Хронікі рэпрэсій. Студэнтку-«тэрарыстку» будуць судзіць нанова, жыхарцы Мазыра інкрымінуюць слова «мусора»
З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі звесткі пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі за 10 лістапада.
У судзе Жабінкаўскага раёна асудзілі Наталлю Ляцко за рэпост
допіса з асабістымі дадзенымі сілавіка паводле арт. 188 (паклёп) і ч. 3 арт.
203-1 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і
персанальных дадзеных) КК.
Наталлю абвінавацілі ў тым, што яна зрабіла рэпост на сваёй
старонцы публікацыі з асабістымі дадзенымі супрацоўніка органаў унутраных
спраў. Таксама жанчына апублікавала фотаздымак сілавіка з уласным каментаром аб
здзейсненых ім злачынствах. Суд вырашыў, што інфармацыя ў каментары «свядома
ілжывая» і дыскрэдытуе супрацоўніка ў вачах грамадства.
Суддзя Віктар Новік прысудзіў жанчыне 1 год пазбаўлення волі
ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф 50 базавых велічыняў (1600
рублёў). Таксама ў межах грамадзянскага пазова з Наталлі спагналі 1000 рублёў
маральнай шкоды на карысць сілавіка.
У судзе Слонімскага раёна 10 лістапада на паўтара года калоніі асудзілі Дзяніса
Воўчака паводле ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і ч. 3 арт. 203-1 (незаконныя
дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных)
КК. Справу разглядаў суддзя Аляксандр Ярмолік.
2 жніўня ў праўлядных тэлеграм-каналах з’явілася
«пакаяльнае» відэа, у якім Дзяніса абвінавачвалі ва ўдзеле ў пратэстных акцыях
у Мінску, а таксама ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў і абразе Лукашэнкі.
Суд Партызанскага раёна Мінска вынес прысуд жыхару
Смалявіцкага раёна Максіму Дзіваку, абвінаваціўшы яго ва ўдзеле ў маршы
пратэсту ў верасні 2020 года ў Мінску. Справу разглядаў суддзя Міхаіл
Макарэвіч.
Па матэрыялах абвінавачання, Максім у адзін з вераснёўскіх
дзён прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі
парадак, чым, на думку следства, здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч.1 арт.
342 КК.
Падчас ператрусу дома ў Дзівака канфіскаваныя пратэсныя
ўлёткі з выявай сцяга бел-чырвона-белага колеру, каляндар з надпісам «Пагоня»,
2 фрагменты палатна бел-чырвона-белага колеру.
У выніку мужчыне прысудзілі тры гады «хатняй хіміі».
У Магілёўскім абласным судзе 21 лістапада ў парадку першай
інстанцыі будзе разгледжана справа супраць 20-гадовай палітзняволенай студэнткі Дануты Перадні
па тых жа артыкулах
Крымінальнага кодэкса (ч. 3 арт. 361, ч. 1 арт. 368), па якіх яе ўжо асудзілі 4
ліпеня ў судзе Кіраўскага раёна да 6,5 гадоў калоніі.
Юрысты «В*сны» адзначаюць, што крымінальная справа супраць
Дануты не была падсудна раённаму суду, таму суд Кіраўскага раёна не мог
разглядаць яе — гэта парушэнне заканадаўства.
Нагадаем, у віну дзяўчыне паставілі тое, што яна 27 лютага перапосціла ў адзін з магілёўскіх чатаў тэкст, у якім у рэзкай форме крытыкаваліся дзеянні Пуціна і Лукашэнкі па развязванні вайны ва Украіне. Таксама там утрымліваўся заклік да вулічных выступленняў і канстатавалася адсутнасць перспектыў у беларускай арміі ў выпадку яе прамога ўступлення ў вайну. Дануту пазней унеслі ў «тэрарыстычны» спіс.
Дзяржабвінаваўца запрасіў для краязнаўцы і журналіста Ігара Хмары 2,5 года «хатняй
хіміі», паведамляе «М*дыязона».
Хлопца затрымалі 2 жніўня, калі
ён праводзіў экскурсію па Мінску. Ад чалавека, які быў за кратамі разам ў
Ігарам, стала вядома, што затрымалі Хмару за размову на беларускай мове на
вуліцы.
Палітвязня абвінавачваюць паводле арт. 342 КК (актыўны ўдзел
у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Працэс над Ігарам пачаўся ў судзе Маскоўскага раёна
Мінска 10 лістапада. Справу разглядае суддзя Таццяна Пірожнікава.
