў бізнес, пачаў рамонт, быў упэўнены, што хутка ажэніцца. У канцы 2021 года прыйшлі да дзяўчыны Васіля. Магчыма, менавіта таму ўсяго чацвёра супрацоўнікаў ГУБАЗІК і «без зброі нагала». Але падчас вобшуку ў тэлефоне хлопца знайшлі відэа з 9 жніўня 2020 года, якія ён вырашыў пакінуць на памяць. І галоўная мэта адразу памянялася. Васіля вывелі з кватэры ў кайданках і павезлі ў ГУБАЗіК. Наперадзе былі карцар Акрэсціна, чатыры месяцы на «Валадарцы» і прысуд у тры гады «хіміі».

Перавыхаванне «змагароў»

«Ужо ў кабінеце мяне папярэджвалі ў звыклай для ГУБАЗа форме, што мяне чакае: "Два гады пасядзіш". Праз тое, што сітуацыя вельмі для мяне сюррэалістычная, я не верыў у Вялікага Брата — мне было шчыра смешна назіраць, што адбываецца. Асабліва ўлічваючы прапанаваную мне кару ("паедзеш у «пеўневыя» хаты") і пагрозы сексуальнага гвалту рознага кшталту. Распавядалі пра віртуознае валоданне дубінкай, пра тое, што са мной будуць рабіць і як нас, «змагароў», трэба перавыхоўваць.
Калі мне прапанавалі зняць «пакаяльнае відэа», я пагадзіўся беспярэчна. Я разумеў, што яно ва ўсякім разе будзе знята. Аднак праз мой прыўзняты настрой і нейкую ўнутраную істэрыку я смяяўся падчас запісу. На чацвёртай спробе супрацоўнік дастаў з шафы дубінку, удакладніў, ці ведаю я, чаму яна называецца ПР-73. Я выказаў здагадку, што гэта год стварэння, адказ быў няслушны — і я атрымаў пару разоў у бок. Мы знялі і пятую спробу, але мой дэбют акцёрскі не выйшаў».

Тэлефанаванне дадому — платнае

«У СК выклікалі адваката, дзяржаўнага, якога павінны даваць. Для гутаркі з ім мяне вывелі ў калідор, дзе сядзелі два супрацоўнікі, якія мяне затрымалі. Ён прапанаваў мне паразмаўляць проста побач з імі — я адразу адмовіўся ад ягоных паслуг. Адзінае, што мне ад яго трэба было — звязацца з бацькамі ці сябрамі, таму што я непакоіўся за нашых сабак. Бо супрацоўнікі пагражалі: "Паедуць сабачкі на Гурскага". А матэматыка простая: калі я еду на Акрэсціна, я еду на 15 сутак, а сабак на Гурскага трымаюць 14 дзён. І адвакат не даў мне патэлефанаваць, сказаў, што тады трэба падпісваць дамову і плаціць.
Але мне, як ні дзіўна, даў патэлефанаваць супрацоўнік ГУБАЗа. Гэта быў першы момант усведамлення, што, падобна, я надоўга. Сябра было пачуць даволі цяжка».

Спачуванне ад забойцаў

«Я правёў на Акрэсціна 8 дзён. Першапачаткова падумаў, што гэта размеркавальная камера. Гэта быў аднамесны карцар, дзе стаяць 8 чалавек. Маглі легчы ў поўны рост тры чалавекі. Ляжалі людзі, так бы мовіць, з высокім прыярытэтам здароўя, бо сярод нас сядзелі людзі 40+ ці з праблемамі са здароўем. На жаль, быў перыяд самых жорсткіх маразоў, да -17, і ў нас не зачынялася акно, і гэта была бяда.
На Акрэсціна мяне больш за ўсё ўразіла гісторыя Андрэя, былога падпалкоўніка міліцыі, вядомага тым, што спаліў сваю форму. Андрэй правёў ва ўмовах карцара 46 дзён — на бетоне, узімку. Ён быў у даволі цяжкім стане: ужо з гнайнікамі ў роце. Вельмі цяжка яму было размаўляць, цяжка было есці. І ён пры мне рукамі выціскаў гэтыя гнайнікі ў сябе ў горле. Рэпрэсіўная машына адладжана на такіх чуваках, як ён. Калі такія, як ён, траплялі на канвеер, то іх проста закатвалі, адчувалася, што гэта помста. Андрэй — былы калега начальніка Акрэсціна. Да яго ставіліся як да чалавека, які здзейсніў страшную памылку. На нейкім абходзе начальнік Акрэсціна падклікаў Андрэя, па-бацькоўску тлумачыў яму: "Ты бачыш, дзе ты апынуўся. Навошта ты так зрабіў?" Забойцы, якія спачуваюць — неяк так».

