Хронікі рэпрэсій. Скардзіцца ў ААН больш не атрымаецца, затрыманне музыкаў Tor band разам з жонкамі
З дапамогай інфармацыі ад праваабаронцаў і медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед беларусаў за 29 кастрычніка.
Беларусы больш не змогуць падаваць скаргі ў ААН аб парушэннях правоў чалавека. Таму што ўлады дэнансавалі факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Падпісаны Лукашэнкам адпаведны закон апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
У Рагачове затрымалі гурт Tor band. Гэта здарылася 28 кастрычніка ў Рагачове. Затрымалі шасцёра чалавек — удзельнікаў гурта Tor band разам з жонкамі музыкаў. Вядома пра гэта стала сёння.
Затрыманыя знаходзяцца ў жлобінскім ІЧУ — ім прызначылі па 15 сутак арышту. Папярэдне, паводле арт. 19.11 КаАП за падпіску на «экстрэмісцкія» каналы і перасылку паведамленняў з іх.
Актывістку Валерыю Чарнаморцаву перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага.
Валерыю затрымалі 18 кастрычніка пасля ператрусу. Паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманне звязанае з падзеямі 2020 года — меркавана, Валерыя праходзіць па «народным» арт. 342 КК.
6 лістапада Валерыя будзе святкаваць свой дзень народзінаў. Павіншаваць яе можна лістом, тэлеграмай, грашовымі пераводамі, а таксама пасылкамі з рознымі прыемнымі дробязямі.
Два гады «хіміі» вынес суд гродзенцу за ўдзел у Маршы пратэсту, які адбыўся ў 2020 годзе.
Такі прысуд у судзе Кастрычніцкага раёна Гродна вынеслі Юрыю Курчэўскаму. Яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці актыўным ўдзеле ў такіх дзеяннях (ч. 1 арт. 342 КК). Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Кедаль.
У Расіі затрымалі беларускага палітвязня Аляксея Коршуна, які год таму збег з «хіміі».
Аляксей — жыхар Оршы, асуджаны на 2,5 года пазбаўлення волі за каментар ва «Укантакце». Пазней мужчына трапіў у спіс амніставаных — яму замянілі калонію на абмежаванне волі («хімію»). Тэрмін хлопец адбываў у Папраўчай установе адкрытага тыпу №3 у Бярозе, аднак у лістападзе 2021 года збег адтуль. Спачатку, нібыта, — у Смаленск да сваякоў, затым праваабаронцы дапамаглі яму перабрацца ў Белгарад.
Пасля пачатку вайны Аляксей пераехаў у Варонеж, дзе яго затрымала паліцыя 21 чэрвеня. Мужчыну вывезлі ў Беларусь 26 кастрычніка. На радзіме Коршуну пагражае ад 1 да 3 гадоў турмы за ўцёкі.