Затрыманы беларускі сектавед Алег Нагорны — яму пагражаюць крымінальнай справай за антываенныя публікацыі, паведамляе «Н*ша Ніва».
Нагорны — адзін з самых вядомых праваслаўных сектаведаў у
Беларусі. Раней ён рэгулярна выступаў на розных праваслаўных імпрэзах і
форумах.
З пачаткам вайны ва Украіне Нагорны заняў праўкраінскую
пазіцыю, у сваіх публікацыях асуджае ўварванне і крытыкуе тых дзеячаў
праваслаўнай царквы, якія падтрымалі вайну. ГУБАЗіК прапануе праверыць яго
публікацыі на прадмет «распальвання нянавісці да рускіх» і завесці на мужчыну
крымінальную справу.
Сёння ў Полацку быў затрыманы Генадзь Бярдзенеў. Ён нядаўна прыехаў з Польшчы, дзе працаваў апошнія тры
месяцы і збіраўся ў бліжэйшыя дні зноў вярнуцца назад. Суд будзе 11 лістапада па
невядомым адміністрацыйным артыкуле. Каля пяці гадоў таму Генадзь быў адным з ініцыятараў стварэння пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі сярод ІП на Полацкім рынку.
Сілавікі затрымалі пару інстаблогераў — Кацярыну і Сяргея Чарэшку. Калі верыць праўладнаму тэлеграм-каналу, іх прызналі падазраванымі па крымінальнай справе — але па якой, не ўдакладняецца. Мяркуючы па «пакаяльным відэа», да блогераў прыйшлі з-за ўдзелу ў пратэстах.
На праўладных тэлеграм-каналах з'явілася «пакаяльнае» відэа
з жыхаром Магілёва, які нібыта распаўсюджваў экстрэмісцкія матэрыялы, а таксама
даслаў у ЧКБ дадзеныя супрацоўніка міліцыі. Яго асудзілі на 15 сутак.
Раней магілеўскі ГУБАЗіК прымушаў затрыманых спяваць «Дзень Перамогі», таптаць
кепку з «Пагоняй» і спяваць «Любэ», прызнавацца ў падтрымцы Расіі, а таксама затрымліваў людзей у цырульні падчас стрыжкі.
У судзе Мёрскага раёна 10 лістапада ў закрытым рэжыме
распачаўся суд над 69-гадовай былой настаўніцай беларускай мовы і літаратуры з
Мёраў Эмай Сцепулёнак.
Пенсіянерку ўтрымлівалі за кратамі амаль год. У сярэдзіне верасня палітзняволенай змянілі меру стрымання і перавялі на хатні арышт.
Яе затрымалі 29 верасня 2021 года за каментар у сацсетках па
«справе Зельцэра». Эму Антонаўну абвінавачваюць паводле двух артыкулаў
Крымінальнага кодэкса: арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і арт. 369 (абраза
прадстаўніка ўлады). Судовы працэс вядзе суддзя Ірына Яскевіч.
Жанчына не мае ў Беларусі ані сваякоў, ані сяброў, але
неабыякавыя людзі не пакінулі яе сам-насам з рэпрэсіямі, таму ўвесь час
дапамагалі ёй. За час у зняволенні ў яе пагоршылася здароўе і сапсаваўся зрок.
У судзе Фрунзенскага раёна Мінска пачалі разглядаць новую
крымінальную справу супраць гітарыста «Крамбамбулі» і Pomidor/off Уладзіслава
Плюшчава. Тры
месяцы таму, 4 жніўня, палітвязня ўжо асудзілі да двух гадоў калоніі з
канфіскацыяй яго асабістага аўтамабіля, а таксама прызначылі штраф у памеры 6
400 рублёў.
Гэтым разам музыку вінавацяць паводле трох артыкулаў
Крымінальнага кодэкса: арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 188 (паклёп), ч. 3 арт. 203-1 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным
жыцці і персанальных дадзеных). Справу разглядае суддзя Андрэй Млечка
У Мінскім гарадскім судзе распачаўся суд над 20-гадовым
палітзняволеным мастаком і сіратой Андрэем Раптуновічам. Яго судзяць за
намер паехаць ва Украіну і далучыцца да батальёна Каліноўскага (ч.1 арт. 13
арт. 361-3 КК), а таксама за рэгістрацыю ў плане «Перамога» (ч. 3 арт. 361-1
КК). Пад вартай хлопец утрымліваецца ўжо паўгады. Справу разглядае Сяргей
Хрыпач.
