"Пералічваў грошы, каб дапамагчы іншым": Справу Арцёма Лябедзькі хутка перададуць у суд

Улады хочуць зруйнаваць усялякую міласэрнасць і салідарнасць беларусаў, — заявіў Анатоль Лябедзька наконт справы арыштаванага сына, Арцёма Лябедзькі.

anton_ljabedzka.jpg

Палітык Анатоль Лябедзька з’ехаў за мяжу некалькі гадоў таму, але блізкія засталіся ў Беларусі. Па словах былога старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, яго сын Арцём да апошняга часу працаваў у прыватнай фірме і не меў ніякага дачынення да палітыкі. З Беларусі ён з’язджаць не збіраўся.

Пра затрыманне 37-гадовага Арцёма Лябедзькі стала вядома напрыканцы сакавіка гэтага года. Яго змясцілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна на 15 сутак. Затым дадалі яшчэ 15 сутак — за непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі і аказанне ім супраціўлення.

На волю з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў Арцём Лябедзька так і не выйшаў, яго перавялі ў СІЗА на Валадарскага. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем

Адносна не так даўно яму было прад’яўлена афіцыйнае абвінавачванне. Арцёма Лябедзьку абвінавачваюць у фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці паводле арт. 361-2 Крымінальнага кодэксу.

Глядзіце таксама

— Следства па справе сына ўжо завершана, і ў хуткім часе яна будзе перададзена ў суд, — распавёў “Народнай Волі” Анатоль Лябедзька. — Для мяне абсалютна відавочна, што гэта справа — палітычная. Наколькі вядома, большасці тых, каго абвінавачвалі у фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці, давалі магчымасць выплаціць штрафную кампенсацыю. Гэтыя штрафы таксама алагічныя, але людзям прапаноўвалі: калі ты рабіў данат у 50 долараў, то зараз заплаці, скажам, у 20 разоў больш. І на гэтым пераслед спыняўся.

— Вашаму сыну такія прапановы не паступалі?

— Не, і гэта яшчэ раз падкрэслівае палітычны падтэкст справы. Я наогул не бачу ніякага злачынства ў тым, што Арцём пералічваў грошы, каб дапамагчы іншым.

Але я разумею, чаму па гэтым артыкуле прадугледжана даволі жорсткае пакаранне. Улады хочуць зруйнаваць усялякую міласэрнасць і салідарнасць беларусаў. Па вышэйзгаданым артыкуле даюць пры жаданні нават большыя тэрміны, чым лідарам некаторых апазіцыйных партый, ці тым, хто прымаў актыўны ўдзел у вулічных акцыях.

Глядзіце таксама