«Напад» на Азаронка перакваліфікаваны ў «акт тэрарызму».
Дзмітрыю Сасноўскаму перакваліфікавалі абвінавачванне з «падрыхтоўкі на акт тэрарызму» на «акт тэрарызму». Гэта тычыцца нібыта нападу на беларускага прапагандыста Рыгора Азаронка.
Сёння раптоўна ў судзе быў абвешчаны перапынак, каб пракурор падрыхтаваў новае абвінавачванне адзінаму фігуранту, які не прызнаў віну па справе, — Дзмітрыю Сасноўскаму. У выніку яму перакваліфікавалі «падрыхтоўку на акт тэрарызму» на «акт тэрарызму», паведамляюць праваабаронцы.
Нагадаем, Мінскі абласны суд 11 лістапада працягвае разгляд справы «Атрадаў грамадзянскай самаабароны Беларусі», па якой праходзяць адразу пяць чалавек — Дзмітрый Сасноўскі, Аляксей Глотаў, Наталля Мацвеева, Вадзім Гулевіч, Кірыл Ашурак. Агулам іх судзяць па дзесяці артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку, за тэрарызм.
Ім інкрымінуюцца тры эпізоды – спроба падрыву вузла сувязі Вайскова-марскога флоту Расіі ў Вілейцы, замах на прапагандыста Рыгора Азаронка і спроба знішчыць лесанарыхтоўчую тэхніку ў лясгасах.
Справу разглядае сумнавядомы суддзя Сяргей Епіхаў.
Сёння мусілі адбыцца спрэчкі бакоў. У суд быў раптоўна выкліканы інжынер расійскай вайсковай часткі «Вілейка». Пракурор у самым пачатку спытаў, ці складае дзяржаўную тайну інфармацыя аб вайсковай частцы, на што інжынер адказаў, што часткова з'яўляецца. Пасля гэтага працэс часова закрылі – інжынера дапыталі ў закрытым рэжыме ў якасці грамадзянскага істца. Закрытае судовае пасяджэнне доўжылася не больш за 10 хвілін, пасля чаго суд адкрылі, а пракурор заявіў, што будзе прад'яўляць новае абвінавачванне аднаму з абвінавачаных – Дзмітрыю Сасноўскаму. Ён папрасіў у суда невялікі перапынак, каб напісаць новае абвінавачванне, адзначыўшы, што на гэта яму будзе дастаткова 40 хвілін.
Па першапачатковай версіі абвінавачвання Дзмітрыю Сасноўскаму ставіцца ў віну ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім), ч. 2 арт. 290-4 (удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі), ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 359 (падтрыхтоўка да акта тэрарызму ў адносінах да дзяржаўнага або грамадскага дзеяча), ч. 6 арт. 16, ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 295, ч. 1 арт. 14 і ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцыяў), ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Як піша Sputnik, пракурор больш за гадзіну зачытваў новае абвінавачванне. Артыкулы ў Сасноўскага засталіся тыя ж, але адзін з іх перакваліфікаваны з «падрыхтоўкі тэракту» на «тэракт». Гэтая артыкул абвінавачвання тычыцца беларускага прапагандыста Рыгора Азаронка.
Сасноўскі віну, як і раней, не прызнаў і папрасіў выклікаць у суд пацярпелага журналіста. У судзе абвешчаны перапынак да 22 лістапада.
Нагадаем, падчас дачы паказанняў Сасноўскі казаў, што ў злачынства ў дачыненні да Азаронка яго ўцягнулі падчас следчага эксперыменту. Ён таксама заявіў суду, што пасля затрымання каля дома Азаронка да яго «ўжывалі гвалт і катаванні, прымусілі напісаць чыстасардэчнае прызнанне». На першым пасяджэнні, калі суд высвятляў яго асобу, ён заявіў, што хоча адмовіцца ад грамадзянства Беларусі, таму што «не мае дачынення да тэрарызму».
У справе 15 тамоў. Следства праводзіў Камітэт дзяржаўнай бяспекі. Абвінавачаным пагражаюць вялікія тэрміны зняволення. Усе фігуранты ўтрымліваюцца ў СІЗА КДБ.
Падтрымаць тэлеграмамі, лістамі і пасылкамі іх можна па адрасе:
220050, г. Мінск, Галоўпаштамт, абаненцкая скрыня 8
Наталля Сяргееўна Мацвеева,
Дзмітрый Уладзіміравіч Сасноўскі,
Кірыл Раманавіч Ашурак,
Аляксей Уладзіміравіч Глотаў,
Вадзім Мікалаевіч Гулевіч