Андрэй — мастак, які выкладаў у цэнтры дадатковай адукацыі ў
Мінску. Яго затрымалі 16 траўня — на праўладных тэлеграм-каналах з'явілася
«пакаяльнае» відэа з ім, дзе ён кажа пра ўдзел у акцыях пратэсту і рэгістрацыю
ў плане «Перамога» і боце батальёна.
Гомельскі абласны суд 10 лістапада пачынае разгляд
крымінальнай справы палітзняволенай з Мазыра Крысціны Чаранковай. Дзяўчыну
абвінавачваюць у распальванні іншай сацыяльнай варожасці паводле ч. 1 арт. 130
КК.
У Instagram, які меў амаль 15 тысяч падпісантаў, Крысціна
публікавала фатаграфіі, прысвечаныя субкультурнай модзе, не хавала сваіх
палітычных поглядаў. А пасля нападу Пуціна на Украіну яна выкарыстоўвала свой
акаўнт для выказвання антываенных лозунгаў.
На першым пасяджэнні стала вядома, што дзяўчыну вінавацяць у выкарыстанні ў лексіконе слова «мусора».
«Крысціна вельмі схуднела, трымалася ўпэўнена, з пераменным сумам, але і ўсміхалася пры выглядзе сяброў і блізкіх. Падтрымаць яе прыйшлі шмат людзей, зала была поўнай», — кажуць відавочцы.
Эксперты заявілі, што заклікаў да гвалтоўных дзеянняў у яе пастах няма. Ёсць толькі «негатыўная ацэнка супрацоўнікаў».
Наступнае пасяджэнне пройдзе ў аўторак, 15 лістапада.
У Кастрычніцкім судзе Гродна 7 верасня адбыўся суд па змене
пакарання палітвязню Аляксею Федаркевічу. Паводле рашэння суддзі Вольгі Бекушавай палітвязню змянілі абмежаванне волі з накіраваннем у
ПУАТ на пазбаўленне волі. Але ў якую калонію перавялі Аляксея, пакуль невядома.
Нагадаем, жыхара Салігорска асудзілі
6 ліпеня 2021 года да двух гадоў «хіміі» за абразу начальніка аддзела аховы правапарадку і
прафілактыкі Ленінскага РАУС. У студзені 2021 года мужчыну затрымалі на 72
гадзіны ў межах крымінальнай справы. Адразу пасля вызвалення мужчына захварэў
на ковід у вельмі цяжкай форме — да складанай пнеўманіі. У лякарні ён прабыў з
студзеня па сярэдзіну траўня.
2 чэрвеня яго папярэдзілі, што суд над ім адбудзецца заўтра,
але палітвязень папрасіў выклікаць яго загадзя праз позву. Суддзя замест гэтага
абвясціла абвінавачанага ў вышук. У выніку, мужчына месяц утрымліваўся пад
вартай, хоць сам артыкул не прадугледжвае пазбаўлення волі.
У Гродзенскім абласным судзе працягнулі разгляд крымінальнай
справы супраць старшыні першаснай арганізацыі Беларускага Незалежанага
прафсаюза працаўнікоў ААТ «Гродна Азот» Андрэя Ханевіча. Гэта ўжо трэцяе
пасяджэнне. Абвінавачанне запрасіла для яго 5 гадоў калоніі.
Ханевіча абвінавачваюць паводле арт. 369-1 (дыскрэдытацыя
Рэспублікі Беларусь) і арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці)
КК. Паведамляецца, што мужчыну ставяць у віну размову з
журналістам «Б*лсат», падчас якой Андрэй нібыта «перадаў нейкія звесткі». Тэлефон
Андрэя праслухоўвалі, размовы запісвалі супрацоўнікі спецслужбаў.
Судовае рашэнне вынясуць 16 лістапада.
Сілавікі апублікавалі «пакаяльнае відэа» з 71-гадовым акадэмікам-біёлагам Алегам Давыдзенкам і яго жонкай Наталляй. Як паведамлялася раней, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар біялагічных навук і яго жонка знаходзяцца ў ізалятары на Акрэсціна. На іх заведзеная крымінальная справа — сужэнцаў вінавацяць у «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак, альбо ўдзел у іх» (арт. 342 КК).
Паведамляецца, што затрыманых знайшлі па фотаздымку — яго апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы.