Хронікі рэпрэсій. Праваабаронца Наста Лойка не выйшла на волю, журналіст Дзяніс Івашын усё яшчэ ў карцары

У Беларусі з’явілася яшчэ чатыры палітвязні. Гэта Міхаіл Зубкоў, Павел Лінкевіч, Захар Таразевіч, Антон Лысаў. Цяпер у спісах праваабаронцаў «Вясны» 1425 палітычных зняволеных, але насамрэч іх нашмат больш. З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі звесткі пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі за 12 лістапада.

_drot___kaljuczka___heta___njavolja__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

Палітзняволеная Валерыя Чарнаморцава ў лісце з Валадаркі напісала: «Досвед непрыемны, але надта цікавы».

Праваслаўная хрысціянка, даследчыца і экскурсавод Валерыя Чарнаморцава была затрыманая 18 кастрычніка. Яе вінавацяць ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе (арт. 342 КК). Днямі яна даслала вестачку з-за кратаў і напісала: «У мяне ўсё больш-менш нармальна, троху захварэўшы, але трымаюся. У добрай кампаніі побыт паступова наладжваецца. Досвед непрыемны, але надта цікавы. Напэўна, калі ўсё вытрымаю, па выніках не пашкадую, што прайшла гэты шлях, асабліва ўлічваючы мой папярэдні досвед збору ўспамінаў вуснай гісторыі. Тут, у Пішчалаўскім замку, у розныя часы перабывалі розныя вядомыя людзі. Напрыклад, цэлых тры гады тут правёў Якуб Колас, чый юбілей акурат адзначаем зараз. Ну і цяпер такіх даволі шмат тут. Так што ганарова».

* * *

Палітзняволены «хімік» Вячаслаў Смірноў адбыў 10-сутачны арышт за «дробнае хуліганства». Яго затрымалі ў мінскай ПУАТ-55 падчас масавай «зачысткі» супрацоўнікі ГУБАЗіКу і АМАПу. Сілавікам не спадабаўся сам факт наяўнасці ў тэлефоне тэлеграма, пры гэтым яны не знайшлі ні «экстрэмісцкіх» каналаў, ні рэпостаў. Таму пратакол склалі па арт. 19.1 КаАП («Дробнае хуліганства»). Нібыта Вячаслаў Смірноў «паводзіў сябе агрэсіўна і задзірліва, нецэнзурна лаяўся, размахваў рукамі, а на заўвагі не рэагаваў». Суд арыштаваў палітвязня на 10 сутак. Арышт ён адбываў у ІЧУ на Акрэсціна.

Нагадаем, Вячаслава асудзілі да 2 гадоў «хіміі» паводле абвіначання ў абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК).

* * *

Палітзняволенага журналіста «Новага Часу» Дзяніса Івашына не вызвалілі з карцара.

Журналіста-палітвязня ў пазамінулую пятніцу змясцілі ў карцар на 7 сутак за чарговае «парушэнне правілаў унутранага распарадку», праз тыдзень з яго ўсё ж не выпусцілі. Імаверна, яму прызначылі дадатковыя «суткі».

* * *

Палітзняволенага Сяргея Сацука этапавалі ў магілёўскую турму. Мінскі гарадскі суд прысудзіў журналісту-расследавальніку 8 гадоў калоніі і 500 базавых велічынь штрафу. Яго абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 430 («Атрыманне хабару»), ч. 2 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»), ч. 2 арт. 426 («Перавышэнне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў»).

* * *

Асудзілі Аляксандра Самаля, які абразіў у «Аднакласніках» былога кіраўніка ГУБАЗіКа Мікалая Карпянкова.

У судзе Маладзечанскага раёна вынесены прысуд мясцоваму жыхару Аляксандру Самалю, абвінавачанаму ў абразе прадстаўніка ўлады — на той час начальніка ГУБАЗіК МУС Беларусі Мікалая Карпянкова (арт. 369 КК).

Згодна з матэрыяламі абвінавачання, Аляксандр, «маючы намер на публічную абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, пасля прагляду публікацыі пра Мікалая Карпянкова наўмысна размясціў абразлівы каментар, які мае прыніжальную і непрыстойную форму маўленчага выказвання».

Суддзя Дзяніс Барэйка прызначаў Самалю абмежаванне волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на адзін год і шэсць месяцаў. Таксама суд прызнаў права аб спагнанні на карысць Карпянкова матэрыяльную кампенсацыю ў памеры 1000 рублёў.

* * *

Сям’я палітвязня просіць пра дапамогу.

Палітвязня Дзяніса Сальмановіча асудзілі да 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Сілавікі называлі яго «галоўным візуальным рэдактарам» ролікаў «Кібер-партызан» і «Супраціву». Таксама Сальмановічу прысудзілі штраф у памеры 6400 рублёў.

Пасля затрымання яго маці і бацька былі вымушаныя з'ехаць з краіны — 62-гадовы бацька Дзяніса мае праблемы са здароўем пасля інсульту, таму працу знайсці пакуль не можа.

Сям’я Дзяніса папрасіла ў беларусаў пра дапамогу: «На жаль, пасля выраку суда да нашага складанага фінансавага становішча дадаўся штраф 6400 рублёў і пазоў на 33 000 рублёў. Ён яшчэ будзе разглядацца і, магчыма, атрымаецца яго паменшыць. Вымушаныя звярнуцца па дапамогу. Будзем удзячная ўсім добрым людзям».

* * *

Разам з музыкамі Tor Band быў затрыманы фатограф Андрэй Салаў, які здымаў іх кліп, паведамляюць праваабаронцы. Як высветліліся, ён быў затрыманы яшчэ 28 кастрычніка разам з музыкамі Tor Band. Андрэй Салаў здымаў для гурта кліпы. Адзінае, што вядома — ён арыштаваны акурат «за тое, што здымаў кліпы».

* * *

Праваабаронца Наста Лойка не выйшла на волю пасля 15 сутак арышту. І інфармацыі пра яе месцазнаходжанне пакуль няма.

Насту затрымалі 28 кастрычніка. У той жа дзень на праўладных тэлеграм-каналах з'явілася «палоннае відэа», на якім яна «прызнавалася» ў тым, што нібыта «атрымоўвала фінансаванне ад замежных арганізацый». Пазней Насце Лойцы прысудзілі 15 сутак арышту за «дробнае хуліганства» (арт. 19.1 КаАП).