Практыка задушвання на Акрэсціна

«У адной змене ёсць знакаміты хлопец, з мянушкай «Амоныш», які ўжываў катаванні ў адносінах да зняволеных, асабліва палітычных. Ён ніколі не з'яўляўся без балаклавы. То-бок гэта чалавек, які ведае, што трэба трымаць свой твар схаваным. Па голасе мы яго ўсе пазнаем. Вельмі мы яму не падабаліся: «ластаўкамі» стаялі на калідоры, і падчас вобшуку двойчы на дзень на праверках былі ці ўдары, ці задушванне. Ён локцем упіраецца табе ў спіну, бярэ за каўнер і адцягвае. І ты шыпіш секунд 20, пакуль ён робіць выгляд, што цябе абшуквае. Разы два я атрымаў сапраўды па рэбрах дубінкай ад гэтага хлопца. Па нагах я ўжо не лічу: ён літаральна на шпагат саджаў людзей. А аднойчы за правіну суседняй камеры мы стаялі гадзіны да трэцяй ночы.
У карцары было цяжка фізічна, але маральна значна прасцей, чым у СІЗА. Там было адзінства. Усе аб'яднаны адзінай ідэяй, усе разумеюць, чаму яны тут знаходзяцца, і ёсць зразумелы сапернік звонку».

«Валадарка». Камера з гвалтаўнікамі

«Я ў выдатным настроі, таму што чакаю магчымасці паспаць — я тыдзень не спаў. Седзячы ў мяне гэта не атрымліваецца, ну і плюс, як толькі ў камеры рабілася ціха, на Акрэсціна было пра што падумаць.
Па матрацы мы схадзілі, я вярнуўся ў тую ж камеру, аднак праз пяць хвілін мяне перавялі. Я мяркую, што праз артыкулы ці, мабыць, праз нейкія мае паводзіны, бо я жыццярадасны занадта быў. Гэта была асноўная і вельмі непрыемная рэпрэсія ў дачыненні да мяне — перавод у гэтую камеру. Таму што гэта, па паняццях турэмнай этыкі, псуе тваю рэпутацыю. Я не мог гэтага ведаць, натуральна.
У камеры былі два чалавекі з непрыстойнымі артыкуламі — два гвалтаўнікі. Я яшчэ глыбока памыляўся, думаючы, што калі турмы запоўнены палітычнымі зняволенымі, то там проста лагер нейкі, там усе на адной хвалі. Але высветлілася, што турма жыве і квітнее. Я тады сутыкнуўся ўпершыню з тым, што яны асобна ядуць, з імі не размаўляюць, ім нельга ні да чаго дакранацца і гэтак далей. І для мяне гэта было шокам, я ім шчыра спачуваў. Яны мне давалі свае паперы пачытаць, пыталіся, што ім рабіць. Ты тыдзень не спаў, але сядзіш і выслухоўваеш двух гвалтаўнікоў.
Дзесьці пасля абеду мяне паднялі ў камеру. (Раней гэта была камера на 9 чалавек — 4 двух'ярусныя і адзін аднаярусны ложкі. Людзі, якія ў гэтай камеры правялі каля паўтара года, заспелі момант, калі пачалі прыварваць трэція ярусы.) «Палітычных» там было двое, я трэці. Мне адразу ж дапамаглі гігіенічнымі сродкамі, выдалі нават ручнік, шкарпэткі — такі акт салідарнасці. Я распавядаю сваю гісторыю, расслабляюся і кажу, у якую камеру зайшоў… І цішыня. Проста мёртвая.
Мне тлумачаць, што я мусіў гэтых дваіх чувакоў нагамі — не рукамі, ні ў якім разе — выгнаць з камеры, інакш я трапляю «пад пытанне», што па турэмнай этыцы цябе набліжае да нізкага статусу зняволеных. Адбываецца кансіліум, куды мне класціся спаць. Хтосьці выступае ў маю абарону, маўляў, ён праз няведанне, а хтосьці сапраўды асцерагаецца мяне, як заразнага. Месяц пасля гэтага ты перажываеш даволі непрыемную гісторыю, калі ты трошкі ў сацыяльным плане ніжэй за твайго стандартнага сукамерніка. За кожным тваім крокам назіраюць 10 мужыкоў, якім няма чым заняцца, а ты ў страху зрабіць няправільны крок».

Яўген Рубашка — чалавек, які пераадольвае

«Мне здаецца, гэта чалавек, які больш за ўсё ў маім жыцці на мяне паўплываў. Жэня — чалавек, які пераадольвае. Насуперак усяму ён будзе хіліць сваю лінію. Гэта чалавек, які будзе спрачацца з вертухаямі, калі яны не маюць рацыі. Чалавек, які абсалютна не памыляецца ў сваіх правах. Чалавек, якога вельмі складана атруціць турмой. Чалавек, які ўмее адчуваць, думаць. Яму хацелася дзяліцца. Там у людзях было шмат турмы. Жэня гэтую турму разбіваў».

«Выціскаць у турме зэка і шукаць чалавека»

«Нашага «зараджанага за хату» злавала, што мы «палітыкам» адзін аднаго называем: "Тут няма палітыкаў, тут адны няўдачнікі". Рэч у тым, што ў сучаснай беларускай турме справядлівасці няма нідзе. Ёсць артыкулы, якія знішчаюць людзей і без палітычнага матыву: 328, 333 («Незаконны абарот моцнадзейных ці атрутных рэчываў») — вар'яцкі артыкул, які ўраўноўвае зброю і допінг. Разуменне агульнай сітуацыі было, але гэта не ўспрымалася як страшная рэпрэсіўная машына: "мусары сваволяць".
Людзі там вельмі закрытыя. У прынцыпе няшчырыя. Ніхто не хоча ў чужое гора лезці. Не тое што мне неабходна было скардзіцца, але часам пагаварыць на чалавечыя тэмы вельмі трэба. А ў турме звычайна папера — гэта твой адзіны сябар. Людзі, якія сядзяць там, спрабуюць быць зэкамі звонку. У мяне быў адзін сукамернік, яму 19 гадоў, на 15 гадоў сеў. Ён таксама спрабаваў быць са мной шчырым, але шчырым ён быў на паперы. Першы ліст ён мне ў канверце перадаў. Суседнія шконкі ў нас былі. Мы маглі сядзець і размаўляць, а ён пісаў. Таму што адкрывацца людзям у турме вельмі страшна. Яны замыкаюцца на сухім выкананні нейкіх няпісаных правіл. Ланцужок страху бясконцы: страх перад суседзямі, перад паняццямі, перад невядомым.
Я паставіў сабе за мэту, пакуль знаходжуся там, турму з людзей выбіваць. Лез пад рэбры, з усімі размаўляў. І я шчыра спачуваў практычна кожнай гісторыі, якую я чуў. Гэта страшна — усё, што там адбываецца, не толькі ў палітычных. Гэта знішчэнне чалавека. І я нагадваў людзям, што гэта несправядліва. Яны ўжо думаюць КПК, КК, юрыдычнымі тэрмінамі спрабуюць абгрунтаваць свой лёс і сваё чалавечае «я».
У нас пад канец былі вельмі цёплыя адносіны з сакамернікамі. Калі сустракаюць у хаце, чыфір п'юць і праводзяць дакладна гэтаксама. І калі праводзяць, кожны кажа штосьці, як на Дні народзінаў. І тры чалавекі заплакалі. Што я лічу поспехам. Плачце, гэта трэба ўсё… Выціскаць у турме зэка і шукаць чалавека — вось чым там можна і трэба займацца».

