Хронікі рэпрэсій. Масава затрымліваюць тых, хто вярнуўся ў краіну. За пошук адваката затрымліваюць таксама

З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі звесткі пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі за 11 лістапада.

_kaljuczka___drot___njavolja___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo_2.jpg


«Рэйкавы партызан», якому пры затрыманні прастрэлілі калені, дагэтуль не можа нармальна хадзіць. Пра гэта Віталь Мельнік напісаў у лісце на свабоду, паведамляюць праваабаронцы.

«Я патроху папраўляюся, але без мыліц шмат не прайсці — мышцы на правай назе не аднавіліся. Як я зразумеў ад лекараў, яны плануюць мяне пасля суда адправіць на аперацыю. У астатнім, думаю і спадзяюся, усё будзе добра», — піша Мельнік.

* * *

10 лістапада сілавікі затрымалі ўраджэнца Магілёўскага раёна Рамана Бараноўскага, які ў 2020 годзе ўваходзіў у ініцыятыўную групу па зборы подпісаў у падтрымку Ціханоўскай. Вядома, што дома ў яго прайшоў ператрус, пасля якога кватэра была фактычна разгромленая.

Апошнія два гады Бараноўскі працаваў у Польшчы і Нідэрландах. Дадому ён вярнуўся ў кастрычніку гэтага года.

* * *

9 лістапада Санкт-Пецярбургскі гарадскі суд задаволіў хадайніцтва беларускага боку аб экстрадыцыі 43-гадовага жыхара Оршы Андрэя Рускіх. Яго затрымалі 28 траўня ў Санкт-Пецярбургу — ён утрымліваецца ў расійскім СІЗА ўжо пяць з паловай месяцаў.

Мужчыну шукалі ў студзені гэтага года за выказванні ў адрас вайскоўцаў і Лукашэнкі, якія былі кваліфікаваныя як «распальванне сацыяльнай варожасці» (арт. 130 КК) і «абразу Лукашэнкі» (арт. 368 КК). «Рэспубліка Беларусь гарантавала, што Рускіх будуць прадастаўлены ўсе магчымасці для абароны, уключаючы дапамогу адвакатаў, ён не будзе падвяргацца катаванням, жорсткаму, бесчалавечнаму, зневажальнаму годнасць абыходжанню і пакаранню», — гаворыцца ў абгрунтаванні расійскага суда.

* * *

У той жа час у Чачэрску затрыманы Сяргей Рудзянкоў, які нядаўна вярнуўся з Польшчы. Беларуса затрымалі за «дэструктыўныя» падпіскі і за пошук адваката для абскарджання судовых рашэнняў за ўдзел у «несанкцыянаваных» масавых мерапрыемствах. Пра гэта ён сказаў у «пакаянным відэа».

* * *

Палітвязень Віталь Чычмараў быў асуджаны судом Заводскага раёна Мінска паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) КК. Справу разглядала суддзя Жанна Хвайніцкая. Мужчыну адпусцілі ў залі суда, бо тэрмін ён адседзеў у СІЗА.

Віталь — пастар баптысцкай царквы «Святло Надзеі», былы інжынер завода імя Казлова. Сябра незалежнага прафсаюза металістаў. У 2020 годзе быў актыўным удзельнікам прафсаюзнага руху.

* * *

Мінскі гарадскі суд разгледзеў справу палітзняволенай Анастасіі Кухты, грамадскай актывісткі з Мінска. Суддзя Валянціна Зянкевіч абвясціла прысуд: пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Дзяўчыну прызналі вінаватай па трох артыкулах: «народным» за парушэнне грамадскага парадку, за заклікі да санкцый і за стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім.

* * *

Актывіст Генадзь Бердзенеў, затрыманы 10 лістапада ў Полацку, арыштаваны на 30 сутак. Ён нядаўна вярнуўся з Польшчы, дзе працаваў апошнія тры месяцы, і збіраўся вярнуцца зноў у бліжэйшыя дні.

На мужчыну было складзена адразу два пратаколы: за несанкцыянаванае пікетаванне і распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Каля пяці гадоў таму Генадзь быў адным з ініцыятараў стварэння першаснай арганізацыі свабоднага прафсаюзу сярод прыватнікаў Полацкага рынку.

* * *

Вольгу Брыцікаву арыштавалі зноў — за карціну «не вайне», за якую яна ўжо адседзела «суткі». Суддзя Зінаіда Балаболава на гэта ўвагу не звярнула. Вольга Брыцікава, старшыня незалежнага прафсаюза «Нафтан» з 8 лістапада абвясціла галадоўку.

Прычына такога ўчынку звязаная з парушэннем яе правоў, а таксама з адмовай супрацоўнікаў ІЧУ прымаць для яе перадачы ад сваякоў. Самі супрацоўнікі матывуюць сваю адмову палітычным артыкулам абвінавачвання.

Брыцікаву затрымалі 1 лістапада. Яе асудзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» на 15 сутак. Увесну яна адседзела 75 сутак. Яе пяць разоў запар арыштоўвалі на 15 сутак па артыкуле 24.23.

* * *

У праўладным тэлеграм-канале з'явілася паведамленне аб затрыманні чатырох супрацоўнікаў мінскай станцыі тэхабслугоўвання «Саня дапаможа». У 2020 годзе там прапаноўвалі пацярпелым ад рэпрэсій бясплатны рамонт машын. Былі затрыманыя чацвёра супрацоўнікаў станцыі. Трое з іх — уладальнік і яшчэ двое работнікаў-абвінавачваюцца ў «экстрэмізме», супраць іх распачатыя крымінальныя справы.

* * *

Краязнаўцу Ігара Хмару прысудзілі да двух з паловай гадоў «хатняй хіміі» за актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Яго вызвалілі ў зале суда — тэрмін ён адбыў у СІЗА.

* * *

Абвінавачанаму за «напад» на Азаронка Дзмітрыю Сасноўскамубудзе прад'яўленае новае абвінавачванне. Падчас пасяджэння 11 лістапада дзяржаўны абвінаваўца хадайнічаў пра перапынак у працэсе «ў сувязі з неабходнасцю прад'яўлення Зміцеру Сасноўскаму новага абвінавачвання, якое пагаршае ягонае становішча». У судовым пасяджэнні абвешчаны перапынак.

Справу «Атрадаў гр*мадзянскай самаабароны» Мінскі абласны суд пачаў разглядаць 19 кастрычніка. Па ёй праходзяць пяць чалавек: Наталля Матвеева, Вадзім Гулевіч, Кірыл Ашурак, Аляксей Глотаў, Дзмітрый Сасноўскі.

У судзе Сасноўскі распавёў, што сілавікі самі ўцягнулі яго ў злачынства, а затым катавалі дзеля прызнання. 

* * *

Справу Дануты Пярэдні, прысуджанай да 6,5 года калоніі за антываенны допіс, будуць разглядаць па новай. Аказалася, што суд Кіраўскага раёна не меў права разглядаць яе справу, паколькі яна была не ў яго юрысдыкцыі, паведамляюць праваабаронцы.

Дзяўчыну абвінавацілі ў тым, што 27 лютага яна перапосціла ў адзін з магілёўскіх чатаў тэкст, у якім у рэзкай форме крытыкаваліся дзеянні Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі па развязванні вайны ва Украіне.

10 чэрвеня Камітэт дзяржаўнай бяспекі ўнёс Дануту Пярэдню ў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці». Пярэдня была студэнткай-выдатніцай і мела толькі станоўчыя характарыстыкі ад педагогаў.