Хронікі рэпрэсій у Беларусі за 12 ліпеня
Навіны палітычнага пераследу ў Беларусі за 12 ліпеня. Рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю, не спыняюцца ні на дзень.
Зміцер Дашкевіч пераведзены ў СІЗА ў Жодзіна
Пра перавод Змітра ў СІЗА ў Жодзіна паведаміла яго жонка Наста Дашкевіч.
Учора стала вядома, што Змітра не выпусцілі з-за кратаў, а завялі завялі новую крымінальную справу за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі» (арт. 411 КК).
У Беларусі новае "экстрэмісцкае фармаванне" — "Каратели Молодечно"
Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 7 ліпеня. Пазначана, што ў склад «фармавання» таксама ўваходзіць telegram-канал «Каратели и прикорытники Пинска».
Адзначым, што абодва каналы ўжо больш за год не абнаўляліся — ёсць верагоднасць, што сілавікі затрымалі кагосьці з адміністратараў і цяпер вырашылі дадаць каналы ў спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў», як яны рабілі ўжо неаднаразова.
Журналістцы польскага інфармагенцтва РАP забаранілі ўезд у Беларусь на 5 гадоў
Юстына Прус працавала ў краіне з 2016 году. Цягам усяго пэрыяду працы ў Беларусі карэспандэнтка РАР мела акрэдытацыю пры МЗС.
Прус знаходзілася ў Беларусі падчас масавых пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 году, асвятляла міграцыйны крызіс, які пачаўся ў 2021 годзе. Забарону выдаў КДБ, піша @pozirkonline.
У Пружанах мужчыну затрымалі за каментары наўпрост на працы
Мужчыну выводзілі ў кайданках і з мяшком на галаве
У праўладным канале ўчора з'явілася «пакаяльнае відэа» з Яўгенам Пеляхатым. Паводле інфармацыі "Берасцейскай вясны", мужчыну затрымаў ГУБАЗіК яшчэ 1 чэрвеня на працы з прымяненнем «спецсродкаў і фізічнай сілы».
Цяпер мужчына ў СІЗА чакае суда, яго абвінавачваюць паводле арт. 130 КК (распальванне варожасці) і арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі).
ГУБАЗіК пахваліўся тым, як разграміў кватэру Дзяніса Дудзінскага
Сілавікі зламалі мэблю, раскідалі рэчы і засунулі ва ўнітаз нацыянальны і украінскі сцягі.
Палітвязень у адной з калоній не можа ажаніцца праз адміністрацыю ўстановы
Хлопец (імя не называецца ў мэтах бяспекі), які цяпер адбывае тэрмін па "палітычный" крымінальнай справе у адной з папраўчых калоній, некалькі месяцаў не можа пабрацца шлюбам са сваёй дзяўчынай.
У красавіку нявеста запоўніла адпаведную заяву ў ЗАГС па месцы прапіскі, даслала яе ў калонію і чакала, пакуль аформяць другую частку заявы і дашлюць зноў ёй. Заяву палітвязня, якую ён таксама павінен быў даслаць на волю, не прапусціў цэнзар без тлумачэнняў. Тады дзяўчыне ў спецаддзеле сказалі аформіць заяву ў ЗАГС каля калоніі і адправіць ва ўстанову. Але цэнзар зноў не прапусціў — нібыта заявы нельга дасылаць.
Тады ў спецаддзеле выказалі новую версію — заявы на шлюб ёсць у калоніі і зняволенаму трэба яе папрасіць, запоўніць і супрацоўнікі самі яе адправяць. Вязень так і зрабіў напрыканцы траўня, але дзяўчына да гэтага часу не атрмыла дакументы.
У калоніі ёй сказалі, што заяву не могуць даслаць, бо "яна не з'яўляецца блізкім сваяком асуджанага". Пры гэтым блізкія сваякі не могуць пабрацца шлюбам. Родныя хлопца лічаць, што адміністрацыя калоніі адмыслова перашкаджае яму ажаніцца.
На падлеткаў завялі крымінальную справу з-за сцяга
У Мінску падлеткі сарвалі два дзяржаўных сцяга і кінулі на зямлю — распачата крымінальная справа. Затрыманыя — навучэнцы каледжаў 16-17 гадоў.
«Маладыя людзі ўбачылі краму, на фасадзе якой знаходзіўся дзяржаўны сцяг. Падлеткі сарвалі сцяг і кінулі яго на зямлю. Праз некалькі хвілін яны сарвалі сцяг з фасада яшчэ аднаго будынка», — піша СК.
У дачыненні да падлеткаў распачалі крымінальную справу па арт. 370 КК (Здзек з дзяржаўных сімвалаў).