Лісты цэнзару

«У мяне не склаліся адносіны з цэнзарамі. Першы месяц наогул не перадавалі лістоў — ні ад мяне, ні мне. За чатыры месяцы ў мяне было 120 лістоў адпраўлена, а дайшлі дзесьці 30. Я канверты «цэнзару СІЗА № 1» адпраўляў — і пусты ліст ці поўны праклёнаў».

Блаславенне сукамернікаў

«Я прасіў блаславення ва ўсіх сваіх сукамернікаў устаць у позу «ківалы», у сэнсе прызнаць віну на судзе і на апошнім слове сказаць, што памылку зрабіў.
Там існуе меркаванне, што калі ты прызнаеш віну на судзе, ты ідзеш дадому ці на «хімію». На такую маральную штуку цябе і штурхаюць, і ад гэтага яшчэ больш агідна. Тым не менш людзі, якія асуджаны на няволю, кажуць: "Думай пра родных, пра сябе". Мне было страшна і вельмі хацелася выбрацца хутчэй, у тым ліку таму, што шмат што змянялася: пачалася вайна, у мяне адносіны з дзяўчынай пачалі рушыцца, лісты я атрымліваў з прабеламі, і мне здавалася, што ў мяне памірае бацька, бар развальваецца. Хацелася як мага хутчэй выбрацца і ўсё гэта спыніць.
Вось Жэня Рубашка віны, натуральна, не прызнаваў. Мы з ім шмат пра гэта размаўлялі: можна ў гэтым убачыць гульню, у якой ты прайграў, апынуўшыся за кратамі, а можна ўбачыць гэта як асабістую барацьбу. Я быў не гатовы. І адвакатка мяне ў гэтым «файна» падтрымлівала ў дрэнным сэнсе. З яе боку не было гаворкі пра нейкую абарону.
Пракурор запатрабаваў тры гады «хіміі» з накіраваннем, і так, нават пасля маёй агіднай «ківальскай» прамовы нічога не змянілася.
Дарэчы, я знаходзіўся на прафілактычным уліку як «схільны да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці», з прычыны чаго ад моманту, як я трапляў у зону адказнасці канваіраў, я мусіў знаходзіцца ўвесь час у кайданках: калі чакаў у «стакане», ехаў на суд, падчас судовага пасяджэння. Толькі на тэрыторыі СІЗА гэтыя кайданкі з цябе здымаюць».

Сувязь з Беларуссю

«Я быў засмучаны, што давялося з'ехаць праз тры дні пасля таго, як выйшаў — у мяне было вельмі шмат планаў. Сувязяў з Беларуссю вельмі шмат, у тым ліку таму. што я працую ў беларускім бары. Размовы пра Беларусь я чую значна часцей, чым хачу. Бо галавой ты ўвесь час там. Нават польскія нумары не запісваеш у тэлефоне — я ж вярнуся. Пакуль што самота на кончыках пальцаў, а не нейкая ўсвядомленая.
Больш за год прайшло з моманту, калі мяне затрымалі. Я як быццам дагэтуль лінію не падвёў: усё, турма скончылася. Я не назаву гэта ўсё досведам, па-шаламаўску. Гэта ўсё дрэнь поўная, да якой датыкацца не трэба. Гэта гісторыя брытвай зразала шмат людзей, думак. Шмат дзярма раскапаў у сабе. Але навучыўся злавацца. Як выявілася, пакуль ты на штосьці не ўплываеш, нічога не змяняецца. І тут трэба быць больш узлаваным.
Я спрабую цяпер не забываць, што я сабе падабацца павінен: рабіць так, як лічу правільным. Каб гэта не ішло з чагосьці надуманага — рэлігіі ці палітычных перакананняў. Не забываць, дзе ты ў гэтых усіх арыенцірах».