Распачаўся суд па ліквідацыі фірмы Мікалая Аўтуховіча

У Эканамічным судзе Гродзенскай вобласці 11 лістапада распачаўся працэс аб ліквідацыі прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «Ніка-таксі», стваральнікам якога з'яўляецца палітвязень Мікалай Аўтуховіч.

5ec951a6d6879.jpg


Ліцэнзія на перавозку ў Аўтуховіча была з 2002 года. У 2015 годзе супрацоўнікі фірмы пратэставалі супраць намеру мясцовай транспартнай інспекцыі штрафаваць кіроўцаў за перапрацоўку. Яны заявілі, што нават гатовыя распачаць страйк.
У 2016 годзе фірму хацелі пазбавіць ліцэнзіі, аднак яе зноўку зарэгістраваў Ваўкавыскі райвыканкам, піша @nebovkletku.
Нагадаем, Мікалая Аўтуховіча і іншых фігурантаў справы затрымалі яшчэ ў снежні 2020 года. Улады абвясцілі Аўтуховіча арганізатарам і кіраўніком «тэрарыстычнай групоўкі», якая дзейнічала на тэрыторыі Гродзенскай вобласці і нібыта падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў міліцыі.
Абвінавачванне сцвярджала, што Аўтуховіч рыхтаваў тэракты і збіраў звесткі аб сілавіках па ўказанні ўкраінскіх спецслужбаў. Акрамя гэтага, «група Аўтуховіча» па ўказанні ўкраінскіх спецслужбаў нібыта рыхтавалася захапіць расійскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі для катаванняў і перадачы атрыманых ад іх звестак.
Суд па «справе Аўтуховіча» распачаўся 18 траўня. Усіх фігурантаў справы ўключылі ў «тэрарыстычны спіс» КДБ.
17 кастрычніка суддзя Максім Філатаў прысудзіў фігурантам «справы Аўтуховіча» агулам 197 гадоў і 7 месяцаў калоніі і амаль 100 тысяч долараў штрафаў, падлічылі праваабаронцы.
Мікалаю Аўтуховічу, якога абвінавачвалі па 12 артыкулах, у ліку якіх «здрада Радзіме» і «акт тэрарызму» — 25 гадоў і штраф у тысячу базавых велічынь (32 000 рублёў). Першыя пяць гадоў ён будзе знаходзіцца ў турме, астатні тэрмін — у калоніі. Таксама рашэннем суда Мікалай Аўтуховіч пазбаўлены звання старшага прапаршчыка ў адстаўцы.

Ціск на Мікалая Аўтуховіча працягваецца. Да яго ўжо два месяцы не прыходзяць супрацоўнікі, у якіх ён можа зрабіць замову прадуктаў у турэмнай краме. Мікалай у лістах просіць дасылаць яму замест фруктовых пюрэ — садавіну (цяпер прымаюць толькі яблыкі, грушы, лімоны, апельсіны, мандарыны). Таксама можна класці пустыя канверты, маркі, налепкі, асадкі і паперу.
Днямі стала вядома, што Мікалая Аўтуховіча змясцілі ў карцар на 7 сутак. Прычыны спагнання невядомыя.
Адрас для падтрымкі: Турма №1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1.