Валерыя Чарнаморцава з-за кратаў: Калі ўсё вытрымаю, то не пашкадую, што прайшла гэты шлях

Палітзняволеная Валерыя Чарнаморцава ў лісце з-за кратаў распавяла пра свой побыт на Валадарцы і падзялілася думкамі наконт зняволення.

photo_2022_11_11_21_43_57.jpg

«У мяне ўсё больш-менш нармальна, троху захварэўшы, але трымаюся. У добрай кампаніі побыт паступова наладжваецца. Досвед непрыемны, але надта цікавы. Напэўна, калі ўсё вытрымаю, па выніках не пашкадую, што прайшла гэты шлях, асабліва ўлічваючы мой папярэдні досвед збору ўспамінаў вуснай гісторыі.

Тут, у Пішчалаўскім замку, у розныя часы перабывалі розныя вядомыя людзі. Напрылад, цэлых тры гады тут правёў Якуб Колас, чый юбілей акурат адзначаем зараз. Ну і цяпер такіх даволі тут. Так што ганарова», — цытуе Валерыю «В*сна».

Валерыя Чарнаморцава — грамадская дзяячка, даследчыца, экскурсаводка. Яе затрымалі 18 кастрычніка пасля ператрусу ў кватэры. Яе вінавацяць ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе (арт. 342 КК).

Нагадаем, у Беларусі зараз 1425 палітвязняў, паводле праваабаронцаў.

Якуб Колас патрапіў у Пішчалаўскі замак за часамі Расійскай імперыі. За ўдзел у арганізацыі нелегальнага настаўніцкага з'езду 1906 года яму прысудзілі тры гады зняволення, якое пісьменннік адбываў у 1908-1911 гадах.